• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нідэрландскі гісторык абвінаваціў BBC у цэнзуры лекцыі пра Трампа

    Брытанская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (BBC) выдаліла з лекцыі нідэрландскага гісторыка і журналіста Рутгера Брэгмана сказ, у якім ён назваў лідара ЗША Дональда Трампа «самай відавочна карумпаванай асобай у гісторыі ЗША». Пра гэта Брэгман паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы X.

    Нідэрландскі гісторык Рутгер Брэгман абвінаваціў BBC у цэнзуры лекцыі пра Трампа

    Гэта ўступная лекцыя «Час монстраў» з цыклу «Маральная рэвалюцыя», якая транслявалася на BBC Radio 4. Гісторык заявіў, што быў шакаваны такімі дзеяннямі карпарацыі і назваў такое рэдагаванне цэнзурай.

    «У мінулую сераду мне паведамілі, што гэтае рашэнне абмяркоўваецца з амерыканскімі юрыстамі і на самым высокім узроўні ў BBC. Некалькі дзён яны не маглі даць мне адказу», — сказаў Рутгер Брэгман.

    У анатацыі да лекцыі гаворыцца, што гісторык даследуе маральны заняпад і легкадумнасць сучасных эліт, праводзячы гістарычныя паралелі з мінулымі эпохамі карупцыі, якія папярэднічалі трансфармацыйным рухам, у тым ліку кампаніі ХІХ стагоддзя за адмену рабства.

    Паводле слоў Брэгмана, сказ пра цяперашняга прэзідэнта ЗША быў не беспадстаўным абвінавачваннем, а апраўданым і праўдападобным сцвярджэннем.

    «Вядома, што Дональд Трамп і яго сям’я атрымліваюць асабісты прыбытак ад прэзідэнцтва ў маштабах, якіх мы ніколі раней не бачылі. Згодна з даследаваннем, апублікаваным у New York­er у жніўні, асабісты прыбытак (Трампа) ужо перавышае прыблізна 3,5 мільярда долараў, пачынаючы ад здзелак з нерухомасцю і заканчваючы манетамі-мемамі», — сказаў журналіст.

    Ён таксама сказаў, што, нягледзячы на ​​інцыдэнт, усё яшчэ лічыць BBC адной з найлепшых медыяінстытуцый у свеце.

    «Рэдактары, з якімі я працаваў, былі цудоўныя. Для мяне быў гонар чытаць прэстыжныя Rei­th Lec­tures. Але гэтае рашэнне BBC вельмі сур’ёзнае. Гаворка ідзе нават не пра мяне. Гаворка ідзе пра нешта значна большае. Калі інстытуцыі пачынаюць цэнзураваць сябе, таму што баяцца ўладаў, гэта момант, на які мы ўсе павінны звярнуць увагу. Мы павінны не баяцца размаўляць пра тое, што адбываецца, і казаць праўду», — падсумаваў Брэгман.

    Карпарацыя ўжо адрэагавала на абвінавачванні гісторыка. Прадстаўнік BBC заявіў:

    «Усе нашы праграмы павінны адпавядаць рэдакцыйным патрабаванням, і мы вырашылі прыбраць адно выказванне з лекцыі пасля юрыдычных кансультацый».

    Прадстаўнік не ўдакладніў, пра якое выказванне ідзе гаворка.

    Нагадаем, што Дональд Трамп збіраецца падаць у суд на BBC на суму да 5 мільярдаў долараў за рэдагаванне яго прамовы ў дакументальным фільме «Панарама». Брытанскую карпарацыю абвінавачваюць у рэдагаванні двух частак прамовы Трампа, каб стварыць уражанне, што ён падбухторваў да беспарадкаў на Капітолійскім узгорку ў студзені 2021 года.

    На фоне скандалу вакол дакументальнага фільма «Панарама» генеральны дырэктар BBC Цім Дэйві і дырэктар BBC News Дэбора Тэрнес абвясцілі аб сваіх адстаўках. Медыякампанія папрасіла прабачэння ў Трампа за рэдагаванне яго прамовы, але адмовілася выплачваць кампенсацыю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці