«Доўгія тэксты чытаць не будуць». Рэдактарка раёнкі патлумачыла, чаму праграмы кандыдатаў у дэпутаты амаль незаўважныя ў дзяржаўных СМІ
Напярэдадні «адзінага дня галасавання» ўся ўвага дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі скіраваная на тое, каб пераканаць грамадзян у неабходнасці наведаць выбарчыя ўчасткі і прыняць удзел у галасаванні. Пры гэтым амаль незаўважна на старонках газет, у эфірах радыё і тэлебачання прысутнічаюць праграмныя выступы галоўных герояў выбарчай кампаніі — кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.
Чаму так адбываецца? Гэта паспрабавала патлумачыць чытачам у сваёй аўтарскай калонцы рэдактарка столінскай дзяржаўнай раённай газеты «Навіны Палесся» Алена Клімушка.
У сваіх развагах яна запэўнівае, што «беларусы — людзі, якія разумеюць, больш за тое, упэўненыя ў сваёй грамадзянскай пазіцыі». Рэдактарка сцвярджае, што пасля папярэдняй выбарчай кампаніі жыхары Беларусі «вывучылі пэўныя ўрокі і зрабілі працу над памылкамі».
Але, на думку Алены Клімушкі, нейкія «дэструктыўныя элементы» ўсё роўна спрабуюць дыскрэдытаваць цяперашнюю электаральную кампанію. Так рэдактарка адрэагавала на заўвагі выбаршчыкаў, што ў дзяржаўных СМІ няма звестак пра склад выбарчых камісій, як гэта было ў папярэднія гады, адсутнічае інфармацыя пра маёмасць і заробкі саміх кандыдатаў у дэпутаты, а іх праграмы пададзеныя вельмі сцісла — займаюць усяго па паўтары старонкі тэксту.
«Мусіць, трэба было сачыненне напісаць. Але ж вядома, што наўрад ці доўгія тэксты будуць чытаць. Ды і навошта? Усё павінна быць у сутнасці», — так тлумачыць Алена Клімушка кароткі змест паведамленняў пра будучых «народных абраннікаў».
Паводле слоў рэдактаркі дзяржаўнай раёнкі, няма нічога дзіўнага і ў тым, што кандыдаты кажуць не пра праблемы ў выбарчых акругах, якія трэба вырашаць, а гавораць пра безумоўную падтрымку цяперашніх уладаў.
Нагадаем, напярэдані сёлетніх выбараў у Столінскім раёне быў спачатку заблакаваны Міністэрствам інфармацыі, а 13 лютага рашэннем суда прызнаны «экстрэмісцкім» незалежны інтэрнэт-рэсурс stolin.bу. Рэдактара гэтага сайта Аляксандра Ігнацюка сілавікі затрымалі і змясцілі пад варту ў жніўні 2023 года. Яго асабістыя старонкі ў ў сацыяльных сетках улады таксама палічылі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Чытайце яшчэ:
Чацвёртая ўлада: як лакальныя медыі ўплываюць на гарадское жыццё
Зняволенага магілёўскага відэааператара Яўгена Глушкова прызналі палітвязнем
Нармалізацыя як умова выжывання. Што цяпер асвятляюць «перафарматаваныя» выданні