«Вылецела з БТ шчаслівым коркам». Ганна Златкоўская — пра досвед працы на дзяржтэлебачанні
Пісьменніца Ганна Златкоўская шмат гадоў адпрацавала на БТ, дзе, як яна кажа, назірала за «паранояй кіраўніка дзяржавы» і дайшла да панічных атак. У выніку звольнілася ў нікуды — пачала пісаць кнігі і калонкі для незалежных СМІ. Праз гады Ганна трапіла ў Офіс Святланы Ціханоўскай, стаўшы новай асабістай памочніцай лідаркі беларускіх дэмсілаў.
У інтэрв’ю «Люстэрку» Златкоўская расказала, чаму ёй было важна сысці з дзяржТБ, як яе раман «Девочки-стекло» пераклікаецца з новай рэальнасцю і што больш за ўсё ўразіла ў працы палітыкаў, калі яна ўбачыла яе знутры. БАЖ публікуе фрагмент размовы пра досвед працы пісьменніцы на БТ.

Ганна Златкоўская, пісьменніца і асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільнюс, Літва, 2025 год. Фота: асабісты архіў
— Пачнём з вашай працы на БТ. Як доўга вы там працавалі, чым займаліся і чаму сышлі адтуль?
— На тэлебачанне я ўладкавалася ў 2006 годзе, праз год пасля заканчэння ўніверсітэта. Я тады была маладая наіўная дзяўчынка, якая марыла звязаць сваё жыццё з творчасцю — кінадраматургіяй і тэкстамі.
Мне не ўдалося ўладкавацца на «Беларусьфільм». Я думала: калі мяне туды возьмуць, нарэшце можна будзе нешта змяніць ўнутры гэтай структуры і пачаць здымаць класныя, добрыя фільмы. Але рэальнасць аказалася жорсткай. Таму калі мне прапанавалі пайсці працаваць на тэлебачанне, я ўзрадавалася, калі шчыра. У маладосці я наогул марыла быць тэлевядоўцай і нават бегала па розных кастынгах, тады не разумеючы, як гэта на самай справе працуе. Усюды ёсць свае нюансы, і часта яны звязаныя з зусім іншымі рэчамі — не з талентам і харызмай.
А тут падвярнулася такая пасада — у дырэкцыі кінапаказу. Якраз праца, звязаная з кіно, якое трэба было праглядаць — і серыялы, і фільмы — і пры гэтым рабіць сетку вяшчання менавіта што да кінапрадукцыі.
Праца там у першыя гады ўключала некалькі этапаў. З аднаго боку, была творчая частка: я адглядала фільмы і думала, які і куды лепш паставіць, у які час. Памятаю, як мы з маім дырэктарам прыдумалі класную лінейку ў чацвяргі — паказваць добры артхаўсны фільм для сур’ёзнага гледача. Мы закуплялі такія фільмы, праглядалі, абмяркоўвалі іх.
Плюс нятворчая частка — гэта сама сетка. Тады яшчэ было аналагавае тэлебачанне, усё рабілася практычна ўручную. Гэта было нялёгка, трэба было шмат вылічваць: нельга памыліцца нават на секунду, тым больш на хвіліну, бо гэта ж вяшчанне — будзе чорны экран, гэта адразу бяда.
— Здаецца, на дзяржТБ палітыка так ці інакш «вылазіць» нават у творчых рэдакцыях.
— Першы час я не разумела, што такое тэлебачанне і наколькі яно звязанае з палітыкай. Мяне паступова зануралі ў рэальнасць, і прыходзіла разуменне, што нават у такіх малых формах прысутнічае палітыка і трэба звяртаць на некаторыя моманты пільную ўвагу. Што ў кіраўніка дзяржавы ёсць пэўная параноя, і ў асобныя дні могуць прычапіцца нават да назваў фільмаў ці мульцікаў.
Працавала я там да дэкрэту, але ўжо перад ім пачала задумвацца, што хачу сысці. Бо творчая частка ў працы знікла абсалютна. З’явіліся новыя прадзюсары, якія патрабавалі досыць простага, вельмі абыватальскага кантэнту, разлічанага на публіку, якая зусім не думае, якая можа глядзець гадзінамі гэтыя расійскія серыялы пра мянтоў ці якую-небудзь «Машу Беразіну» — дагэтуль памятаю гэтае велізарнае палатно. І нейкія прапановы наконт таго, што трэба трошачкі адукоўваць гледача, вядома, ляцелі ў пустэчу.
— Гэта калі было, у якія гады?
— Я нарадзіла сына ў 2012‑м. Два апошнія гады ўжо стала адчуваць, што пачаліся змены, і яны мне вельмі не падабаліся. Мне было сумна. Часта думала, што трэба сыходзіць, але тады наогул не разумела куды. Я не пісала нічога, у мяне не было нейкай творчасці. Часткова гэты ўнутраны вакуум і немагчымасць самавыявіцца ў нейкі момант і падштурхнулі мяне ўсё ж пісаць [тэксты]. Я напісала сваю першую кнігу.
Сядзела ў офісе Белтэлерадыёкампаніі і пісала яе ў вольны час, бо мне хацелася хоць неяк выказацца. Тады ж я напісала і сваю першую калонку для kyky.org (незалежнае медыя, якое працавала з 2010 да 2024 года. — Заўв. рэд.), якая стала мільённікам.
— Калі канчаткова зразумелі, што хочаце звольніцца?
— Спачатку з’явілася дастаткова рацыянальнае рашэнне пайсці ў дэкрэт. Я нарадзіла. Пасля дэкрэту хацела звольніцца, але потым падумала, што будзе цяжка. Гэта стандартная, усім вядомая і банальная гісторыя. Хто возьме маму з маленькім дзіцем, ведаючы, што яна праз два тыдні проста пойдзе на бальнічны, бо дзіця ходзіць у садок?
Таму я пратрымалася яшчэ год. І ён быў максімальна цяжкім. Кожны дзень пытала сябе: «Што я тут раблю?» Быў стан, калі хацелася выйсці ў акно. Я літаральна там задыхалася, пачыналіся панічныя атакі. Я не разумела наогул, што мы робім, навошта я тут. Пачала пісаць, супрацоўнічаць з kyky.org.
І ў нейкі момант я зразумела: усё, хопіць. Ужо не памятаю, я перарывала кантракт ці ён у мяне заканчваўся. Проста сказала сабе, што сыходжу. Тады яшчэ ў дырэкцыі пыталі: «Ты знайшла класную працу?» Я кажу: «Не, я не знайшла класную працу. Я сыходжу ў нікуды». І гэтую фразу: «Адсюль у нікуды не сыходзяць», — памятаю, казалі калегі. А я гэтага не разумела, бо не ўсё ўпіраецца толькі ў заробак. У жыцці яшчэ важна неяк рэалізоўвацца, расці, да нечага імкнуцца. І я гэтага вельмі хацела. Таму я сышла з лёгкім сэрцам і пачала проста фрылансіць для kyky.org.
— Цяпер адчуваеце нейкую іронію праз тое, што вы працавалі ў сістэме дзяржТБ, а аказаліся ў самым сэрцы дэмакратычнага руху?
— Ведаеце, не. Па-першае, працуючы на БТ, я не была чалавекам, які прымаў рэжым Лукашэнкі. Заўсёды гэтаму супраціўлялася. Разумела, што тое, што адбываецца вакол — ненармальна. Ніколі сябе не асацыявала з Белтэлерадыёкампаніяй. Я была там адказнай рэдактаркай, якая хацела проста паказваць людзям добрае якаснае кіно. У мяне гэта не атрымалася, бо гэта была структура са сваімі правіламі, прадзюсарамі, густаўшчынай і гэтак далей. Таму не, я не адчуваю ніякай іроніі і ніяк не звязваю тую дзейнасць і гэтую.
— А досвед на БТ неяк дапамагае? Можа, веданне наратываў прапаганды ці таго, як там знутры гэта ўсё працуе, можна неяк выкарыстаць на вашай цяперашняй пазіцыі?
— Хутчэй я магу разумець, як думае просты чалавек і чаму ён прымае тыя ці іншыя рашэнні. У жыцці я бачыла велізарную колькасць людзей на розных пасадах, з розным мысленнем і кругаглядам. У той жа Белтэлерадыёкампаніі была вялікая колькасць нармальных, адэкватных людзей, якія любілі сваю працу, і гэта таксама не заўсёды было звязана з палітыкай. Гэта вялікая структура, і там патрабуецца шмат кваліфікаваных супрацоўнікаў, якія робяць дробязі і без якіх радыёвяшчанне проста разваліцца.
Відаць, назіраючы за людзьмі, асабліва ў такой структуры, можна зразумець, чаму ў 2020 годзе хтосьці пабаяўся зрабіць крок і звольніцца. А хтосьці, як я, вылецеў з БТ шчаслівым коркам.
Цалкам інтэрв’ю чытайце тут
