• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Да раку стаўлюся як да яшчэ адной праблемы, якую трэба вырашыць». Гутарка зь вядомай тэлевядоўцай Кацярынай Пытлевай

    Кацярына Пытлева — праграмная дырэктарка і вядоўца youtube-канала Malanka Media. У Беларусі да 2020 году яна працавала вядоўцай на рок-радыёстанцыі і на дзяржаўнай тэлевізіі.

    Звольнілася, бо была нязгодная з гвалтам у краіне і палітыкай дзяржавы. Пасьля перасьледу зьехала зь сям’ёй у Літву. Месяц таму Кацярына даведалася, што ў яе рак.

    Пра эміграцыю і змаганьне з хваробай Кацярына расказала ў вялікай размове са Свабодай.

    — Вы зьехалі зь Беларусі ў лістападзе 2020 году. Чаму выбралі для пераезду менавіта Літву?

    — Літву — таму што яна блізка. Мы хацелі мець магчымасьць хутка вярнуцца дахаты. Наколькі магчыма хутка. І каб у дзядулі з бабуляй была магчымасьць бачыць унукаў. Тым больш мяне запрасілі працаваць у «Маланку», якраз яна стваралася. Мне здаецца, для кожнага чалавека пераезд — гэта велізарны стрэс, зьвязаны з мноствам цяжкасьцяў. Ты проста едзеш у нікуды, табе пад сорак, і ты пачынаеш жыцьцё з нуля ў чужой краіне. Зь дзецьмі — нашым сыну і дачцэ цяпер пяць гадоў — удвая цяжэй. Бо ты адказваеш ня толькі за сябе і маеш вагон і шмат цялежак розных момантаў.

    У Вільню мы прыехалі зь мінімумам рэчаў, у разгар каранавірусу. Тут быў локдаўн. Уладкоўваліся, закрывалі свае патрэбы дзякуючы вялікай падтрымцы беларусаў — з дыяспары і фонду «Разам», з Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава. Яны зрабілі ўсё, каб мы пераехалі з найменшым стрэсам. Дапамаглі нам апэратыўна знайсьці кватэру, дапамагалі ў побытавых рэчах. Нам вельмі пашанцавала, я ўдзячная за дапамогу.

    — Вільня — гэта Беларусь? Ці чужы горад у чужой краіне?

    — Я і да пераезду шмат разоў была ў Вільні. Сюды мы прыяжджалі на выходныя, гэта быў першы замежны горад, дзе пабывалі нашы дзеці. Для мяне Вільня — гэта не Беларусь. Я не шукаю тут Беларусі, бо ведаю, што яна ня тут. Гэта іншая краіна, тут іншыя людзі. Але тут ёсьць свае людзі, беларусы, іх шмат. З аднаго боку, гэта сумна, што столькі людзей зьехала. З другога боку — гэта родныя твары, і гэта паляпшае жыцьцё ў эміграцыі. Тут сябры, блізкія, знаёмыя. Нядаўна ў Вільню пераехалі нашы блізкія сябры. Цяпер мы ўсе разам, толькі ў іншай лякацыі.

    Вільню я люблю. Яна для мяне цёплая, «лямпавая», утульная. Але сумую па Менску, па Беларусі, якую мы ўсю аб’езьдзілі, на нашых мясьцінах, рэчках, азёрах.

    — Як вы даяце рады эмігранцкай дэпрэсіі, тузе па Радзіме?

    — У мяне няма часу на дэпрэсію. Мой галоўны антыдэпрэсант — праца на «Маланцы». У мяне там такія дозы, што не да дэпрэсіі. Я жыву ўвесь час беларускімі падзеямі. Шукаю, што я магу яшчэ зрабіць, як дапамагчы, каб усё зьмянілася, каб мы маглі вярнуцца дахаты, ці каб прасьцей было тым, хто застаецца. Яшчэ адзін антыдэпрэсант — дзеці. Яны ратуюць, бо зь імі шмат задач, але і шмат радасьці. Яны дапамагаюць забыцца на нейкія цяжкасьці.

    У садок дзеці не хадзілі. Бо садок — гэта хваробы. А калі блізьняты ўдваіх хварэюць — удвая цяжэй, жах і паніка. На той момант, тым больш, мы ня мелі мэдычнай страхоўкі. Нашы сын і дачка — гэта «дзеці палку», бо яны з намі часта на працы, на «Маланцы». Тут сьвяткуюць і Новы год, і дні нараджэньня. Наша рэдакцыя — гэта вялікая сям’я.

    — Ці можа рак, які ў вас выявілі, мець сувязь са стрэсам, з падзеямі 2020 году?

    — Рак у мяне выявілі месяц таму. Натуральна, гэта быў шок. Мая маці памерла ад раку ў 37 гадоў. Я пісала шмат пра анкалягічныя захворваньні, я «ў тэме». Думала, што калі і будзе рак, то пазьней, можа, пасьля 50 гадоў. Нягледзячы на генэтычную схільнасьць, думаю, што падзеі 2020 году, пераезд і стрэсы паўплывалі на гэта. У многіх жанчын на фоне стрэсу здараецца рак, асабліва калі гэта жанчыны зь Беларусі, дзе мы апошнія два гады жывём у суцэльным стрэсе. Гляньце, што нават у нашай мэдыяпрасторы я ня першая, хто сутыкнуўся з ракам. Тут, у Вільні, я сустракала і ўкраінак, уцякачак ад вайны. У іх тут ужо, у Літве, дыягнаставалі рак.

    Стрэс уплывае на выпрацоўку гармонаў. Многія «жаночыя» ракі гармоназалежныя.

    — Як вы ацэньваеце ўзровень мэдыцыны ў Літве? Ці ёсьць цяжкасьці з паразуменьнем зь лекарамі, з моўным бар’ерам?

    — Першы лекар, да якога я прыйшла, разумеў расейскую мову. Толькі адказваць ня мог. Часткова размаўляў са мной на ангельскай мове, часткова яго перакладала памочніца. У прынцыпе, мне шанцавала. Трапляліся лекары, якія размаўляюць на расейскай ці на ангельскай. Так што мы паразумеліся. Магу сказаць, што яны прафэсіяналы высокага ўзроўню.

    Беларускія анколягі — таксама прафэсіяналы высокага ўзроўню. Я зь імі сутыкалася ў Беларусі, пісала артыкулы. Але цяпер, пасьля хвалі «чыстак», арыштаў, рэпрэсій у мэдычнай сфэры, я не магу сказаць, ці засталіся там прафэсіяналы, колькі іх засталося. Я кантактую зь беларусамі, якія цяпер лечацца ў Беларусі ад раку — там шмат праблемаў, на жаль. Бываюць і перабоі зь лекамі, і абыякавае стаўленьне з боку лекараў.

    18 ліпеня ў мяне будзе апэрацыя. Потым лекары будуць разглядаць пытаньне пра хіміятэрапію. Адна лекарка мне сказала, што ў маім выпадку гэта найлепшы рак, які мог быць.

    Я не ўпадала ў адчай. Даведалася, падумала, схадзіла да лекараў — і ў бой! Стаўлюся да раку як да яшчэ адной праблемы, якую трэба вырашыць. Кажуць, што ёсьць такія стадыі — адмаўленьне, дэпрэсія, торг, прыняцьце… Стадыю дэпрэсіі я пасьпяхова пераскочыла. У мяне, як казала, няма на яе часу.

    Я знайшла анкалягічнага псыхоляга. Ня столькі для сябе, больш для таго, каб навучыцца, як размаўляць зь дзецьмі пра рак, як гэта пражываць. Бо яны мусяць сутыкацца з гэтым, перажываць гэта. Я больш за іх турбуюся, чым за сябе.

    — У вас ёсьць надзеі, мары на вяртаньне ў Беларусь? І ў якую менавіта Беларусь?

    — Я толькі фізычна ў Літве. Я жыву Беларусьсю. Я не палітоляг, не даю прагнозаў. Але Беларусь будзе дэмакратычнай, вольнай. Невядома калі, але гэта абавязкова будзе. Калі — на гэтае пытаньне не адкажа ніводзін спэцыяліст.

    Я шмат раблю для Беларусі — пішу, здымаю. Але мы робім гэта ўсё ў тым ліку для таго, каб вярнуцца, каб «Маланка» працягвала працу на тэрыторыі Беларусі.

    Мне не хапае нашага Менску, любімых месцаў, Pink Floyd зь любімага музычнага аўтамата ва ўлюбёнай кавярні. Не хапае нашых прастораў. Але я веру ў вяртаньне.

     

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці