«Гэта не памілаванне. Гэта катаванне, знятае для прайм-тайму». Ірына Сідорская — пра рэпартаж аб вызваленні Наталлі Левай
Экспертка па медыя і камунікацыях Ірына Сідорская пракаментавала сюжэт Першага інфармацыйнага каналу з кадрамі вызвалення палітзняволенай Наталлі Левай.

Скрыншот: ПЦ Вясна
Кадры з памілаванай палітзняволенай Наталляй Левай 19 лютага паказаў Першы інфармацыйны канал. Сюжэт знялі ў папраўчай калоніі ў Гомелі, куды па цяжарную жанчыну прыехалі яе маці і муж. Карэспандэнтка Анастасія Бенідзісюк наўпрост абвінаваціла зняволеную ў тым, які лёс мог напаткаць яе дзіця. У калоніі Наталля, як расказала раней былая палітзняволеная, экс-рэдактарка Tut.by Марына Золатава, зацяжарыла пасля спаткання з мужам. Жанчыну асудзілі на 6 гадоў зняволення за данаты.
«Гэта не памілаванне. Гэта катаванне, знятае для прайм-тайму, — выказвае свае меркаванне Ірына Сідорская ва ўласным тэлеграм-канале «Убок ад мэйнстрыму». —
Цяжарную жанчыну, якой нараджаць у наступным месяцы, выводзяць у калоніі перад камерамі. Намеснік міністра задае пытанні. Маці просіць. Жанчына павінна адказаць “правільна”.
Гэта называюць гуманізмам. Але гэта — катаванне.
Чаму?
Катаванне — гэта не толькі фізічны боль.
Гэта:
- прымус да публічнага пакаяння;
- абяцанне “заниматься семьей” як умова свабоды;
- пагроза вяртання ў калонію;
- абвінавачванне маці ў лёсе яе ненароджанага дзіцяці.
У сюжэце прама гучыць: яна “сама обрекла ребенка”. Гэта ключавая формула. Сістэма карае — і прымушае ахвяру прызнаць, што яна сама вінаватая.
Гэта і ёсць гвалт — калі адказнасць за рэпрэсіі перакладаюць на ахвяру.
Пра тых, хто гэта робіць
Каб такі рэпартаж выйшаў у эфір, нехта:
- вырашыў вывесці цяжарную перад камерай;
- напісаў сцэнар з пакаяннем;
- уключыў у яго маці, слёзы і “дзякуй”;
- назваў гэта “асабістым удзелам кіраўніка ў лёсе грамадзянкі”.
Гэта не памылка. Гэта было зроблена наўмысна. Годнасць жанчыны тут — тое, што ўладу ўвогуле не цікавіць.
Пра “журналістыку”
Рэпартаж пазбаўлены не толькі прафесіных стандартаў. У ім няма мінімальнай чалавечай эмпатыі ці павагі да будучай маці і яе сям’і. Гэта не журналістыка.
Гэта саўдзел у псіхалагічным гвалце.
І самае страшнае — не жорсткасць. Самае страшнае — што гэта робіцца спакойна, з усмешкай, з фразамі пра “важен человек”.
Калі цяжарную можна выкарыстаць як доказ гуманізму — гэта не пра міласэрнасць. Гэта пра сістэму, якой мала пазбавіць волі. Ёй трэба яшчэ пазбавіць годнасці — і паказаць гэта на ўсю краіну».
@bajmedia