ФСБ узбудзіла новыя крымінальныя справы супраць журналістаў, якія пабывалі ў Суджы
Федэральная служба бяспекі Расіі ўзбудзіла чарговыя крымінальныя справы. Гэтым разам супраць журналістаў Deutsche Welle і ўкраінскага канала «1+1».

Уладзімір Зяленскі аб’явіў пра ўзяцце горада Суджа Курскай вобласці 15 жніўня. Фота: Getty Images
Пасля рэпартажаў з Курскай вобласці ФСБ РФ узбудзіла крымінальныя справы за «незаконнае перасячэнне мяжы» супраць журналіста Deutsche Welle Нікаласа Коналлі і карэспандэнткі ўкраінскага тэлеканала «1+1» Наталлі Нагорнай.
Як паведамляе расійскае ведамства, журналісты «незаконна перасеклі дзяржаўную мяжу Расійскай Федэрацыі і ажыццявілі відэаздымкі ў раёне населенага пункта Суджа Курскай вобласці».
Нікалас Коналлі ў рэпартажы расказаў, што ён некалькі гадзін правёў у акупаванай украінскімі войскамі Суджы і знаходзіўся ўвесь час пад наглядам байцоў УСУ. У горадзе журналіст размаўляў з мясцовымі жыхарамі.
Агулам пасля 15 жніўня, калі ўкраінскія войскі занялі расійскі горад Суджа, ужо ўзбуджаныя крымінальныя справы супраць 7 замежных журналістаў.
Раней аналагічную крымінальную справу ФСБ узбудзіла супраць здымачнай групы італьянскага тэлеканала TG1: журналісткі Стэфаніі Бацісціні і аператара Сімонэ Траіні. Такое ж абвінавачанне атрымалі рэпарцёр CNN Нік Уолш, украінскія журналісткі Алеся Баравік і Дзіяна Буцко.
