Блогер, паэт, актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” адбыў самы працяглы тэрмін за кратамі, калі казаць пра адміністрацыйныя пакаранні.
Першы раз Алеся Круткіна пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак 28 студзеня ў Полацку за ўдзел у мінскіх акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі, другі раз — 12 лютага суд Кастрычніцкага раёна Віцебска за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!» на будынку абласной пракуратуры, трэці — Лепельскі райсуд 26 лютага за такую ж налепку на аўтобусным прапынку. Усе пакаранні прызначаныя Алесю Круткіну паводле арт. 23.34 КаАП РБ: нават расклейванне налепак суды кваліфікавалі як парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Сукупны тэрмін арышту Алеся Круткіна аказаўся самым працяглым: большы прысудзілі хіба толькі блогеру Шэраму Кату — Дзмітрыю Казлову. Яму было прысуджана 120 сутак арышту агулам, але за кратамі ў аршанскім ІЧУ ён адбыў толькі 27 сутак.
Праваабаронцы звязваюць такі жорсткі пераслед блогера Круткіна з тым, што ён актыўна распаўсюджваў інфармацыю і рабіў абвесткі ў сацыяльных сетках пра вулічныя акцыі ў падтрымку суверынетэту Беларусі.
Пасля вызваленні з віцебскага ізалятара часовага ўтрымання 12 сакавіка Алесь Круткін распавёў сябрам, што ўмовы ўтрымання былі прымальныя: у камеры ён знаходзіўся пераважна адзін. А яшчэ за 45 сутак зняволення ён напісаў 56 вершаў. Цяпер блогер хоча пазнаёміць з імі чытачоў праз сацыяльныя сеткі, а потым, магчыма, выдаць асобным зборнікам.