Дзмітрый Плакс: На шведскім радыё кожны дзень “забіваюць” дзясяткі людзей (+ФОТА)
Не ведаю як вам, а мне цяжка ўявіць, што недзе ў свеце людзі дагэтуль з нецярпеннем чакаюць выхаду новай радыёпастаноўкі, падчас трансляцыі не адходзяцца ад сваіх прымачоў, ці загружаюць спектаклі ў тэлефоны і на кампутары, захоўваюць у сваёй уласнай фанатэцы.
Верыцца з цяжкасцю, але калі пра гэта гаворыць Дзмітры Плакс — пісьменнік і перакладчык, рэжысёр і драматург радыётэатра Шведскага нацыянальнага радыё(Sveriges Radio), то застаецца толькі адкрыць рот і ісці за ім па калідорах рэдакцыі, слухаць і здзіўляцца.
Аўдыёдрама папулярная не толькі ў Швецыі, напрыклад Бі-Бі-Сі робіць, акрамя шматлікіх іншых пастановак, серыял The Archers, які ідзе ў эфір шэсць разоў на тыдзень ад пачатку 1950‑х гадоў. Колькасць эпізодаў набліжаецца да 20 000. У Швецыі таксама існуе моцная традыцыя, але важна і тое, што сучаснае жыццё пакідае ўсё меней вольнага часу, а слухаць пастаноўку можна адначасова з праменадам, ці трэніруючыся ў спортзале, едучы на працу і гэтак далей.
Аддзел радыёдрамы на шведскім радыё сёння мае чатыры студыі. Але за гэтымі чатырма студыямі хаваецца цэлы свет.
— Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, — гаворыць Дзмітры Плакс, адкрываючы першыя дзверы, — то радыётэатр пачынаецца з кухні.
Тут, на кухні ў студыі за кубкам кавы аўтары чытаюць, абмяркоўваюць сцэнар. Усе знакамітыя рэжысёры і акцёры Швецыі супрацоўнічалі з радыётэатрам. Вялікі рэжысёр Інгмар Бергман таксама піў каву на гэтай кухні ў студыі.
— А на памяць нам пакінуў намаляванага на стале чорціка. Любіў Бергман чорцікаў маляваць. Дарэчы, самая апошняя праца ў жыцці генія — як раз у радыётэатры. Супрацоўнічаў з радыётэатрам і адзін з самых знакамітых шведскіх акцёраў — Эрланд Юсэфсан.
Калі ходзіш па студыях радыётэатра, трэба памятаць пра дзве рэчы: нічога не чапаць рукамі і ўважліва глядзець пад ногі. Рукамі не трэба нічога чапаць, бо сцены ў памяшканнях для гуказапісу зробленыя са спецыяльнага матэрыялу, які не прапускае гук, а тлушч, які ёсць на руках, можа сапсаваць гэтую гуканепранікальнасць.
Таксама Дзмітры паказаў пульт, за якім працуюць тэхнікі, і каштуе ён такіх грошай, што ў гэтым памяшканні было страшна чыхнуць.
— А калі раптам самі тэхнікі разальюць каву, гэта пакараецца забойствам? — у жарт пытаюся я.
— Нашы тэхнікі вельмі любяць сваё працоўнае месца, таму калі вы прыйдзеце да іх з кавай, яны хутчэй вас заб’юць, — і я не ўпэўненая, што Дзмітры адказаў жартам, бо вокны радыётэатра выходзяць на старыя могілкі. — Шведскае радыё знаходзіцца на месцы былога каралеўскага гарнізона. Тут хавалі, у асноўным, афіцэраў.
А пад ногі на радыё трэба глядзець, бо выпадкова можаце наступіць на “спадара Юхансана”. “Спадар Юхансан” — гэта два звязаныя вяроўкай драўляныя бервяны.
— Справа ў тым, што калі гэтую канструкцыю кінуць на падлогу, гук будзе быццам упала цела чалавека. Так, на шведскім радыё многа людзе палегла…, — жартуе Дзмітры.
Такіх штук, якія служаць для імітацыі розных гукаў, — процьма. І нейкія плёнкі, якія імітуюць гук сухога лісця, і каменні, і рыдлёўкі, і розныя дзверы, вокны, лесвіцы, машыны… А колькі тут абутку!
— Тут толькі дзве шафы: для сучаснага мужчынскага і жаночага абутку. Яшчэ шмат што знаходзіцца на складах, дзе захоўваюцца рэчы для гістарычных пастановак.
Здараліся падчас працы над радыёспектаклямі і розныя нечаканасці. Так, аднойчы ў вялізнай бетоннай ванне, у якой запісваўся чарговы сюжэт, ледзьве не патануў вядомы шведскі акцёр. А яшчэ Дзмітры паказаў памяшканне, дзе, як ён пажартаваў, запісваюць спектаклі пра Беларусь. Гэтым памяшканнем аказалася… турма з жалезнымі кратамі.
Не так даўно Дзмітры зрабіў драматургічную пераапрацоўку і паставіў для шведскага слухача спектакль па кнізе Святланы Алексіевіч “Час Second Hand”.
— Цяжэй за ўсё было перапрацаваць 700 старонак празаічнага тэксту ў 40 старонак драматургічнага. У гэтай п’есе было задзейнічана 14 прафесійных акцёраў і каля 150 статыстаў.
У цэлым, кажа Дзмітры, водгукі на гэтую працу былі станоўчыя і ў гледачоў, і ў крытыкаў.
— Колькі чалавек у Швецыі паслухалі “Час Second Hand”?
— Дакладную лічбу назваць немагчыма, бо FM-аўдыторыя вымяраецца прыкладна, наколькі я разумею. Па апошніх падліках першы канал Шведскага радыё, дзе транслявалася пастаноўка, слухае трохі больш за 2 мільёны чалавек у тыдзень. Дакладней можна падлічыць колькасць праслухоўванняў з электронных платформ — сайта і аплікацыі для тэлефонаў і планшэтаў, а таксама колькасць загрузак. Але я і тут не назаву дакладнай лічбы, бо папросту не памятаю. Калі не памыляюся, спектакль ўвайшоў у першую пяцёрку за мінулы год, што неблага, калі ўлічваць складанасць, “цяжкасць” матэрыялу і агульную колькасць пастановак, якія штогод выходзяць у эфір. Толькі прэм’ер было каля трох дзесяткаў, а ёсць жа яшчэ і паўторы.
— Ці ставілі іншых беларускіх аўтараў, акрамя Алексеевіч?
—– Я ставіў спектакль паводле кнігі Артура Клінава “Мінск. Горад сонца”. Па маіх перакладах іншымі рэжысёрамі былі пастаўлены “Нічый Чарнобыль” Барыса Пятровіча (рэжысёр Ludvig Josephson), а таксама “Спасцігаючы каханне” Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды (рэжысёр Natalie Ringler). У першых двух выпадках я таксама рабіў драматургічную апрацоўку арыгінальнага празаічнага тэксту.
— Больш задавальнення выклікае ставіць свае п’есы?
— У цэлым — не. Мне цікава, як мой тэкст прачытае іншы чалавек, якія высновы зробіць, што падкрэсліць, што схавае. Я ж і так звычайна здагадваюся, як бы я паставіў твор, які напісаў. Ну але, часам, калі, да прыкладу, я толкам не ведаю, што з гатовым тэкстам рабіць і мне трэба яго “пакруціць”, то я стаўлю і ўласныя творы. Літаральна толькі што вярнуўся з Прагі, дзе якраз ставіў кароткі дыялог, які напісаў пэўны час таму.
— Якім чынам адбываецца адбор п’ес, якія падыходзяць для радыёпастановак?
— Аддзел драмы Шведскага радыё мае мастацкую кіраўніцу. Гэта яе праца. Раней існаваў драматургіат, нешта кшталту мастацкага савета, які займаўся рэпертуарам. То бок у розныя перыяды гэта робіцца па-рознаму.
— Колькі радыёпастановак ставяцца вамі за год?
— Год на год не прыходзіцца, я працую не толькі як рэжысёр, але і як драматург, і як прадзюсер, але ад адной да чатырох-пяці, недзе так.
— Колькі чалавек працуе над тэхнічным бокам пастановак?
— На Шведскім радыё няма падзелу на гукаінжынераў і гукарэжысёраў (саўнддызайнераў), таму тэхнічным бокам займаецца звычайна адзін чалавек. Але залежыць ад праекта, бывае што над пастаноўкай працуе і два, і тры “тэхнікі”. Акрамя таго, ёсць асістэнт рэжысёра, які адказвае за гукавыя эфекты, рэквізіт, шукае патрэбную музыку і г.д.
— Ці ёсць у планах паставіць п’есу для тэатра?
— Калі вы маеце на ўвазе сцэнічны тэатр, то ўгадалі. Я нічога не рабіў для сцэны ўжо амаль 15 год, і ў мяне ёсць ідэя паспрабаваць нешта стварыць, але пакуль гэта толькі ідэя, ніякіх канкрэтных планаў я цяпер не маю.
Швецыя пастаноўкі ставіць… А мы ставім калыханкі!
Заканчваючы размову з Дзмітрыем Плаксам, я запыталася:
— Як вы думаеце, чаму ў Беларусі непапулярныя радыёпастаноўкі?
— Я не думаю, што аўдыёпастаноўкі непапулярныя і нікому не патрэбныя ў Беларусі. Проста гэта праца, якая патрабуе шмат рэсурсаў, якіх, я падазраю, ні ў беларускага радыё, ні ў каго іншага ў Беларусі сёння няма.
Алена Давідовіч, намеснік дырэктара інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання беларускага радыё пераканала ў тым, што радыёпастаноўкі ў Беларусі жывуць.
— Кожны дзень на канале “Культура” і на “Першым канале” беларускага радыё ідуць пастаноўкі. Канешне, шмат пастановак трапляюць у эфір з архіва, аднак мы працягваем запісваць новыя. У асноўным, запісваем п’есы да пэўнай даты: юбілеяў пісьменнікаў або іншых круглых дат. Так, цяпер працуем над п’есай сучаснага аўтара да 75-годдзя Перамогі.
Алена Давідовіч прызналася, што запіс спектакля вымагае шмат грошай.
— Канешне, канкрэтную суму вам ніхто не назаве, але ўявіце сабе, колькі можа каштаваць запрашэнне вядучых беларускіх акцёраў, падрыхтоўка тэхнічнага боку спектакля, яго мантаж і гэтак далей. Затое, мы кожны дзень запісваем калыханкі для дзетак. А шведскае радыё так робіць?
Матэрыял падрыхтаваны па выніках адукацыйнага візіту ў Швецыю для лепшых навучэнцаў курсаў ГА «БАЖ» у 2016 годзе. Бліжэйшыя курсы ГА «БАЖ»: Уключай мазгі! Аналітычная журналістыка — навучальны курс, Навучальны курс «Эфектыўныя прэс-службы» (заяўкі да 6 сакавіка)