• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пракурор патрабуе 10 гадоў турмы для рэдактаркі Валерыі Касцюговай

    Праз месяц пасля пачатку судовага працэсу над палітзняволенымі Валерыяй Касцюговай і Таццянай Кузінай пракурор запатрабаваў па 10 гадоў калоніі кожнай. Канчатковы вердыкт суд абвесціць 13 сакавіка.

    Да разгляду справы журналісткі і паліталагіні Валерыі Касцюговай, а таксама менеджаркі публічнага адміністравання Тацяны Кузінай Мінскі гарадскі суд прыступіў 6 лютага. На працэс прызначана суддзя Дзіна Кучук, вядомая суровымі прысудамі  актывістам ініцыятывы “Страна для жизни” ды фігурантам іншых палітычных спраў.

    Роўна месяц спатрэбілася боку абвінавачання, каб “разабрацца” ў дэталях. Як паведамляюць удзельнікі суда, 6 сакавіка прадстаўнік пракуратуры папрасіў пакараць абедзьвюх дзесяццю гадамі зняволення.

    Да таго яны ўжо больш за за паўтара года правялі ў следчым ізалятары на падставе трох крымінальных артыкулаў за “злачынствы супраць дзяржаўнага ладу”.

    Валерыю Касцюгову затрымалі ў Мінску разам з мужам і бацькам-інвалідам 30 чэрвеня 2021 года супрацоўнікі КДБ. Перад тым у кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі.

    Мужчын пасля допыту адпусцілі, а журналістку выправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Неўзабаве яна апынулася ў СІЗА № 1 Мінска як падазраваная па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 357 КК (змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361–1 КК ( заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).

    Таццяну Кузіну супрацоўнік КДБ затрымалі на суткі раней, у ноч на 29 чэрвеня, у мінскім аэрапорце, калі тая збіралася ляцець у Грузію. Яна сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sym­pa, экспертка даследчага праекта Bipart. Абвінавачванні супраць яе ідэнтычныя тым, што выставілі і Валерыі Касцюговай. 

    Абедзьвюх экспертак праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі.

    Не так даўно за кратамі Валерыя Касцюгова адзначыла 55-гадовы юбілей. Яна не змагла развітацца з бацькам, якога доўгі час даглядала з прычыны яго хваробы і які памёр праз некалькі месяцаў пасля зняволення дачкі.

    Валерыя Касцюгова — заснавальніца сайта экспертнай супольнасці “Наше мнение”, рэдактарка і аўтарка аналітычнага “Беларускага штогодніка”, кіраўніца групы экспертаў маніторынгу “Беларусь у фокусе”.

    Шлях у журналістыку пачынала ў першай палове 1990‑х на беларуска-амерыканскай FM-радыёстанцыі “Бі-Эй”. Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года, адтуль звольнілася.

    Перайшла ў незалежнае грамадска-палітычнае выданне “Белорусская деловая газета”, дзе адказвала за тэму міжнародных зносін. Паралельна пісала аналітычныя тэксты для інтэрнэт-выдання “Наше мнение”, ля вытокаў якога ў 2003 годзе стаяў журналіст Аляксандр Фядута, цяпер гэтаксама палітвязень. Пасля фактычнай ліквідацыі “БДГ” стала спачатку мадэратарам сайта, а затым галоўнай рэдактаркай.

    З 2008 года разам з мужам, аналітыкам Анатолем Панькоўскім, пачала рэдагаваць “Беларускі штогоднік” – збор аглядаў, прысвечанных сітуацыі ў Беларусі. Гэта яшчэ адно дзецішча Аляксандра Фядуты, якое высілкамі новай кіраўніцы атрымала якаснае і змястоўнае пераўвасабленне.

    Таксама яна кіраўніца Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы пры Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў. Яшчэ нядаўна аналітычны досвед Валерыі Касцюговай годна ацэньвалі ў тым ліку ўлады Беларусі, ухваліўшы яе кандыдатуру ў складзе экспертнай рады міжнароднай кансультацыйнай пляцоўкі “Мінскі дыялог”.  

    Яе дачка Настасся Касцюгова — менеджарка стратэгічнай камунікацыі Офіса Святланы Ціханоўскай.

    Чытайце яшчэ:

    “Героі маіх кніг замянілі мне бабуль і дзядуль, якіх я не заспеў”. Гістарычны лёс Руслана Кулевіча

    З паднятым забралам. Год таму не стала вядомага журналіста Аляксандра Тамковіча

    Журналістку Кацярыну Ерусалімскую абакралі ў Грэцыі, пакінуўшы без грошай, дакументаў і квітка на самалёт. Што было далей

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці