• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Патрэбна дапамога сям’і Дзяніса Сакалоўскага. Аб’яўлены збор

    Памёр былы палітзняволены аператар-пастаноўшчык Дзяніс Сакалоўскі. Яму было 47 гадоў. Мужчыну знайшлі сябры, абставіны яго смерці высвятляюцца. Зараз сям’і Дзяніса неабходная дапамога на пакрыццё юрыдычных пытанняў, транспартыроўку ў Беларусь, развітанне, пахаванне.

    Дзяніс Сакалоўскі, Германія. Фота з прыватнага архіву

    «Мой тата быў неймаверным чалавекам, вельмі любіў гэтае жыццё, любіў людзей. У яго было вялізнае адкрытае сэрца, ён быў эмацыйны, творчы і вельмі шмат зрабіў для свету, для журналістыкі і мастацтва. Ён найлепшы тата, ён бязмежна любіў мяне, а я яго. Зараз я адчуваю вялізны боль і мне яго вельмі не хапае, я вельмі па ім сумую. Я не магу паверыць, што больш не абдыму яго, не ўбачу, не змагу з ім паразмаўляць. Гэта вялізная трагедыя для ўсё нашай сям’і і найцяжэйшае выпрабаванне, якое выпала на вымушаную эміграцыю. І нам вельмі патрэбная падтрымка і дапамога», – апавядае дачка Дзяніса, журналістка Васіліна Сакалоўская.

    Дзяніс быў адным з найлепшых аператараў не толькі Беларусі, але і рэгіёну. Больш за 10 гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, дзе рабіў значныя праекты. Шмат працаваў для замежных тэлеканалаў, такіх як ARD, ZDF, DW, Arte, mdr, TV France, Al Jazeera, Al Ara­bia, NRK, ABC (TV Aus­tralia). 

    У 2007 атрымаў трэцяе месца ў намінацыі «Найлепшы тэлеаператар Беларусі», а ў 2017 быў узнагароджаны «Тэлевяршыняй» як найлепшы аператар. Таксама меў шматлікія ўзнагароды на тэлевізійных каналах, як найлепшы аператар года. 

    Некалькі значных фільмаў Дзяніса, якія атрымалі ўзнагароды на міжнародных фестывалях: «Я, Андрэй Іванавіч» , «AWAKEN» , «Сестра Иоанна», «DEMIGOD».

    Чалавек, які выпраменьваў спакой, дабрыню і шчырасць. Кім быў відэааператар Дзяніс Сакалоўскі

    У жніўні 2020 года Дзяніс далучыўся да страйку Белтэлерадыёкампаніі, дзе прыняў актыўны ўдзел. Пасля звальнення разам з былымі калегамі працаваў над стварэннем незалежнай медыяплатформы – так званага «альтэрнатыўнага тэлебачання», за што 22 снежня разам з Ксеніяй Луцкіной быў затрыманы па справе «Прэс клуба». Першапачаткова яго абвінавачвалі ў дапамозе ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. Дзяніс правёў 8 месяцаў у СІЗА‑1. Пасля таго, як сябраў «Прэс клуба» вызвалілі па памілаванні, 23 жніўня 2021 года яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, але прызналі падазраваным ва ўдзеле ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Да канца мая 2022 года ён заставаўся пад мерай стрымання і праходзіў падазраваным па ч.1 арт. 357. З цяжкасцямі ён здолеў выехаць за межы Беларусі. 

    Дзяніс умеў працаваць ва ўсіх умовах і з усёй тэхнікай, валодаў дайверскай катэгорыяй для падводнай здымкі, меў досвед здымак з самалёта і верталёта. Меў шмат здольнасцяў па-за журналістыкай: цудоўна маляваў і быў дыпламаваным скульптарам. А з 2022 года Дзянісу у вымушанай эміграцыі ў Берліне давялося працаваць і на будоўлі. 

    Пасля вызвалення і падчас вымушанай эміграцыі Дзяніс Сакалоўскі ніколі не звяртаўся па фінсавую дапамогу. Але цяпер яна вельмі патрэбная яго сям’і, каб развітацца з ім.

    ДАПАМАГЧЫ СЯМ’І

    Сума збора: 4600 еўра

    €800 – афармленне дакументаў і юрыдычныя выдаткі
    €2800 – рэпатрыацыя цела з Германіі ў Беларусь
    €1000 – пахаванне і развітанне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.