Патрэбная дапамога: журналістцы ў Вільні на юрыдычныя выдаткі
Беларуская журналістка Алёна Дубовік адна выхоўвае траіх дзяцей у Літве. З‑за спрэчкі з былым арэндадаўцам ёй пагражае дарагі суд. Фонд BYSOL аб’явіў збор, каб спадарыня Алёна змагла абараніць сябе і не аказацца ў пазыках.

Алёна Дубовік са сваімі дзецьмі. Фота: з асабістага архіва
Алёна Дубовік — беларуская журналістка і маці траіх дзяцей (13, 11 і 9 гадоў). Ужо пяты год яна жыве ў эміграцыі ў Літве і выхоўвае дзяцей адна. Іхні бацька застаўся ў Беларусі. На жаль, 2020 паказаў, што муж і жонка занадта розныя. Жанчына не змагла заставацца з ім далей.
Усе гэтыя гады журналістка ўсё аплачвала сама: жыллё, камунальныя паслугі, школу, ежу, адзенне, лячэнне.
«Вядома, я жыву ад заробку да заробку. Грошай «пра запас» у мяне ніколі не было, але да гэтага моманту я неяк спраўлялася», — дадае Алёна.
Апошнія тры гады маці з дзецьмі здымалі двухпакаёвую кватэру ў Вільні. Дагавор арэнды працягваўся кожны год, нараканняў з боку арэндадаўцаў не было. Улетку 2025 года літоўскія сябры нечакана прапанавалі пераехаць у прыватны дом. Рашэнне трэба было прымаць хутка.
«Я шчыра спытала гаспадароў кватэры, ці не будуць яны супраць майго выезду. Яны сказалі, што не супраць. Кватэру прынялі, мы падпісалі акт прыёму-перадачы. У ім былі зафіксаваныя дэфекты — напрыклад, патрэсканая абіўка ложка з дэрматыну, драпіны на ламінаце. Я лічыла гэта натуральным зносам за тры гады жыцця з дзецьмі. Перада мной кватэра здавалася іншым людзям, гэта значыць першапачаткова яна не была ў ідэальным стане. Гэта было звычайнае, простае жытло без празмернасцяў.
Праз два дні пасля выезду гаспадар даслаў мне каштарыс рамонту на 4284 тысячы эўра. У яе ўвайшлі «купля кухонных крэслаў, кухоннай стальніцы, ложкі ў спальні, дэмантаж падлог у пакоях, укладка ламінату, грунтоўка, шпакляванне і афарбоўка сцен, пастаўка будаўнічых матэрыялаў, намець, транспартныя выдаткі». (Гэты дакумент ёсць у BYSOL).
Мне таксама не вярнулі дэпазіт у 500 эўра. Аргумент: я не своечасова папярэдзіла аб выездзе з кватэры. Хаця мой выезд абмяркоўваўся і ніякіх пярэчанняў не было.
Калі я адмовілася плаціць такія грошы, гаспадар патэлефанаваў мне і пачаў пытацца, колькі я магу заплаціць — «хоць бы тысячы дзве?». А потым сказаў фразу, якая да гэтага часу стаіць у мяне ў галаве: «Вы ж бежанка адна з дзецьмі ў чужой краіне. Мы пойдзем у суд, вам жа не патрэбны гэтыя праблемы».
Я бежанка адна з дзецьмі ў чужой краіне, але я ўсё роўна не гатовая да таго, што мяне будуць крыўдзіць, выманьваць у мяне грошы і запалохваць. Я адмовілася плаціць штосьці, акрамя камунальных паслуг за пражыты месяц», — распавядае Алёна пра тое, як далей разварочваліся падзеі.
У выніку былы арэндадаўца падаў на беларуску ў суд. Каб абараняцца, жанчына ўжо аплаціла 700 еўра за паслугі адваката. Далей яе чакаюць альбо новыя судовыя выдаткі, альбо рызыка даўгоў і выканаўчага вядзення.
«Па разліках літоўскага адваката, які абараняе мяне, судовае разбіральніцтва можа абысціся мне прыкладна ў 4–5 тысяч еўра. Я хачу мець шанец абараніць сябе, аспрэчыць несправядлівае рашэнне ці хаця б мінімізаваць наступствы і не апынуцца яшчэ і з вялізнымі даўгамі.
Мне зараз вельмі патрэбна ваша падтрымка. Калі ласка, дапамажыце мне сабраць сродкі на судовыя выдаткі, каб я магла абараніць сябе і сваіх дзяцей, не застацца з пазыкамі і захаваць хоць нейкую апору пад нагамі ў гэтай сытуацыі», — гаворыць спадарыня Алёна.
Сума збору: 5000 еўра
Гэта кошт юрыдычнай абароны ў Літве па такіх справах: праца адваката, падрыхтоўка і падача працэсуальных дакументаў, удзел у судовых паседжаннях і спадарожныя судовыя выдаткі.
ДАПАМАГЧЫ КАЛЕЗЕ
@bajmedia