Палітзняволены журналіст Дзмітрый Наважылаў, верагодна, застаецца за кратамі, нягледзячы на «спіс памілаваных»
У ліку 250 чалавек, памілаваных 19 сакавіка беларускімі ўладамі, — некалькі незалежных журналістаў. На жаль, былы дырэктар інфармагенцтва БелаПАН Дзмітрый Наважылаў, імя якога таксама значылася ў спісе на вызваленне, на волю не выйшаў. Па стане на 31 сакавіка сувязі з ім не было.

Дзмітрый Наважылаў. Фота facebook.com/veratinsky
Пасля візіту ў Мінск 19 сакавіка Джона Коўла — спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, беларускія ўлады паведамілі пра памілаванне і вызваленне 250 палітзняволеных. З іх 15 чалавек былі вывезеныя ў той жа дзень у Літву, 235 застаюцца ў Беларусі.
У ліку тых, каго датэрмінова вызвалілі і дэпартавалі ў Літву, — журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева) і блогер Эдуард Пальчыс.
У спісе тых вязняў, каго памілавалі, але дазволілі застацца ў Беларусі фігуравалі імёны супрацоўнікаў медыя: Дзмітрыя Наважылава, Алега Супрунюка, Аляксандра Марчанкі, Валерыі Касцюговай і Антона Казельскага.
Па стане на 31 сакавіка нічога не вядома пра вызваленне Дзмітрыя Наважылава. Выглядае на тое, што журналіст застаецца ў калоніі.
Дзмітрый Наважылаў — былы дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, фігурант крымінальнай справы, распачатай супраць супрацоўнікаў медыя. Быў затрыманы 18 жніўня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 года Дзмітрыя Наважылава асудзілі да 6 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361–1 (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).
Справа БелаПАН
Суд над белапанаўцамі пачаўся 6 чэрвеня 2022 года, затым быў аб’яўлены перапынак на «экспертызу», а ў канцы верасня аднавіўся аж да фінальнага пасяджэння.
Сілавікі прыйшлі з ператрусамі да Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава і яшчэ некалькіх дзейных і былых супрацоўнікаў БелаПАН 18 жніўня 2021 года. Вобшук адбыўся і ў мінскім офісе інфармагенцтва. Згодна з ордэрам Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама, пастанова была выпісаная 10 жніўня. Сілавікамі былі вынятыя амаль паўсотні адзінак абсталявання: серверы, ноўтбукі, жорсткія дыскі, бухгалтарская дакументацыя і г. д.
Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі на падставе падазрэння ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аднак абвінавачанне высунулі іншае — ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Потым з’явіўся яшчэ адзін пункт — ч. 1 арт. 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі шмат раней, ад 12 студзеня 2021 года. Фармальна іх затрымалі за «падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках». Падставай стала аплата адміністрацыйных штрафаў грамадзянам, што пацярпелі ў выніку пратэснай актыўнасці.
Неўзабаве справы чатырох фігурантаў перапляліся ў розных варыяцыях. Журналістам Андрэю Аляксандраву, Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву інкрымінавалася «стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання», хоць усіх затрымалі яшчэ да адпаведнага рашэння Камітэта дзяржбяспекі. Інфармацыйная кампанія БелаПАН была прызнана КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем» больш чым праз два месяцы пасля затрымання Леўшынай і Наважылава — 1 лістапада 2021 года. (Запіс на сайце МУС Беларусі ў адпаведным рэестры з’явіўся 12 лістапада.)
Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай крымінальны артыкул за «фінансаванне пратэстаў» ужо за кратамі разбавілі «здрадай дзяржаве». Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі ў тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзіў як падазраваны ў нявыплаце падаткаў на 200 тысяч долараў. Санкцыі ўсіх артыкулаў былі ўзятыя за аснову падчас складання канчатковых тэрмінаў зняволення.
Падчас працэсу ніхто з фігурантаў не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым, праваабаронцы аб’явілі усіх палітычнымі вязнямі.
@bajmedia