• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Дакладна памятаю дзень, калі ўсвядоміў сябе беларусам». Эсэ літаратаркі Паліны Качатковай пра беларускае Адраджэнне і пабудову грамадзянскай супольнасці

    Невыпадкова тэрмін «гражданское общество» перакладаецца на беларускую мову як «грамадзянская супольнасьць», дзе «супольнасць» з'яўляецца аднакарэнным са словам «суполка» — так называлі нефармальныя арганізацыі нацыянальнай скіраванасці ў 1980-я гады.

    1990 год, Мінск, Курасоўшчына, Сяржук Вітушка, кіраўнік моладзевага аб’яднання «Талака» паказвае батлейку. Фотаздымак Уладзіміра Сапагова (1952-–2012)

    «Напэўна, трэба было перахварэць нейкай непрыязнасцю…»

    У 1985-–1986 гадах ствараюцца першыя ў познесавецкі час беларускія нефармальныя моладзевыя суполкі — «Талака» (Менск і Гомель), «Замчышча» (Рагачоў), «Поўня» (Светлагорск), «Повязь» (Орша), «Паходня» (Гародня), «Узгор’е» (Віцебск), «Край» (Берасце), «Рунь» (Ліда), «Маладзік» (Полацк). Як адбывалася эвалюцыя прыярытэтаў арганізацый беларускага моладзевага нацыянальнага руху, матывы іх стварэння і супрацьстаяння сістэме?

    Эмблема «Талакі». Аўтары Генік Лойка і Алесь Костка

    Перад маладымі людзьмі стаяла складаная задача. Фактычна ім даводзілася не толькі прапагандаваць беларускую нацыянальную ідэю ў грамадстве, але і самім зноўку здабываць беларускую ідэнтычнасць.

    Як правіла, гэта былі людзі, якія заканчвалі рускія школы (беларускіх у гарадах да таго часу практычна не засталося), таму мову даводзілася вывучаць самастойна, часам па падручніку «Беларуская мова для небеларусаў». Акрамя таго, даводзілася вызначаць сваё адрозненне ад рускіх.

    Важным складнікам тут сталася рэлігія. Многія з маладых былі без хросту, выхаваныя ў сем’ях камуністаў. Разам з нацыянальнай ідэяй яны набывалі і веру — самастойна хрысціліся пераважна ў каталіцызм (еўрапейская рэлігія), а некаторыя — ва ўніяцтва (праўдзівая беларуская вера). Для таемных хростаў адпраўляліся ў мястэчка Вішнева Валожынскага раёну, дзе беларускамоўны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі здзяйсняў сакрамэнт хросту.

    «Напэўна, трэба было перахварэць нейкай непрыязнасцю да чужога, каб стаць палымяным патрыётам беларускага. Трэба было трошкі раззлавацца… трэба было адрозніць сябе, аддзяліць сябе ад рускага — ад рускай культуры, ад рускай мовы. Нам ніхто такога не навязваў. Мы самі гэта прыдумалі, і нам гэта было патрэбна, каб ўмацавацца ў сваёй веры, у сваёй правільнасці», — распавядаў у 2008 годзе лідар менскай «Талакі» Сяржук Вітушка.

    У нацыянальнага руху быў антыкамуністычны характар. Праект развіцця краіны, які прапаноўвалі моладзевыя суполкі, меў нацыянальную афарбоўку, пры гэтым адной з асноўных задач з’яўлялася дэсаветызацыя грамадства, але ў праграмных дакументах замест слова «дэсаветызацыя» ўжывалася іншае — «дэсталінізацыя».

    У практычным сэнсе менавіта першыя нацыянальна-дэмакратычныя нефармальныя «cуполкі» 1980‑х гадоў заклалі падмурак развіцця грамадзянскай супольнасці Беларусі.

    «Было шмат актыўнасці, пасіянарнасці, станоўчай энергіі»

    «Свядомыя» разглядалі свой удзел у грамадскім жыцці як абавязак, як адзін з інструментаў распаўсюджвання і ўкаранення нацыянальнага элемента ў грамадзянскай супольнасці, — распавядаў літаратар і праваабаронца Алесь Бяляцкі. — Шмат з тых, хто і тады працаваў у нацыянальна-дэмакратычным руху, працягвае сваю працу і цяпер. Нарэшце ў нас з’явілася пераемнасць пакаленняў, бо ранейшыя сувязі былі слабымі і жорстка перарываліся рэпрэсіямі ўладаў.

    Сучаснае грамадзянская супольнасць — гэта ўжо больш высокі ўзровень. Выразна сфармуляваныя базавыя каштоўнасьці — Незалежнасць, дэмакратыя, правы чалавека. Але карані, безумоўна, там — у 70‑х і 80‑х гадах.

    Друя, 29 красавіка 1987 года, старт воднага экалагічнага беларуска-латышскага ралі Дзвіна-Даўгава, супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС. З беларускага боку прымалі ўдзел нефармальныя аб’яднанні «Талака» (мінская і гомельская) і Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя»

    Стратэгічная памылка і ў пэўным сэнсе драматычная памылка палітыкаў — аддзяляць правы чалавека ад дэмакратычных каштоўнасцяў, ад Незалежнасці. Пачынаючы з 80‑х незалежны моладзевы беларускі рух, у які я тады ўваходзіў, заўсёды разглядаў гэтыя пытанні разам. Правы чалавека і Незалежнасць Беларусі, дэмакратыя і рынкавая эканоміка — гэта тыя рэчы, якія ўяўлялі адзінае цэлае. Казаць, што Незалежнасць і Свабода больш важныя, чым правы чалавека, гэта значыць прыпадабняцца старажытным вучоным, якія спрабавалі высветліць, што з’явілася раней: курыца ці яйка. Падобныя спрэчкі бессэнсоўныя. Грамадзянская супольнасць павінна валодаць такой ступенню незалежнасці, якая гарантуе бяспеку асобы ад злоўжыванняў, звязаных з выкарыстаннем ўлады дзяржавы».

    «І былі бясконцыя сустрэчы»

    Разважаць над праблемай пераемнасці я пачала ў лютым 2008 года ў час першаснай апрацоўкі асабістага архіва Сержука Вітушкі — лідара Менскай моладзевай арганізацыі «Талака» (1985—1989). Архіў у дадзены момант знаходзіцца ў Вільні.

    На дыктафон я запісвала ўспаміны Вітушкі, а таксама яго каментары да лістоў, дзённікаў, пратаколаў сходаў.

    Вось фрагмент успамнаў пра час актыўнай дзейнасці «Талакі»:

    «…І былі бясконцыя сустрэчы, нас запрашалі ў навучальныя ўстановы, як правіла, настаўнікі — яны разумелі, што гэта важна, што гэта трэба. І перад вучнямі мы выступалі, і калі-нікалі ўдавалася дастукацца да гэтых слухачоў, і нехта з іх прыходзіў на нашыя святы, на нашыя талокі. Былі тыя, хто прымалі наш дар, а большасць глядзелі на нас, як на артыстаў, якія прыйшлі, штосьці такое расказалі, паказалі і пайшлі.

    Але мы пашыраліся, прыцягвалі новых людзей. Кожны ведаў, што мусіць каго-небудзь прывесці. Я ведаў, што мяне прывёў Сагановіч, а Сагановіч можа сказаць, хто прывёў яго. Так кожны з нас пачуваў сябе абавязаным кагосьці прывесці. Калі ты прывёў аднаго альбо двух чалавек, ты з імі падтрымліваеш адносіны, абменьваешся думкамі, кніжкамі, а прыйшоў момант, што ў «Талаку» пачалі прыходзіць дзясяткамі, і пагаварыць з кожным было проста немагчыма.

    Я памятаю, што лавіў сябе на такім адчуванні, што мяне крышку пачынае раздражняць, што парушылася кола сваіх. Вось з гэтымі мне было прыемна, і фактычна мне гэтага было дастаткова… Калі ў цябе ёсць добры дзясятак сяброў, то гэтага дастаткова чалавеку для існавання. А тут ужо работу трэба было будаваць не толькі на такіх вось сяброўскіх адносінах, а на чыста дзелавых».

    Праз суполкі да супольнасці

    Нефармальныя нацыянальна арыентаваныя арганізацыі 80-ых гадоў заклалі падмурак для фармавання сучасных структур грамадзянскай супольнасці.

    Алесь Бяляцкі пра рух супраціву ў 80-ых:

    «Сітуацыя ў Беларусі, калі ўзяць шырэй, была цікавая, бо гэта 1983 год, год тэрору, калі разграмілі ўвесь дысідэнцкі рух у Расеі. Улады дазвалялі ім дзейнічаць у 1981 годзе, 1982 годзе, а ў 1983‑м усё фактычна было спынена. Частка людзей была выслана з Савецкага Саюза, частка зняволена. Быў разгромлены Украінскі нацыянальны рух. А ў нас тым часам пайшла нейкая хваля. Улады не прасачылі, што гэта ўсё аднаго разліву — «з адной бочкі віно», што разлівалася і ў Украіне, і ў Літве.

    Калі б у 1983‑м правялі шэраг рэпрэсій і ў нас, нават не патрабавалася саджаць шмат людзей. Досыць было проста нейтралізаваць. Набор метадаў быў шырокі — да прыкладу, выгнаць з ВНУ. А на той час пасля гэтага ты не мог знайсці нідзе нармальную працу. Мусіў пераходзіць на становішча качагара — нефармала поўнага.

    Але ў Беларусі рэпрэсій да пэўнага часу не было, і гэта сведчыць пра тое, што мы будавалі працу досыць разумна. Бо схапіць студэнтаў за тое, што яны спяваюць, — гэта не ўваходзіла ні ў якія тагачасныя рамкі. Мы правільна пабудавалі сваю працу, зыходзячы з той сітуацыі, якая была. Не пайшлі на адзіночныя акты — альбо вывешванне сцягоў, альбо вывешванне плакатаў, правядзенне дэманстрацый у Дзень правоў чалавека.

    Асноўную актыўнасць скіравалі на працу ў гэтых паўлегальных арганізацыях. І гэта было вельмі важна, асабліва ў тыя часы, калі адчувалася, што Савецкі Саюз хутка лясне. Нацыянальныя свабоды мы ўспрымалі ў звязку з дэмакратычнымі свабодамі. Мы бачылі незалежную Беларусь, але таксама і дэмакратычныя свабоды — свабоду слова і сходаў, сацыяльную абароненасьць беларускіх грамадзянаў».

    Напрыканцы 80-ых Алесь Бяляцкі (тады аспірант Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР) даследваў творчасць пісьменьнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і зняволеныя. Напрыклад, Францішка Аляхновіча, пісьменніка, які першым распавёў усяму свету праўду пра савецкія канцлагеры ў дакументальнай аповесці «У капцюрох ГПУ» (1934).

    Алесь і сам ведаў, што можа трапіць за краты — за абарону грамадскіх інтарэсаў. Ён усведамляў гэта яшчэ з 1983 года, калі пачаў прымаць удзел у дзейнасці моладзевых суполак, якія ставілі сабе за мэту Незалежнасць Беларусі.

    Літаратуразнаўства і грамадская дзейнасьць у Алеся Бяляцкага былі непарыўна звязаныя і разам складалі сэнс яго жыцця. Пачалося ўсё яшчэ ў Гомельскім універсітэце, дзе Алесь вучыўся.

    Мая мама, Ірына Бязручка, у той час выкладчыца, згадвае:

    «Я добра памятаю Алеся ў 80‑я гады ў калідорах гісторыка-філалагічнага факультэта — юнацкая рамантычная постаць. Ён уразіў мяне сваёй прыгожай беларускай мовай, надзвычайнымі ведамі беларускай гісторыі і літаратуры. Памятаю яго і з вершамі Алеся Разанава, якія ён любіў і папулярызаваў». (з кнігі «Асвечаныя Беларушчынай», Вільня, 2012 год).

    Якой бачылася будучыня?

    Ці ставілі перад сабой маладыя людзі ў сярэдзіне 80-ых палітычныя мэты, што яны думалі пра Незалежнасць Беларусі?

    Сяржук Вітушка:

    «Да пэўнага моманту пра гэта не гаварылася. Найперш — гісторыя. Самі ўлады пісалі артыкульчыкі пра нас, што вось буржуазныя нацыяналісты нечага захацелі. А потым у нас было знаёмства з лёсамі рэпрэсаваных людзей і нейкае шкадаванне, і нейкая пэўная злосць, што пазабіваныя такія людзі.

    Але, калі ўпершыню прагучала слова «Незалежнасць», яно, ясна, напалохала. Мне ўжо цяжка ўзнавіць дакладна дату. Пра палітыку я не думаў. Я адкрыў для сябе Беларусь, я адкрыў для сябе мову, я адкрыў  песьні. І гэтага дастаткова. То быў такі беларускі лад жыцця — ад свята да свята, ад імпрэзы да імпрэзы.

    «Талакоўцы» на Купаллі. Строчыцы. 1987 год

    Ці баяліся мы рэпрэсіяў? Бачыш, у мяне было такое адчуваньне: «Я ж нічога кепскага не раблю!» Унутры сябе я не адчуваў, што нешта кепскае раблю, ці нейкі закон парушыў. Я глядзеў на ўсіх чыноўнікаў ці міліцыянтаў анёльскімі вачыма. І я думаю, гэта іх страшна бянтэжыла.

    Якім я бачыў будучыню Беларусі?  Вяртанне, аднаўленне ўсяго, што забралі ў нас: разбураныя занядбаныя замкі, цэрквы, касцёлы, будынкі — гэта ўсё трэба прыгожанька аднавіць. Музеі трэба пабудаваць, кнігі трэба напісаць. Тады страшэнна радаваліся любой беларускай кнізе . Што яшчэ? Па-беларуску трэба гаварыць паўсюль. І сваім жыццём мы правакавалі, каб людзі задумаліся: а чаму я не гавару па-беларуску”.

    Дзякуючы культурніцкай накіраванасці нацыянальны рух набываў новых прыхільнікаў, бо займацца культурай бяспечней, чым палітыкай.

    «Я павінен размаўляць па-беларуску!»

    У 80-ыя гады вялікі ўплыў на фармаванне беларускай свядомасці мела мастацкая і гістарычная літаратура.

    Сярод гэтых твораў асабліва вылучаліся гістарычныя даследаванні Міколы Ермаловіча.

    У 1984‑м кніга Кастуся Тарасава «Памяць пра легенды» набыла характар ​​сенсацыі — упершыню ў кнізе, выдадзенай дзяржаўным выдавецтвам, гаварылася пра тое, што ў беларусаў і рускіх гісторыя не агульная, а розная, больш за тое, гэта гісторыя войнаў і супрацьстаянняў.

    Асобна варта вылучыць творы Уладзіміра Караткевіча, якія па шматлікіх сведчаннях актывістаў нацыянальнага моладзевага руху паслужылі штуршком, што абудзіў іх любоў і цікавасць да ўсяго беларускага.

    Сяржук Вітушка:

    «У мяне ёсць дакладны дзень і гадзіна, калі я вырашыў, што павінен свядома размаўляць па-беларуску і жыць для Беларусі. Гэта здарылася, калі памёр Уладзімір Караткевіч. Чамусьці ў той дзень нешта на мяне найшло… Я вярнуўся з працы, а працаваў тады на заводзе «Інтэграл», і захацелася мне нешта прачытаць … Узяў кніжку Караткевіча «Ладдзя роспачы» і быў пад моцным  уражаннем. А назаўтра выпадкова сустрэў настаўніцу сваю школьную, і яна раптам агаломшыла: «Ты ведаеш — памёр Караткевіч…» Чаму палічыла, што мне гэта трэба ведаць, што мне гэта важна? Я не паверыў, купіў «Вячэрні Мінск», і там быў некралог, партрэт яго…

    Чамусці мне тады стала зусім ясна, што Караткевіч не проста памёр, што чалавек згарэў у барацьбе за «Беларушчыну». І падумаў: «А што ж я? Як жа мне не сорамна! Я павінен размаўляць па-беларуску! Я павінен паўсюль гаварыць па-беларуску!»

    І ў гэты вечар прыняў такое рашэнне, але рэальна загаварыў па-беларуску праз паўгады. Пачаў чытаць кніжкі вельмі актыўна… Толькі беларускія чытаў. Чытаў з алоўкам у руках, насупраць кожнага слоўца аб якое спатыкаўся, ставіў на палях птушачку. Упісваў сабе ў нататнічак словы, якіх не было яшчэ ў маім лексіконе. Пытаўся пра гэтыя словы ў маці, а яна ўсё ведала!»

    Жывыя і памерлыя

    Нацыянальна-арыентаваная моладзь 1980-ых падкрэслівала сваю еднасць і повязь не толькі з жывымі папярэднікам, але і з памерлымі, якія загінулі, былі рэпрэсаваныя, расстраляныя — аддалі жыццё за Беларушчыну. Так, штогод праводзіўся вечар памяці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. На Усходнія могілкі ў Менску прыходзілі і на 25 сакавіка — у дзень абвяшчэння БНР. Таму ўшанаванне памяці памерлых стала не толькі часткай ідэалогіі, але і адной з формаў актыўнасці. І як следства — першы масавы мітынг у Беларусі адбыўся менавіта ў дзень Ушанавання продкаў «Дзяды», 30 кастрычніка 1988 году.

    Алесь Бяляцкі:

    «Тыя, хто былі перад намі, нарадзіліся ці адразу пасля вайны, ці яшчэ перад вайною, падчас вайны — пакаленне Пазняка. Гэта былі дзеці вайны і яшчэ, можна сказаць, дзеці эпохі сталінскіх рэпрэсій. Гэта моцна адчувалася на тым асяроддзі, у якім яны выхоўваліся.

    За папярэднія дваццаць гадоў шмат што змянілася. Па-першае, выбілі інтэлігенцыю. Падчас вайны забілі габрэяў, а шмат хто з актывістаў, якія з’ехалі ў эвакуацыю, не вярнулiся. Фактычна беларускага гарадскога насельніцтва, як такога, не было. Гэта была сялянская нацыя без усялякіх правадыроў, інтэлігенцыі. Як казалі раней, «этнаграфічны матэрыял», з якога спрабавала Беларусь вырвацца ў 20-ыя гады, а таксама спачатку ў 10-ыя гады мінулага стагоддзя.

    Пасля вайны гэты «этнаграфічны матэрыял» быў найбольш чыстым. Традыцыя русіфікацыі, гэтая «малацілка», якая паспяхова праводзілася праз горад, працягвалася. Было адчуванне мёртвай пустыні, дзе ўсё выпалена, і ўсе магчымыя гістарычныя сувязі перарваныя.

    І гэтыя людзі, вырашыўшы і прыкінуўшы, заняліся адраджэннем беларускай культуры. І правільна рабілі, бо іх пакаленнем закладзены асновы ўсяго, што тычыцца навуковага даследавання на сур’ёзным ўзроўні.

    Яны «кінуліся» ў навуку і правільна зрабілі, таму што гэты навуковы перыяд, як паказвае практыка, пераскочыць вельмі цяжка. Трэба мець тэарэтычнае абгрунтаванне існавання народа, мовы, культуры і гісторыі.

    Гэта ўсё павінна быць, без гэтага вельмі цяжка што-небудзь пабудаваць, усё рассыпаецца, усё не так атрымліваецца».

    Вяртанне ў Беларусь

    Нацыянальна арыентаваная моладзь 80-ых накіроўвалася ў вандроўкі, у аддаленыя ад Менска месцы, каб пагутарыць са сваімі папярэднікамі, многія з якіх у савецкі час пацярпелі за перакананні, былі рэпрэсаваныя, а вярнуўшыся з лагераў актыўнай дзейнасцю не займаліся.

    Адрасы «старых адраджэнцаў» даведваліся ад сваіх непасрэдных папярэднікаў — «пакалення Пазняка». Кожная такая вандроўка не толькі давала новыя веды, але і з’яўлялася займальным падарожжам, мэтай якога было знаёмства з чалавекам-легендай.

    «У кожнай вандроўкі была свая логіка, — распавядаў Сяржук Вітушка. — Ехалі альбо да архітэктурнага помніка, пра які ведалі з кніжак, альбо з расповедаў нейкіх іншых людзей, альбо ехалі да чалавека.

    Напрыклад, дзед Ляпеха — гэта ж унікальны быў чалавек, без вышэйшай адукацыі, просты селянін, які закахаўся ў творчасць Багушэвіча. Быў наглядчыкам ягонага дома, мог цытаваць вершы. І сам увесь час гаварыў па-беларуску, і вёў кнігу, у якой кожны наведвальнік гэтага дома пакідаў свой запіс.

    Ездзілі ў Вільню да Зоські Верас, да Веры Андрэеўны Нежынкоўскай — першай жонкі Браніслава Тарашкевіча. Калі да гэтых людзей прыходзіў малады чалавек гарадскога выгляду і свядома пачынаў пытацца пра Багушэвіча, Багдановіча або Тарашкевіча, значыла — гэта наш, гэта свой! Гэта не проста чалавек з вуліцы. Гэта быў такі пароль — загаварыў па-беларуску. Свой! Які тады быў залаты час! Кожны, хто загаварыў па-беларуску, гэта ўжо свой чалавек. Гэта блізкі чалавек! Прымі яго!»

    …Добрая парада, актуальны запавет і на наш час…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці