• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Выдаваў сябе за акрэдытаванага журналіста» — у Гомелі пакаралі арыштам карэспандэнта «Сильных новостей»

    Суддзя Савецкага раёна Гомеля Андрэй Лагуновіч пастанавіў арыштаваць на 15 сутак супрацоўніка інтэрнэт-партала "Сильные новости" Дзяніса Якштаса.

    На здымку: Пасля суда Дзяніса Якштаса пад аховай вяртаюць у ізалятар часовага ўтрымання

    5 кастрычніка суддзя Лагуновіч, разгледзеўшы справу журналіста, прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці гараджан супраць несумленных выбараў, якое адбылося 27 верасня.

    Дзяніса і яго жонку Ганну Якштас, галоўную рэдактарку «Сильных новостей», міліцыя затрымала 3 кастрычніка. У іх дома правялі ператрус, забралі прыватныя камп’ютарную тэхніку і да суда змясцілі ў ізалятар, нягледзячы на тое, што ў сям’і гадуецца двое непаўнагадовых дзяцей.

    У міліцэйскім пратаколе, складзеным у Савецкім РАУС, гаворыцца наступнае: «Дзяніс Якштас, знаходзячыся каля будынка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці (вул. Савецкая, 36),

    выдаючы сябе за акрэдытаванага журналіста СМІ, незаконна выкарыстоўваючы жылет і бэйдж, які нібыта пацвярджае прыналежнасць да СМІ, парушыў артыкулы 9, 10 Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». 

    Па версіі міліцыі, Дзяніс Якштас прымаў удзел у несанкцыянаваным пратэстным маршы, чым парушыў ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Прычым удзельнічаў, як вынікае з пратакола, маскіруючыся пад акрэдытаванага журналіста.

    Віну Дзяніс Якштас не прызнаў. Патлумачыў, што 27 верасня падчас вулічнага шэсця выконваў абавязкі журналіста: быў абазначаны камізэлькай з надпісам «Прэса», меў пры сабе рэдакцыйны бэйдж, назіраў за падзеямі збоку, рабіў здымкі. “Здымаў сумленна, каб быць неперадузятым, таму не бачу за сабой віны», — зазначыў у судзе журналіст.

    Суддзя Лагуновіч: «Давайце па парадку. Вы сказалі, што выконвалі свае абавязкі. У вас у кантракце ўказана, што вы журналіст?»

    Якштас: «Так, я выконваў абавязкі журналіста».

    Суддзя: «Скажыце, у вас ёсць акрэдытацыя як журналіста?»

    Якштас: «Я пра гэта не ў курсе. Я ведаю, што любы чалавек можа хадзіць і здымаць».

    Суддзя: «Што — любы чалавек можа апрануць камізэльку, бэйдж і хадзіць здымаць?»

    Якштас: «Мне выдалі на працы, і я хадзіў».

    Суддзя: «А хто вам выдаў?»

    Якштас: «Выдаў непасрэдна кіраўнік».

    Суддзя: «Вы ведалі, што адбываецца 27 верасня?»

    Якштас: «Ведаў, акцыя пратэсту».

    Суддзя: «І што, вам ваш кіраўнік сказаў, што вы павінны як журналіст яе асвятляць?»

    Якштас: «Не, я сам вырашыў асвятляць».

    Суддзя: «Вы пыталіся ў кіраўніка, ці маеце права асвятляць акцыі ад імя журналіста?»

    Якштас: «У нас навінавы партал. Зразумела, што калі на вуліцы адбываецца нешта, то трэба асвятляць. Нашаму парталу заказваюць рэкламу, даюць каментары супрацоўнікі МУС».

    Суддзя: «Гэта зразумела. Але калі вы пазіцыянуеце сябе як журналіст, то існуе акрэдытацыя журналістаў (хто такую акрэдытацыю ажыццяўляе для супрацоўнікаў беларускіх СМІ, не згадваў). Яна пацвярджае, што яны могуць займацца журналісцкай дзейнасцю, у тым ліку з адпаведнымі аб’ектамі».

    Якштас: «Ведаеце, я працую журналістам адзін месяц і дзесяць дзён».

    Суддзя: «Вы задавалі сабе пытанне: ці законная гэтая мая дзейнасць, калі я буду хадзіць з бэйджам, у камізэльцы і здымаць?»

    Якштас: «Улічваючы, што я працую ў СМІ, то такога пытання ў мяне не ўзнікала».

    Суддзя: «Вас і абвінавачваюць у тым, што вы выдавалі сябе акрэдытаваным журналістам, хоць на самай справе акрэдытацыі ў вас няма. І вы, па версіі складальнікаў пратакола, не мелі права такім чынам знаходзіцца на акцыі. Значыць, вы сабе такое пытанне не задавалі, кіраўнікам не задавалі, і да вас яны не даводзілі, ці маеце вы права такім чынам дзейнічаць. Вы ведалі, што гэтая акцыя несанкцыянаваная?»

    Якштас: «Не. Я ведаў, што гэта акцыя пратэсту. А санкцыянаваная яна ці не, не ведаў».

    Суддзя: «Значыць, гэта была ваша ініцыятыва паўдзельнічаць у ёй, паздымаць».

    Якштас: «Так».

    Правёўшы такое даследаванне, суддзя Лагуновіч запытаўся ў Дзяніса, адкуль ён даведаўся пра акцыю пратэсту? Той адказаў, што з інтэрнэта. І прасіў суд не караць яго арыштам, паколькі ў сям’і двое непаўнагадовых дзяцей, а іх маці таксама прэвентыўна затрыманая і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама.

    Суддзя: «А з кім цяпер дзеці знаходзяцца?»

    Якштас: «Калі ў доме быў ператрус, прыехалі бабуля з дзядулем. Але дзядуля яшчэ працуе».

    Суддзя Лагуновіч, агучыўшы пісьмовыя дакументы з адміністрацыйнай справы, пастанавіў пакараць Дзяніса Якштаса 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

    Пасля вынясення пастановы дадаў, што суд не ўлічвае для мужчын наяўнасць непаўнагадовых дзяцей. Гэта бярэцца пад увагу толькі пры вынясенні спагнання жанчынам.

    В редакции «Сильных Новостей» прошел обыск. Дополнено

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці