Дзяніс Івашын распавёў у лісце, як адзначаў Каляды за кратамі
Куццю зрабіў з аўсянкі, а ялінку намаляваў.

Дзяніс Івашын. Фота: t.me/dzianisivashyn
Гродзенскі журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын у лісце да блізкіх распавёў, як адзначыў Каляды за кратамі. Навінамі пра палітвязня падзялілася яго жонка Вольга Івашына.
Журналіст сустракаў Каляды 25 снежня 2025 года ў турме №8 Жодзіна. У камеры была ялінка — яе Дзяніс Івашын намаляваў.
«Каляды я сустрэў з прыгожаю (як мне падаецца) ялінкаю-хваінкаю. Гэтым разам яна атрымалася ў мяне занадта пухмянаю, тоўсьценькаю. Зь вялікаю Батлэемскаю зоркаю. Пакункі з дарункамі пад ёю — я шчэ не намаляваў. Але і гэтак зразумела, на які дарунак мы найбольш чакаем. Яго не загарнеш у сьвяточную абгортку з прыгожымі бантамі. Дужа спадзяюся, што наступная ялінка будзе насамрэч жывою і ставіць яе мы ўжо будзем разам».
Таксама журналісту ўдалося згатаваць куццю з турэмнай ежы.
«Згатаваў сёньня сабе куцьцю, ведаю, што трэ было ўчора, але ўжо так вырашыў. Цалкам мажліва, я ў цябе ўжо стаўся адмыслоўцам у прыгатаваньні гэтае каляднае стравы. Мяркую, ты ня будзеш супроць, калі за гэты кулінарны напрамак буду адказваць я. Мне падаецца, што фаху я займеў ужо дастаткова! Куцьця атрымалася ніштаватаю (шчыра, хоць ведаю, што трэба быць самакрытычным), гэтым разам давялося гатаваць яе з аўсянкі. Вядома ж, з грэчкі была б шчэ смачнейшаю. Але ў любым разе мне спадабалася».
«Нягледзячы ні на што, настрой маю ўзьнёслы», — піша Дзяніс Івашын. У лісце ён віншуе родных са святам і выказвае спадзяванні на будучую сустрэчу.

Калядны ліст ад Дзяніса Івашына. Фота: t.me/dzianisivashyn
Журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні ўжо амаль 5 гадоў — з 12 сакавіка 2021 года. Супрацоўнікі КДБ прыйшлі па яго на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв’ю незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».
14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў журналіста вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці). Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з папраўчай калоніі № 15, куды яго накіравалі першапачаткова, на строгі турэмны рэжым. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме № 8 горада Жодзіна.
Яўген Меркіс: «Пад Новы год мне больш за ўсё хочацца пабыць з сям’ёй. Гэта пакуль немагчыма»
@bajmedia