• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча аштрафавалі на 15 базавых за ўдзел у акцыі пратэсту

    У судзе Заводскага раёна Мінска разгледзелі  адміністрацыйную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча.

     

    Марціновіч расказаў, што падчас трохдзённага ўтрымання пад вартай з 23 да 26 верасня да яго прыходзіў аператыўнік з МУС, якога цікавіла, ці не хацеў бы ён выехаць за мяжу як Ціханоўская? Тое самае пытанне яму задаваў чалавек, з якім Марціновіча пасадзілі ў адну камеру ЦІП.

    Сёння ж у судзе Заводскага раёна Мінска пачынаецца разгляд адміністрацыйнай справы супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча.

    Ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыяванай акцыі пратэсту.  Меркавана, гэта тычыцца інцыдэнту ў жніўні: уначы з 10 на 11 жніўня Ягора Марціновіча амапаўцы выцягнулі з машыны, закінулі ў аўтазак, збілі, ноч трымалі на зямлі каля Заводскага РУУС, а пасля перавезлі ў жодзінскую турму. Агулам ён тады правёў за кратамі паўтара сутак. Ягор тады ехаў забіраць сваю жонку, журналістку Tut.by Адар’ю Гуштын, што працавала цэлы вечар каля метро «Пушкінская», дзе ў той дзень адбываліся пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сутычак і дэманстрацый у момант затрымання ўжо не было.

    Асобы з аўтаматамі, якія затрымлівалі, праігнаравалі журналісцкае пасведчанне Марціновіча.

    Машына засталася стаяць на праезнай частцы з адкрытымі дзвярыма. Выпадкова аўтамабіліст пабачыў яе, спыніўся і адбуксіраваў у суседні двор. Там яна прастаяла не замкнёнай амаль два дні. Нічога пры гэтым з яе не прапала.

    Больш за 36 гадзін на сям’я, ні калегі не ведалі, што здарылася з Марціновічам. Урэшце 12 жніўня ён знайшоўся ў ізалятары Жодзіна і яго адпусцілі. Яму сказалі, што яго адпускаюць па рашэнні міністра ўнутраных спраў Караева. Аўтамабілем МУС яго даставілі з Жодзіна ў Мінск.

    Інтарэсы Ягора Марціновіча ў судзе прадстаўляе адвакат Сяргей Зікрацкі.

    Разглядае адміністрацыйную справу суддзя Алена Някрасава.

    Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ўначы з 10 на 11 жніўня. Суд аштрафаваў яго на 15 базавых велічынь па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП.

    12:20

    «Я па-ранейшаму катэгарычна не згодны з пратаколам, складзеным на мяне. Я не адказваю за натоўп, і СМІ неяк. Тое што гэты пратакол усплыў — сведчанне палітычнага ціску супраць мяне», — заявіў Ягор Марціновіч перад тым, як суддзя выйшла для прыняцця рашэння.

    12:13

    Пасля хутка вывучылі матэрыялы справы: зачыталі рапарт лейтэнанта Аляксандра Бумая («грамадзянін выкрыкваў лозунгі» і г.д).

    Адвакат Сяргей Зікрацкі папрасіў, каб суд запатрабаваў у мабільнага аператара дадзеныя аб знаходжанні абанента Марціновіча ў ноч на 11 жніўня.

    Суддзя Алена Някрасава адхіліла хадайніцтва: суду дастаткова для рашэння і таго, што ёсць.

    12:08

    Затым выслухалі Канстанціна Савеню — «сведку адміністратыўнага правапарушэння».

    «Мы супраць таго, каб ён выступаў па скайпе», — адзначыў адвакат Сяргей Зікрацкі. Але суддзя хадайніцтва адхіліла.

    З Савеням звязаліся па відэасувязі, ён адказваў проста з машыны.

    Савеня распавёў, што ён — участковы. Нібыта ноччу 11 жніўня паступіла інфармацыя пра несанкцыянаванае шэсце. Людзі крычалі «Жыве Беларусь» і пляскалі ў далоні.

    «Колькі людзей было?» — спытала суддзя.

    «Не магу адказаць. Вялікая колькасць», — адказаў Савеня.

    Па яго словах, пасля папярэджання затрымалі самых актыўных. Ён сам у затрыманнях не ўдзельнічаў. Ці пазнае Марціновіча, адказаць не змог.

    «Твар знаёмы, але так не ўзгадаю», — сказаў Савеня.

    «Чаму вы ў машыне, але не можаце прыехаць у суд?», — спытаў яго Марціновіч.

    Пытанне зняла суддзя Някрасава.

    «Пры якіх абставінах затрымалі канкрэтна мяне?», — спытаў Ягор Марціновіч.

    «Не магу адказаць».

    «У якой вопратцы я быў?».

    «Не магу адказаць, месяц прайшоў».

    «Канкрэтна мяне папярэджвалі, што мерапрыемства несанкцыянаванае?»

    «Папярэджвалі ўсіх у масе».

    «Як я рэагаваў на папярэджванні?»

    «Я не памятаю. Калі вас затрымалі, значыць вы не адрэагавалі на папярэджанне», — адказаў участковы Савеня.

    «Вы ў паказаннях сцвярджаеце, што я затрыманы быў у 3:05. Як вы патлумачыце, што СМІ паведамілі, што я затрыманы ў 2:09?» — спытаў Марціновіч.

    «Калі ў пратаколе 3:05, значыць было ў 3:05. Што напісана, я тое і падтрымліваю», — сказаў Савеня.

    «Апішыце будынкі, каля якіх мяне затрымлівалі?» — папрасіў Марціновіч.

    «Я не бачыў, як вас затрымлівалі», — сказаў Савеня.

    Пасля яшчэ шэраг пытанняў задаў адвакат Зікрацкі, Савеня адказваў агульна, маўляў, дэталяў не памятаю, шмат часу прайшло.

    «А ці дапускаеце вы, што я быў там, але маўчаў?» — задаў апошняе пытанне Марціновіч.

    «Не, не дапускаю, — адказаў Савеня. — Тыя, хто маўчаў, узялі і сышлі».

    11:19

    Выступіў сведкам і журналіст Зміцер Панкавец. Марціновіч забіраў яго ля «Рыгі» ў тую ноч, пасля праехаліся па горадзе і Панкавец выйшаў на Кальварыйскай.

    Ён падкрэсліў: пакуль ноччу ён быў побач з Ягорам, той выконваў свае прафесійныя абавязкі, у акцыях не ўдзельнічаў.

    11:12

    Ягор Марціновіч адзначыў: «У матэрыялах справы няма пратакола майго надгляду, гэта сведчыць пра тое, што дакументы не запаўняліся належным чынам і без маёй прысутнасці, мне не давалі з імі азнаёміцца». Ён пахадайнічаў, каб дадаць гэта да справы.

    Таксама заслухалі і паказанні сведкаў. Журналістка Настасся Роўда распавяла, што чакала Марціновіча, але ён так і не даехаў:

    «Ад Ягора прыйшла смс «sos», пасля ўсе званкі скідвалі. Стала зразумела, што яго затрымалі».

    На момант, пазначаны ў пратаколе затрымання Марціновіча, людзі ўжо разышліся і не было ні пратэстаў, ні акцый, адзначыла Роўда.

    Наступны сведка — Яўген Палуяновіч, мужчына, які знайшоў аўто Марціновіча. Машына стаяла кінутай на выездзе з двара, вокны адкрытыя, распавёў сведка.

    Ён кажа, што пустую машыну ўбачыў у 2.30. Паводле пратакола, Ягор з 2:45 па 3:05 бадзяўся па праспекце Пушкіна, выкрыкваючы лозунгі, але Палуяновіч адзначыў: ніякіх шэсцяў ці акцый у той час не праходзіла.

    10:40

    Пасля вазілі на Акрэсціна, але яно было перапоўненае. У выніку даставілі ў РУУС Заводскага раёна. Там з дапамогай удараў і дубінак усіх затрыманых паклалі проста ў двары на зямлю.

    «Ляжалі доўга, па адчуваннях каля 9 гадзін», кажа Ягор.

    Невядомыя сілавікі апытвалі анкетныя дадзеныя, праўда, пасля ў пратаколе былі памылкі і несупадзенні. Марціновіч адзначыў у ім, што не згодзен з абвінавачваннямі пра ўдзел у мітынгу і выкрыках «Жыве Беларусь».

    Пасля яго перавезлі ў Жодзіна. Там 12 жніўня яго нарэшце адшукалі і нейкі супрацоўнік МУС Артур адвёз яго ў Мінск, дзе высадзіў ля будынка Міністэрства ўнутраных спраў і паведаміў, што Марціновіча вызваляюць «іменем Рэспублікі Беларусь» і па асабістым загадзе Караева.

    «Калі я расказваў пра затрыманне і вызваленне калегам на дыктафон, падышла Вольга Чамаданава. Яна папрасіла мяне маўчаць і не паведамляць у СМІ акалічнасці затрымання. Тады, маўляў, дакументы аб справе нікуды не пойдуць далей. Я адказаў, што гэта немагчыма.

    Гэтая размова трапіла на запіс, ёсць аўдыя».

    10:26

    Марціновіч патлумачыў суддзі, што ўвечары 10 жніўня перамяшчаўся на аўтамабілі, а не пехатою. Большасць вечара Ягор увогуле правёў у бальніцы, куды шпіталізавалі журналістку «Нашай Нівы» Наталлю Лубнеўскую. Пасля 23‑й гадзіны ён пад’ехаў да ўніверсама Рыга, забраў там калегу Змітра Панкаўца, затым высадзіў яго на Кальварыйскай і паехаў на Пушкінскую, каб сустрэць там сваю жонку журналістку Адар’ю Гуштын і журналістку «НН» Настассю Роўду.

    «Каля станцыі метро Пушкінская стаяла шмат сілавікоў са зброяй, адзін паказаў, каб я звярнуў у дваравы праезд. Там быў імправізаваны блокпост, ужо іншыя сілавікі даглядзелі багажнік і здымкі на мабільным, паведамілі ехаць далей, — распавёў Марціновіч. — У дваравым праездзе на Пушкіна аўтаматчык падыйшоў, загадаў выйсці з машыны. Я паказаў журналісцкае пасведчанне, адказ быў: «Тады цябе тым больш трэба затрымаць».

    Ягор падкрэсліў: у той момант акцый ці шэсцяў вакол не праходзіла.

    10:13

    Суддзя зачытала пратакол затрымання:

    11 жніўня глыбокай ноччу Марціновіч нібыта ўдзельнічаў у незаконным шэсці, выкрыкваў «Жыве Беларусь», патрабаваў змены ўлады і пляскаў у далоні.

    Ягор Марціновіч не пагадзіўся і адзначыў, што ў той дзень і час яго ўвогуле там не было.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці