Ад графіці ля мінскага вакзалу да ілюстрацыяў у The New York Times. Гісторыя беларускага мастака Дзмітрыя Кашталяна
На пачатку сакавіка амерыканскае выданьне The New York Times апублікавала артыкул пра вымерлую птушку дадо, праілюстраваўшы яго выявамі беларускага мастака. Навіна аб поспеху суайчыньніка адразу разыйшлася па навіновых сайтах і сацсетках. У размове з Радыё Свабода Дзмітрый расказаў, як можна дасягнуць поспеху, займаючыся тым, што падабаецца больш за ўсё.

Дзмітрый Кашталян. Фота: facebook/MiaArtGallery
Аднойчы беларускі мастак і ілюстратар Дзьмітры Каштальян правяраючы сваю электронную пошту знайшоў ліст, падпісаны арт-дырэктарам амэрыканскага выданьня The New York Times. Той пісаў, што даўно сочыць за творчасьцю беларуса і яна пасуе да публікацыі, якую акурат рыхтуе сусьветна вядомая газэта.
«Вядома, гэта для мяне было важна, — расказвае Дзьмітры. — The New York Times адно з самых вядомых і шанаваных выданьняў у сьвеце, зь імі працаваць прэстыжна і прыемна. Не магу сказаць, што такія буйныя замоўцы да мяне зьвяртаюцца часта. Таму адчуваю маральны ўздым, вядома. З The New York Times удалося — з аднаго боку, нечакана. А з другога боку, я сыстэмна працую, прадстаўлены на міжнародных пляцоўках. Замоўцы высокага ўзроўню мяне там пэрыядычна знаходзяць».
View this post on Instagram
Ілюстрацыі беларуса абралі для публікацыі аб выміраньні відаў на плянэце і нашым разуменьні гэтага. Адной з «гераінь» публікацыі стала зьніклая з Зямлі птушка Дадо. Дадатковым стымулам для Дзьмітрыя стала і тое, што The New York Times вельмі любіць ягоная жонка. Дзьмітры дадае, што ў амэрыканскім выданьні падкрэсьлівалі важнасьць менавіта ягонага ўласнага стылю. Хацелі, каб беларус падрыхтаваў ілюстрацыі такімі, якімі бачыць іх сам.
«Гэта вельмі прыемна для мастака, — кажа Дзьмітры. — У мяне быў ужо досьвед супрацы з адным з амэрыканскіх выданьняў. Яны папрасілі мяне падрыхтаваць ілюстрацыі да тэксту пра зьмены ў турызьме праз пандэмію каранавірусу. Я зрабіў эскіз, даслаў ім. Яны адказалі, што усё выдатна. Я мог бы перарабіць яго так, каб там было больш Дзьмітрыя Каштальяна. Але тады падумаў — вось, выдатна».

Мастак-ілюстратар Дзьмітры Каштальян падчас працы, фота @kat_kashtalyan
Аўтамэханік
Дзьмітры Каштальян нарадзіўся ў Менску, яму 37. Апошнімі гадамі жыве ў Варшаве, прафэсійна займаецца ілюстрацыяй. Хаця заўважае, што жыцьцё магло скласьціся зусім іначай.
«Профільнай мастацкай адукацыі ў мяне няма, — расказвае мастак. — У Менску пасьля школы я скончыў аўтамэханічны каледж. Пасьля пэўны час быў студэнтам БНТУ, вучыўся там на інжынэра-канструктара аўтамабілебудаваньня. Але ў нейкі момант зразумеў канчаткова, што мне гэта ня трэба. І, відаць, заўсёды разумеў, што гэта не маё. Адлічыўся і пайшоў шляхам мастака».

Праца мастака-ілюстратара Дзьмітрыя Каштальяна
Закінуўшы вучобу, Дзьмітры ўладкаваўся ў друкарню, як фрылансэр распрацоўваў лягатыпы, фірмовы стыль для розных кампаніяў. Рыхтаваў плякаты і буклеты.
«Але агулам мой шлях у творчасьць пачаўся яшчэ, відаць, на стыку нулявых, калі я вучыўся ў школе, — узгадвае Дзьмітры. — Захапіўся брэйк-дансам, гіп-гоп культурай, графіці ў тым ліку. Гэта мяне натхняла. Мой шлях у творчасьць і мастацтва адбыўся дзякуючы такому захапленьню. Пачынаў я з nаго, што маляваў балёнчыкам на сьценах сваё імя. Ужо потым зацікавіўся музэямі, іншымі мастакамі. Такі быў пакручасты шлях».

Дзьмітры Каштальян, фота @kat_kashtalyan
Першыя графіці Дзьмітры намаляваў на вуліцы Дружнай у Менску, недалёка ад чыгуначнага вакзалу. Кажа, што тады там можна было маляваць больш-менш спакойна.
«Прыйшлі ранкам туды з маім сябрам і зрабілі першы малюнак, — кажа Дзьмітры. — Там такое месца ў кірунку Барысава ёсць. Усё спакойна прайшло. Мяне агулам за графіці затрымлівалі толькі адзін раз, на плошчы Бангалор. Там такое месца — таксама ціхае, усе там малявалі. Але міліцыя пэрыядычна арыштоўвала, вядома. Быў тады пэрыяд перад чарговымі выбарамі, і яны на ўсякі выпадак усіх бралі. А тыя, хто малюе на сьценах, — людзі нефармальныя. Вось тады мяне затрымалі, але нічога не было. Склалі пратакол і ўсё скончылася».

Праца мастака-ілюстратара Дзьмітрыя Кашатльяна, фота @julia.malkovich
Уласная бурбалка
Праца ў якасьці мастака-фрылансэра даволі хутка прынесла плён. Яшчэ жывучы ў Беларусі, Дзьмітры супрацоўнічаў зь міжнароднымі выданьнямі, як удзельнік пачаў езьдзіць на мастацкія імпрэзы за мяжу. Сярод яго кліентаў былі Entertainment Weekly, AFAR Media, Дзьмітры ўдзельнічаў у працы над вялікім муралам у італьянскім Турыне, якім апекавалася кампанія Lavazza.
«У нейкі момант я зразумеў, што не хачу быць выключна беларускім мастаком, — кажа Каштальян. — Разумеў, што рынак у Беларусі даволі вузкі, сфэра бедная. У пляне інстытуцыяў, магчымасьцяў. Адкрыў для сябе Instagram, міжнародныя конкурсы. Выйграваў там нешта. Пачаў пазыцыянаваць сябе як міжнародны аўтар, пачаў рабіць публікацыі па-ангельску. Удзельнічаў у міжнародных праектах, яшчэ жывучы ў Беларусі».

Мастак-ілюстратар Дзьмітры Каштальян, Фота @Yulia_goncharukk_
Дзьмітры кажа, што яшчэ да падзеяў 2020 году сканцэнтраваўся на працы за мяжой. У беларускім кантэксьце яго амаль не было заўважна. У Менску жыў ува ўласнай бурбалцы, займаўся творчасьцю. З словаў мастака, на радзіме празь дзяржаўную сыстэму ён адчуваў, што знаходзіцца дзесьці ня там. Вакол быў фонавы страх і пастаяннае пачуцьцё дыскамфорту. Пасьля жніўня 2020 году Дзьмітры Каштальян зьехаў у Польшчу, дзе жыве і зараз.
«Думаю, я ўжо не вярнуся ў Беларусь жыць на стала, — кажа Дзьмітры. — Для мяне гэта хутчэй закрытая старонка жыцьця. Я ўжо жыву тут».

Мастак-ілюстратар Дзьмітры Кашатльян побач са сваёй працай
«Да беларусаў у мяне заўсёды дадатковая ляяльнасьць»
Дзьмітры кажа, што ня можа раскрываць памер сваіх ганарараў. Яны бываюць вельмі рознымі, залежаць ад замовы і выданьня, якое яе робіць. Кожны раз бывае па-рознаму. Часам беларус выконвае працу не таму, што за яе добра плацяць, а кіруецца меркаваньнямі прэстыжнасьцю або сваёй зацікаўленасьцю заданьнем. Прыбыткі ад ілюстраваньня і творчасьці Дзьмітры не называе стабільнымі, але яны дазваляюць яму займацца толькі творчасьцю і мастацтвам. Неабходнасьці працаваць недзе яшчэ ў яго няма.
«Праблем праз тое, што ў мяне беларускі пашпарт, не ўзьнікае, — кажа мастак. — У прынцыпе нікога не цікавіць, адкуль я і хто я. Ні ў які бок гэта не ўплывае. Але вядомых беларускіх дызайнэраў ня так шмат у сьвеце. Асабліва тут, у нашым рэгіёне, ім складаней. Ведаю, што ёсьць такія, хто жыве шмат гадоў у ЗША і дасягнуў там вядомасьці і посьпеху. Яны маюць больш магчымасьцяў. Але ня так шмат беларускіх імёнаў».

Праца мастака-ілюстратара Дзьмітрыя Каштальяна
Дзьмітры дадае, што беларусам няпроста бывае прабіцца з сваёй творчасьцю і ўласным стылем. Над гэтым трэба шмат працаваць на доўгай дыстанцыі, якую неабходна вытрымаць і не памерці падчас гэтага з голаду.
Нагледзячы на пераезд і зацікаўленасьць у супрацы зь міжнароднымі выданьнямі і замоўцамі, Дзьмітры кажа, што мог бы папрацаваць і зь беларускімі тэмамі.
«Я заўсёды адкрыты, мне цікава, — кажа мастак. — Пытаньне, наколькі я буду пасаваць сваім стылем, наколькі гэта будзе мая тэматыка. Але я заўсёды адкрыты да беларускіх праектаў таксама. Да беларусаў у мяне заўсёды ёсьць дадатковая цікавасьць, ляяльнасьць. Я ж сам зь Беларусі. Я ведаю, наколькі беларусам цяжка быць запатрабаванымі».

Графіці мастака-ілюстратара Дзьмітрыя Кашатльяна
Дзьмітры кажа, што плянуе надалей займацца мастацтвам. Зараз ён нават больш заняты творчасьцю на палатне, чым рыхтаваньнем ілюстрацыяў. Зьбіраецца папрацаваць у маштабных праектах, заняцца скульптурай, ствараць аб’ёмныя аб’екты.
«Я ня бачу, каб для нашай індустрыі ішла пагроза з боку штучнага інтэлекту, — гаворыць Дзьмітры. — Для таго, чым займаюся я асабіста, яе няма. ШІ дапаможа спрасьціць нейкія працэсы для мастакоў. Часткова, вядома, ён забярэ працу ў больш уніфікаваных ілюстратараў, якія робяць штосьці больш простае, без яскрава выяўленага аўтарскага стылю. У гэтым сэгмэнце — магчыма. Але для тых, хто робіць нешта ўнікальнае, праблем не будзе. Людзі — сацыяльныя істоты. Яны любяць нешта такое, што было створана таксама чалавекам. Я бачу толькі магчымасьці. Стараюся бачыць. ШІ будзе ўплываць на ўвесь сьвет, але я мысьлю пазытыўна».
