• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Назвалі найлепшыя паэтычныя кнігі на беларускай мове за 2024 год. Распавядаем пра фіналістаў прэміі імя Наталлі Арсенневай

    Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў апублікавалі кароткі спіс намінантаў на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай. Менш, чым праз два тыдні, мы пачуем назву найлепшай паэтычнай кнігі апошняга сезона. Reform.news распавядае пра тры выданні, выбраныя журы.

    фіналісты прэміі імя Наталлі Арсенневай 2024

    «Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»)

    Сяргей Прылуцкі жыў у Бучы, якая вясной 2022-га, падчас наступу расійскіх войск на Кіеў, часова знаходзілася пад акупацыяй. Нядаўна паэта прызвалі ва ўкраінскае войска.

    Першыя вершы, што ўвайшлі ў кнігу, Сяргей Прылуцкі пачаў пісаць вясной 2022, ведаючы асаблівасць памяці заціраць дэталі. Тым больш, калі гэта тычыцца траўматычнага досведу. Непасрэдна з акупантамі Сяргей тады не сутыкнуўся, фіксаваў сляды – на вуліцах, ва ўласнай кватэры, у якую вярнуўся, калі рускія войскі пакінулі горад.

    Сяргей вядомы як творца, што вольна парушае літаратурныя межы і называе рэчы сваімі імёнамі, якімі б брутальнымі тыя (і рэчы, і імёны) не былі. Вершы ў кнізе, амаль пазбаўленыя знакаў прыпынку і стылістычна выбудаваныя прыступамі нянавісці і злосці, перажываннямі адзіноты і любові, з‘яўляюцца нічым іншым, як пераканаўчым дакументам і горкім сведчаннем. Аднак адначасова – акрэсленнем межаў чалавечнасці і яе ўмацаваннем. І гэта відаць па тым, як паслядоўна і цвёрда выбудоўвае аўтар уласную прастору болю і годнасці паміж радкамі напачатку і напрыканцы кнігі – ад фразы «Чарговы зьвер, што выгрыз нам вантробы, ужо стаіць глядзіць на твой пакой» да выніковага — «Каханне выжыве бясспрэчна»…

    «Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры» — Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»)

    Кніжка ўнікальнага фармату з’яўляецца аўтарскім вершаваным перакладам прозы Караткевіча. Яшчэ адна адметнасць гэтага выдання ў тым, што Андрэй Хадановіч прыстасоўваў свае вершы і да спявання, і да прамаўлення акторамі на сцэне. Нагадаем, што кніга вырасла як частка оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», пастаўленай Беларускім Свабодным тэатрам. Дакладней, Андрэй Хадановіч стаўся першым звяном у ланцужку стварэння новай оперы, бо напачатку яе былі словы, а не музыка.

    Такі своеасаблівы «ўтылітарызм» і складаныя тэхнічныя задачы не перашкодзілі галоўнаму – дасканаласці вершаваных радкоў, якія чытаюцца з нязменнай эстэтычнай асалодай. То-бок паэтычны праект атрымаўся цалкам аўтаномным, і ад першых радкоў «Я стары, я вельмі стары, дзевяносташасьцігадовы» да апошніх «Сьвітанак зазьзяе ярчэй!» аўтар уводзіць гледача ў заблытаны свет адчараванай легенды і нават яе актуалізуе. Чаго толькі вартае апошняе пракляцце Дубатоўка: «Праклінаю вас, канаючы ў дрыгве: да свабоды хай ніхто не дажыве! Хай зямля гарыць пад вамі, як палена, — Праклінаю да дваццатага калена! Каб гібелі ўслед за вамі вашы дзеці З найпаскуднейшаю ўладаю на сьвеце». Якое, як вядома з кнігі Караткевіча, тым разам не спраўдзілася.

    «Момант цішыні» – Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна)

    Што тычыцца трэцяй кнігі кароткага спісу, то яна зашыфраваная дзеля бяспекі творцы. Згодна са статутам прэміі імя Наталлі Арсенневай, паводле просьбы намінантаў і са згоды аргкамітэта, факт намінацыі, уключэння кнігі ў доўгі і кароткі спісы, а таксама перамога могуць зашыфроўвацца. Сапраўдныя звесткі вядомыя толькі каардынатару прэміі і сябрам журы, якія маюць арыгінальны тэкст кнігі для ацэнкі.

    Нагадаем, што сітуацыя з пераследам і парушэннямі культурных правоў у Беларусі і за яе межамі не паляпшаецца. Гэта пацвярджае і апошні маніторынг Беларускага ПЭНа, а таксама хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры. У Беларусі станам на 30 красавіка 2025 года Людзей Слова ў няволі – не менш за 35, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 163.

    «Але нават у гэтых складаных умовах мы маем надзею, — паведамляюць арганізатары. — Мы верым, што прыйдзе момант, калі аўтар/аўтарка зможа адкрыта расказаць пра сваю кнігу. Так адбылося з пераможцай прэміі за 2021 год Дар’яй Бялькевіч. Яе кніга «Слёзы на вецер» была прызнаная найлепшым паэтычным зборнікам года, але публічна гэта стала вядома толькі летась — калі гэта стала бяспечна для аўтаркі».

    Імя пераможцы прэміі імя Наталлі Арсенневай будзе абвешчана 24 траўня падчас адмысловай цырымоніі ў Варшаве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці