«Да заказчыкаў яшчэ далёка». Экс-кіраўнік МУС Украіны Юры Луцэнка — пра справу Паўла Шарамета
Юрый Луцэнка быў кіраўніком МУС Украіны, дарадцам двух прэзідэнтаў — Віктара Юшчанкі і Пятра Парашэнкі, а таксама генеральным пракурорам краіны. Многія гады Луцэнка быў у апазіцыі да Віктара Януковіча, за што на 2,5 года трапіў за краты.
У вялікім інтэрв’ю інфармацыйнаму парталу «Люстэрка» палітык распавядае пра грамадскае жыццё Украіны і асабстыя стасункі з беларускімі дзеячамі. БАЖ публікуе частку гутаркі, у якой Юры Луцэнка расказвае, што вядома пра заказчыкаў забойства журналіста Паўла Шарамета.
У траўні 2019 года вы сказалі: «На мінулым тыдні я заслухаў справу. У нас ёсць сур’ёзны прагрэс. Мы бачым пэўных асобаў. Калі адбудуцца пэўныя працэсуальныя дзеянні, я скажу пра гэта». Цяпер 2024 год. Чаму не знойдзеныя заказчыкі забойства?
— Да заказчыкаў яшчэ далёка. У многіх палітычных забойствах заказчыкаў ведаюць усе, але даказаць гэта практычна немагчыма. У гэтым выпадку гаворка ішла хаця б пра выканаўцаў і арганізатараў. Бо, напрыклад, у справе Георгія Гангадзэ (украінскі журналіст быў забіты восенню 2000 года, яго абезгалоўленае цела знайшлі за 100 кіламетраў ад Кіева. — Заўв. рэд.) мы знайшлі выканаўцу і арганізатара і не змаглі выйсці на заказчыка. Хоць, на маё вялікае перакананне, гэта справа рук той жа ФСБ.
Тое самае было і з Паўлам Шараметам. Я яго ведаў асабіста. Не скажу, што сябравалі, але гэта былі добрыя таварыскія адносіны. Ён быў яркі, разумны, адкрыты. Яго гібель стала для мяне выклікам. Я ехаў у Міністэрства ўнутраных справаў, вітаўся з міністрам, ён выклікаў групу следчых, мы садзіліся ў пакой і ішлі па ўсіх матэрыялах. Дык вось, мая цытата, пра якую ідзе гаворка, азначае наступнае: «Мы бачым людзей, але доказаў недастаткова для выстаўлення нават падазрэння».
Мой жалезны прынцып — нельга пасадзіць невінаватага. У гэтай справе мы бачылі трафікі тэлефона, перамяшчэнні, змалёўванні [размяшчэння] відэазапісвальных прылад перад тым, як адбылося забойства, дзіўныя дзеянні ў кватэры аднаго з фігурантаў, але для пераводу фігуранта ў падазраванага доказаў не было. Потым я сышоў. І — о цуд! — выстаўленае абвінавачанне, каб прэзідэнт мог даць справаздачу, што злачынства раскрытае. Прэзідэнта, усю сістэму МУС і пракуратуры падставілі вельмі моцна. Што будзе далей? Не гатовы сказаць, бо вайна.
У студзені 2024-га суд па справе Паўла Шарамета прыпынілі праз тое, што абвінавачаныя ваююць.
Вы знайшлі адказ, хто заказчык?
— ФСБ. Шарамет жа сеў у машыну жонкі (Алёна Прытула, кіраўніца «Украінскай праўды». — Заўв. рэд.). І ён, і яна вельмі вядомыя журналісты, больш за тое, журналісты, якія размаўлялі з «Азовам», які на той момант быў вельмі аўтарытэтным у добраахвотніцкіх колах. Гэты выбух мусіў прывесці да расколу грамадства.
У 2021 годзе былы беларускі сілавік апублікаваў запіс, дзе чалавек з голасам, падобным да голасу кіраўніка КДБ у 2012 годзе Вадзіма Зайцава, кажа пра ліквідацыю Паўла Шарамета. Версія пра тое, што за забойствам журналіста стаяць беларускія ўлады, разглядалася? Вы бачылі нейкія доказы гэтага?
— Тады такая версія была. Іх жа малюецца дзясяткі два: ад бытавых да бізнесовых. Беларуская версія была, але пад яе не было ніводнага зразумелага эпізоду… Вы мне цяпер нагадалі, у нас было нават данясенне нашага агента з Крыма, што пэўны генерал ФСБ сказаў свайму памочніку: «Пабудзі мяне заўтра раніцай, пабачым навіну, пра якую будзе гаварыць увесь свет». Мы спрабавалі ісці гэтым следам, але ні з агентам не знайшлі сувязі, ні гэтага генерала не вылічылі.
Беларускія сілавікі па камандзе вашага бульбафюрара маглі, вядома, цікавіцца такім забойствам, але самі б яны яго не правялі. Я не ведаю ніводнага падобнага дзеяння за мяжой. Скрасці чалавека з Мінска і паспрабаваць выпхнуць яе за мяжу яны яшчэ здольныя, але нешта рабіць тут без ФСБ немагчыма — ні тэхнічна, ні па сістэме чынашанавання. Не можа КДБ Беларусі без дазволу старэйшага брата зайсці на міжнародную аперацыю.
Цалкам інтэрв’ю з Юрыем Луцэнкам чытайце тут