Дзяніс Івашын імаверна ізноў трапіў у ШЫЗА
Пра гэта паведамляе жонка спадара Дзяніса Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын. Фота: з асабістага архіва
«На 15-ты дзень адсутнасці карэспандэнцыі можна і без пацверджаньня ўпэўнена казаць, што Дзяніс Івашын, на жаль, знаходзіцца ў ШЫЗА. Такі перапынак у ліставанні наш ваяр сабе ніколі не дазваляе паводле ўласнае волі, бо ведае, як мы за яго хвалюемся», — зазначае Вольга Івашына.
Па яе падліках, палітвязень знаходзіцца ў ШЫЗА ўжо 15 содняў.
«Паводле наяўных правілаў гэта максымальная колькасць, якую могуць выпісаць вязню паводле рапарту працаўнікоў вязьніц ці калоній. Вядома, магчымыя розныя варыянты. Таму мы зараз мы чакаем новых паштовак і лістоў ад Дзяніса, якія ён напіша адразу па выхаду з ШЫЗА», — дадае жонка зняволенага журналіста.
Справа Дзяніса Івашына
Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года.
14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).
Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з папраўчай калоніі № 15 на турэмны рэжым. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме № 8 горада Жодзіна.
Да арышту Дзяніс Івашын працаваў карэспандэнтам незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час» і быў беларускім рэдактарам міжнароднай супольнасці расследавальнікаў InformNapalm. Вядомы сваімі расследаваннямі пра скандальную будоўлю рэстарана побач з мемарыяльным урочышчам Курапаты, а таксама пра былых украінскіх «беркутаўцаў», што пасля перамогі Еўрамайдана ў 2014 годзе ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.
Найверагодней, публікацыі пра сілавікоў сталі «апошняй кропляй». Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».
