• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Газета «Беларусь» у 1919 годзе: Слухай тых, хто гаворыць да цябе ў тваёй роднай мове

    Менавіта не старонках гэтага выдання 105 гадоў таму ўпершыню быў надрукаваны гімн – «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Гэтая газета была максімальна нацыянальна-арыентаванай, што і вынікае з назвы. Яе рэдактарамі паспелі папрацаваць Ядвіга Луцэвіч і Язэп Лёсік. «Новы Час» пагартаў старонкі.

    Газета «Беларусь» ад 22 сакавіка 1920 года (фрагмент)

    Жыды!..

    Сёньня пэўна немагчыма ўявіць, каб з такім загалоўкам выйшла першая старонка беларускага выданьня, ці, прынамсі, галоўны матэрыял на сайце медыя. Але акурат з такой назвай быў надрукаваны верш Янкі Купалы. Насуперак думцы аб негатыўных асацыяцыях, радкі песьняра цалкам прыязныя да гэтага народа.

    Жыды, «хрыстапрадаўцы і прыблуды»!

    О, слава вам, усебеларускія жыды!

    Я веру вам, хоць чорнай гразьзю ўсюды

    Плюе вам раб і цар, стары і малады.

    Нявольнікі вы сёньня з намі разам

    На беларускай змучанай зямлі,

    Дзе чорны зьдзек пасьвенчаным абразам

    Гняце нас разам, як зьвяр’е, у крутой пятлі.

    Вы ўскрэсьніце, жыды, усьлед з Беларусяй, -

    Сьцяг ваш і нашая паходня будуць жыць,

    Хоць наг магільнік кветкай апрануўся,

    Хоць згубны мор над намі гібеляй імжыць (…)

    Родная мова

    Тое, што робіць насельнікаў тэрыторыі – народам – гэта родная мова. Аб гэтым ня трэба было тлумачыць нашым продкам у 1919 годзе, але пра гэта трэба біць у набат у сёньняшнім, 2024‑м.

    «Здавалася, што пытаньне аб беларусізацыі народнай асьветы так проста і ясна, што не патрабуе тлумачэньня. Няма ж у шырокіх кругах грамадзянскіх двух поглядаў на права вольнага культурнага разьвітку палякаў, украінцаў, латышоў і другіх народаў.

    Між тым, культурны імпэт беларусаў сустрачае варожыя адносіны ў ліку большасьці беларускага настаўніцтва. Яно, настаўніцтва, прапанавала прыняць высокую вялікарускую культуру – асыміліравацца. Але ж асыміляцыя гэта рабства!

    Дый, каб прыняць высокую культуру, трэба дарасьці да яе, што магчыма толькі не дарогаю самахвотнай асыміляцыі, але дарогаю разьвітку нацыянальнай беларускай культуры. Мэта ўсіх народаў – прынесьці дар усясьветнай культуры ў сэнсе высока разьвітай нацыянальнай душы.

    Родная мова пераходзіць з пакаленьня ў пакаленьне, і гэты пераход апіраецца на закон прыроды.

    Нам добра вядома, што дзеці ў часе гневу моршчаць твар, крычаць, крывяць вусны і дрыгаюць нагамі. Але таксама добра вядома, што іх гэтаму ніхто ня вучыў: гэта ў натуры іх закладзена, гэты закон прыроды, што як першабытны чалавек крывіў твар свой, так павінны крывіць і за ім пакаленьні.

    От па такім жа закону прыроды ў душы чалавека закладзена нахільнасьць выказваць свае думкі і перажываньні тымі самымі зыкамі, а ў далейшым разьвіцьці і – словамі, якімі карысталі з няпомных часоў і папярэднія пакаленьні.

    Адрасы рэдакцый і любімая кавярня Купалы. Гід па віленскіх месцах «Нашай Нівы»

    Навука кажа нам, што як родзіцца чалавек, дык мазгі ў яго прыстасаваныя так, што кожнае паняцьце можа лягчэйшым спосабам знайсьці ў ім мейсца, калі ўводзіцца ў яго пры дапамозе мовы, якую ўжывае матка. А натура чалавека так накіравана, што ён выбірае дарогу для свайго разьвітку з найменьшым лікам перашкод. Так і розум чалавечы выбірае сабе ляшчэйшы спосаб выражэньня – тую мову, якую жыцьцё выкавала дзеля кожнай нацыі асобна і толькі дзеля яе адной – значыцца родную мову.

    Толькі тады беларускі народ заваюе сабе грамадзянскія правы ў сям’і культурных нацыяў, калі, паставіўшы сваю нацыянальную культуру на высокую ступень, ён прыйдзе да іх ня з пустымі рукамі, а з новым, багатым дарам для ўсясьветнай культуры».

    Урывак з выданьня

    Прэч ад Масквы

    18 лістапада 1919 года на старонках выданьня зьявілася паведамленьне ад Язэпа Лёсіка, аднаго з кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі.

    «Я, маршалак Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, абвяшчаю да агульнага ведама, што ўсе брыдкія нагаворы па адрасу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ёсьць правакацыя цёмных і нясумленных газэтчыкаў. Сходы Рады адбываюцца публічна, і кожны грамадзянін можа сам прыйсьці і даведацца, што Рада бароніць дзяржаўныя інтарэсы беларускага народу. Яна дамагаецца. Каб змучаны вялікі Беларуcкі Народ стаў гаспадаром у сваім краю, каб ён адбудаваў сваё Беларускае Гаспадарства і перастаў быць парабкам у сваіх суседзяў.

    Адгэтуль відаць, што ўсе тыя людзі, што ганьбяць Раду ў вачах насельніцтва, зьяўляюцца ворагамі Беларускага Народу і ўсяго Беларускага Краю. Паганяючы Раду перад вачыма насельніцтва, яны там адбіраюць у народу нашага яго адзіны правамоцны орган, каторы можа бараніць наш народ перад усім сьветам. І робіцца гэта дзеля таго, каб трымаць цябе, Беларускі Народзе, у цемры, зьдзеку і няволі.

    Ня вер ім, Беларускі Народ! Слухай тых, хто гаворыць да цябе ў тваёй роднай мове, хто шануе Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і хто хоча, каб ты, няшчасны Беларускі Народзе, адбудаваў сваю Беларускую Дзяржаву і запанаваў уладарным гаспадаром у сваёй спрадвечнай зямельцы Беларусі. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі даўно абвесьціла, што яна парывае ўсякую палітычную сувязь з Маскоўшчынай і будзе шукаць сабе палітычных саюзьнікаў у іншым месцы, але не ў Расеі.

    Няхай жыве Беларуская Дзяржава!

    Няхай жыве Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

    Маршалак Рады БНР Язэп Лёсік».

    Гарэлка, кнігі, кіно: рэклама ў беларускіх газетах 100 гадоў таму

    Зьмітрок Бядуля пра нашае войска

    Знакаміты літаратар на старонках газэты разважаў пра тое, на якім грунце мусіць стаяць Беларусь і ўся беларуская справа.

    «Нацыянальнае асьведамленьне сярод народу беларускага, пасьля працы беларускай інтэлігенцыі ў працягу дзясяткаў гадоў, пачынаючы з 19 стагодзьдзя, пачало шпарка пашырацца. Ад 1917 году ад часоў перавароту, калі сярод беларускай інтэлігенцыі адраджэньне прыняло шырокія формы праз агітацыю, школы і зьезды, калі аб беларусах загаварыў увесь сьвет – пачаўся рух і паміж сялянства.

    Урывак з выданьня

    Шкодзілі ў гэтым кірунку яго старыя «апякуны». Яны пад маскамі бальшавікоў, манархістаў і анархістаў, праваслаўных і каталікоў стараліся зацямніць мазгі нашага народу. Гэтыя «апякуны» не пакідалі фабрыкаваць яго на палякаў і расейцаў, перашкаджаючы носьбітам праўдзівага сьвятла ў іх шчырай працы на кожным кроку.

    Пры гэтакіх кепскіх варунках прыходзілася працаваць беларускім дзеячам. А ўсё ж такі праз друк, праз школы, праз жывое слова шмат зроблена ў кірунку асьведамленьня беларускіх мас. А тое, што не дакончылі пры сіле духоўнай – зробіць сіла фізычная – Беларускае войска.

    Што пачало беларускае слова, павінен рабіць далей беларускі меч.

    Беларускае войска – гэта ёсьць той найвышэйшы пункт нашага адраджэньня, каторы павінен, нібы бура, узварухнуць народную гушчу. Моцным клічам сваім Беларускае войска ўзбудзіць душу нашага селяніна да новага, незалежнага, дзяржаўнага жыцьця.

    Разам з Беларускім Войскам зьявіцца масавая нацыянальная сьвядомасьць. Гэтак, як перашкаджалі беларускаму друку, перашкаджалі таксама стварэньню Беларускага Войска. Цяпер павінна як найболей ісьці ў войска беларуская інтэлігенцыя.

    Гутарка на чужой мове сярод нашых салдатаў павінна лічыцца вялікім праступкам перад нашай сьвятой справай. Войска павінна быць нацыянальнай школай для нашых народных мас. Войска павінна навучаць нашага селяніна шанаваць як чужых, так сама і самаго сябе».

    «Воля Народу»: газета, якая праіснавала пяць дзён

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці