• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Усё, што можна і варта прымяняць у штодзённай працы»: у Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    13 снежня ў Вільні прайшоў другі выпуск адукацыйнай праграмы «Журфак па суботах». 12 студэнтаў, якія ўжо працуюць у медыя, паспяхова закончылі курс, арыентаваны на практычныя навыкі.

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец уручае сертыфікат выпускніцы «Журфака па суботах» Вользе Такарчук. Фота: Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    Кожную суботу ад кастрычніка па снежань тузін навучэнцаў засвойвалі навуку журналісцкага майстэрства пад кіраўніцтвам дзясятка трэнераў — журналістаў-практыкаў, якія самі працуюць у незалежных медыях. Канцэнтраваліся на практыцы — свет, у тым ліку і медыйны, імкліва змяняецца, з’яўляюцца і новыя практычныя журналісцкія інструменты.

    «Мне ўвесь час было страшна зрабіць нейкі першы крок»

    Першы этап «Журфака па суботах» прайшоў сёлетняй вясной у Вільні і Варшаве.

    Выпускнікі другога этапа (імёны змененыя ў мэтах бяспекі) падзяліліся сваімі ўражаннямі ад трохмесячнага адукацыйнага курса.

    Ганна кажа, калі запаўняла заяўку на курс, то напісала, што яе мэта — найперш здабыць больш упэўненасці ў сабе.

    «Нібыта ўсё тое, што мы абмяркоўвалі падчас заняткаў, я на адсоткаў 80 ведала і карысталася. Але мне ўвесь час было страшна, няёмка неяк зрабіць першы крок.

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Фота: Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    І вось на гэтым курсе дзякуючы пазітыўнай падтрымцы ўвесь час, нейкім добрым каментарам пад нашымі хатнімі заданнямі з’явілася адчуванне, што так — у мяне атрымліваецца. Здабыла ўпэўненасць і зняла цэлы фільм!

    І, безумоўна, зрабіла крок наперад у ведах: у першую чаргу ўсё структуравалася ў галаве, і запоўніліся тыя прагалы, якія былі дагэтуль. Ты ведаеш, што нешта хочаш зрабіць, але не маеш інструментаў у галаве, якія дазволяць прымяніць гэта на практыцы. Спадабалася праца з лідамі, надграфамі і загалоўкамі. Увогуле я працую ў відэанавінах — для мяне гэта была новая інфа. Я не ўпэўненая, што калісьці перайду на тэксты, але даведацца пра гэта было цікава».

    Максім навучыўся «некаторым прыёмам пабудовы матэрыялу, фішкам розным, урэшце карыстацца ШІ сапраўды пачаў».

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Фота: Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    Вольга кажа, што гэтыя курсы не падобныя ні на якія ранейшыя ў яе жыцці: «Цяжкавата часам, але вельмі крута. Эмоцый процьма, але ж і навыкі: як працаваць з інтэрв’ю, пісаць лід, структура матэрыялу і як па ёй рухацца, важнасць прытрымлівацца фокуса, важнасць фактчэкінгу з дзвюх крыніц».

    Дар’я называе сваім «самым вялікім дасягненнем на гэтым журфаку тое, што навучылася пісаць тэксты не толькі на 12 тысяч, але і на 6 тысяч знакаў:)».

    — Вынесла для сябе працу з лідамі, з аналітыкай, некаторыя моманты прымянення ШІ, хацела б яшчэ папрацаваць з гісторыямі.

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Фота: Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    «У гэтым курсе былі вельмі важнымі нэтворкінг і ўзаемападтрымка»

    Ірына кажа, што для яе «ў гэтым курсе былі вельмі важнымі нэтворкінг і ўзаемападтрымка, сумесная праца».

    — Гэта тое, што дае сілы, жаданне працаваць, і гэта яшчэ адзін метад супраць выгарання. Дарэчы, блок самадапамогі для журналістаў быў для мяне адным з самых карысных. А практыка групавых заданняў давала навыкі, якіх мне, мяркую, не заўсёды хапае.

    Выйсці за межы свайго ўспрыняцця і паглядзець на нешта вачыма іншага чалавека — гэта важна. З іншага боку, важна ўмець тлумачыць людзям сваё бачанне, не адмаўляцца ад яго. І я заўсёды пад уражаннем ад выніку, наколькі сумесная работа аказваецца больш эфектыўнай за індывідуальную — такая сінэргія.

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Фота: Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    Вольга працуе ў SMM і кажа, што ёй «былі карыснымі ўсе тэмы, звязаныя з загалоўкамі, лідамі, з тым, што можна выкарыстоўваць для «хуткага» кантэнту».

    — Падаецца, я шмат чаго забрала для большай эфектыўнасці ў сваёй сферы. Днямі «заляцеў» добра мой пост, які я зрабіла літаральна паводле ўсіх правілаў, засвоеных тут, а не па тых, якімі кіравалася раней. Была на першым этапе навучання таксама, а вось наконт трэцяга трэба ўзважыць усе свае магчымасці.

    Марыя займалася журналістыкай: «Але такой, я б сказала, самаробнай — я выйшла з дваровых суполак 2020 года».

    — Пісала як бог на душу пакладзе. А зараз буду пісаць не толькі, як хочацца, а як хочацца і як трэба. Пайду і на наступны этап, безумоўна.

    Блогерка Вольга Такарчук «навучылася хутчэй шукаць інфармацыю, хутчэй апрацоўваць інфармацыю, хутчэй пісаць тыя ж падводкі пад свае тэксты»:

    «То бок у прынцыпе разбірацца ў тым, як гэта ўладкавана, як структуруецца той жа тэкст — гэта прыдасца і мне, бо тыя ж асноўныя правілы працуюць і для відэафармату, тут таксама ўсё гэта ёсць: загаловак, лід, надграф, асноўная тэма, кантэкст.

    Вольга Такарчук

    Вольга Такарчук. Фота: з асабістага архіва блогеркі

    І гэта, вядома, мне зараз вельмі-вельмі дапамагае і паскарае працэс стварэння маіх відэа. Усё структуравана, я разумею, што павінна быць на пачатку, у сярэдзіне, у канцы, чым можна зачапіць, чым утрымаць гледача хаця б да сярэдзіны роліка. Таму, вядома, гэта бясцэнны досвед. І мая дыпломная праца — відэарэпартаж для «Белсата» — была каласальным досведам з выкарыстаннем новых ведаў.

    Што тычыцца такога жанру як інтэрв’ю, то тут таксама атрымала новае — навучылася гуляць, перастала баяцца, саромецца. Гэта значыць, мне значна прасцей стала фармаваць нейкі спіс пытанняў, разумець, дзе я магу апаніраваць, дзе я лепш прамаўчу і г. д. Увогуле, усе веды адсюль дапамагаюць у штодзённай маёй працы. Гэта крута — і вялікі дзякуй усім, хто зладзіў такія курсы. Было б файна пайсці і на трэці этап, але трэба глядзець па загружанасці, бо з новага года збіраемся запусціць адзін новы праект».

    «Каб потым змаглі ўсё гэта рабіць самастойна ў сваіх рэдакцыях ці праектах»

    Галоўны рэдактар выдання Hrodna.life Аляксей Шота, адзін з трэнераў курса, заўважае, што ўвосень быў працяг першага модуля «Журфака па суботах».

     Першы модуль ставіў на мэце прыцягнуць новых людзей у журналістыку ці падвучыць тых, хто толькі нядаўна прыйшоў. А ў другім модулі планавалася ўжо далей пракачаць тых, хто скончыў першы этап, а таксама тых, хто ўжо працуе ў рэдакцыях.

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Аляксей Шота на занятках «Журфака па суботах». Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    — Мы прапанавалі ім неяк інакш паглядзець на беларускую журналістыку — з іншай перспектывы, з пункту гледжання іншай школы.

    Паспрабаваць узняць трохі ўзровень праз завастрэнне мікранавыкаў і ўменняў на розных тэмах і падрыхтоўкі ў выніку таго, што мы назвалі дыпломнай працай. Гэта і лонгрыды, і відэафарматы, то бок падрыхтоўка больш складанага матэрыялу, які патрабаваў працы з ментарам, — тлумачыць прамоўца.

    Канешне, адна з задач — гэта тое, каб навучэнцы потым змаглі ўсё гэта рабіць самастойна ў сваіх рэдакцыях ці праектах.

    — Каб гэтыя ўменні і веды, што тычацца, прыкладам, патрэб аўдыторыі, структуры гісторыі, расповеду гісторыі, васямнаццаці тыпаў лідаў і іншае, неслі ў свае рэдакцыі і там укаранялі, — дадае спадар Шота. — Зрэшты, гэта, мяркую, магчыма, бо ў нас былі не толькі журналісты, але і шэф-рэдактар, чалавек, які чытае тэксты іншых. Былі ў нас людзі і з першага набору, і людзі новыя, якія ўжо маюць трошкі больш практычнага досведу.

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Фота: Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    Аляксей перакананы, што курсы вымагаюць падрыхтоўкі не толькі ад студэнтаў, зазначае: «Мы таксама, скажу шчыра, прайшлі дадатковае навучанне, бо веды трэба актуалізаваць».

    — Пра новыя кадры з курсаў — гэта цяжка сказаць, бо ў асноўным тут былі людзі, якія ўжо ў медыясупольнасці, а вось пра падвышэнне канкурэнцыі — так.

    Здаровая канкурэнцыя — гэта заўсёды да лепшага, яна прыводзіць да развіцця, не дае застойвацца і яна абавязковая для медыясупольнасці.

    «Журфак па суботах»

    Праграма створаная паводле стандартаў заходняй журналістыкі, але адаптаваная пад беларускія рэаліі. Курс арыентаваны на атрыманне практычных навыкаў. Яго галоўная мэта — інтэграванасць студэнтаў з рэдакцыямі беларускіх медыяў.

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Фота: Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    Застаўся яшчэ адзін этап навучання: у лютым — красавіку 2026 года навучэнцы абяруць спецыялізацыю (для паглыбленага вывучання).

    На этап будзе праводзіцца асобны набор.

    «Журфак па суботах» — гэта сумесны праект Кааліцыі за Устойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыумам Free Press for East­ern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Press Club Belarus пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай Камісіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці