• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Смаргонскага былога журналіста пакаралі за «экстрэмізм»

    Былога заснавальніка і галоўнага рэдактара «Новай газеты Смаргоні» Рамуальда Улана вызвалілі пасля трох сутак у ізалятары. Суд пакараў журналіста за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Пра затрыманне Рамуальда Улана проста на працоўным месцы стала вядома ў пятніцу 16 чэрвеня. Тады прычыны візіту сілавікоў не разгалошваліся.

    Сёння ён лаканічна паведаміў пра свой статус у Face­book: «Я ўжо на волі. Падрабязнасці пазней».

    Як удалося высветліць Беларускай асацыяцыі журналістаў, у выніку старшыня суда Смаргонскага раёна Дзмітрый Багдановіч 19 чэрвеня прызначыў былому палітвязню 3 сутак арышту. Улану інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Свой тэрмін ён адбыў яшчэ да суда.

    Не так даўно Рамуальд Улан вызваліўся з папраўчай установы адкрытага тыпу і вярнуўся да выдавецкай дзейнасці.

    Заснавальніка «Новай газеты Смаргоні» затрымалі 26 верасня 2020 года на падставе калектыўнай позвы смаргонскіх міліцыянтаў паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. Той сфатаграфаваў расклееныя ў горадзе налепкі са звесткамі пра сілавікоў, якія ілжэсведчылі на судовых працэсах, і выклаў у гарадской суполцы «Чуткі Смаргоняў» сацсеткі «ВКонтакте». Гэтыя дзеянні ў далейшым прыраўнялі да «паклёпу». 

    5 студзеня 2021 года суддзя Смаргонскага раённага суда Сяргей Боландзь агучыў вырак — 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, абвінавачаны мусіў сплаціць пацярпелым за «маральныя пакуты»: чатыром міліцыянерам па 300 рублёў, тром — па 500, а таксама 600 рублёў дзяржпошліны.

    Спробы адваката абскардзіць прысуд на абласным узроўні аказаліся марнымі, а 25 сакавіка, каб не ўзнікла спакусы адзначыць Дзень Волі, асуджанаму загадалі прыбыць для адбыцця пакарання ў адпаведную ўстанову № 17 на ўскрайку Гомеля. 

    У сярэдзіне 1990‑х Рамуальд Улан быў сярод першапраходцаў, якія пачалі развіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Заснаваная ім «Новая газета Смаргоні» хутка набрала папулярнасць і ўтрая абышла паводле накладу дзяржаўную раёнку. На хвалі пазнавальнасці яго выбралі ў мясцовы савет народных дэпутатаў.

    Напярэдадні 10-гадовага юбілею газеты медыйны праект задушылі эканамічна, а наваспечанага народнага абранніка пазбавілі паўнамоцтваў. Пасля вымушанай змены спецыялізацыі Рамуальд Улан арганізаваў друкарска-тэхнічны цэнтр: зараджаў картрыджы, раздрукоўваў фотаздымкі, наносіў прынты на майкі і посуд, рэалізоўваў канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай.

    Увосень 2020-га ў офіс з ператрусам заявіліся сілавікі. Тое, што Рамуальд Улан спецыялізаваўся на паслугах друку, стала асноўным абгрунтаваннем яго датычнасці да тыражавання «паклёпніцкіх звестак».​ 

    Чытайце яшчэ:

    «А ці будзе створаны рэсурс накшталт Tut.by?» Што прапагандысты кажуць беларусам на сустрэчах і якія пытанні ім задаюць людзі

    Стукацтва пачынаецца на волі. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча

    Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў заблакавалі ў Расіі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці