Леанід Судаленка: «Гомельская праўда» патрабуе забараніць беларусам змагацца за свае правы
Прапагандысты выдання «Гомельская праўда», падпарадкаванага Гомельскаму аблвыканкаму, адкрыта прапануюць пазбавіць беларусаў, вымушаных пакінуць краіну з‑за рэпрэсій, канстытуцыйнага права на зварот у дзяржаўныя органы.
«Суд проста знік з поля зроку»
Гэтыя абуральныя, антыканстытуцыйныя прапановы ўжо пачынаюць рэалізоўвацца!
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля раптам спынілі дыстанцыйны разгляд майго іску, пададзенага супраць хлуслівых публікацый той самай «Гомельскай праўды».
Усё пачалося ў ліпені 2024 года. Раптам абласное выданне вырашыла напісаць пра маё жыццё ў эміграцыі, апублікаваўшы абразлівы і цалкам хлуслівы артыкул. Я спрабаваў дзейнічаць паводле закона: звярнуўся ў рэдакцыю з патрабаваннем абвергнуць апублікаваную хлусню. Адказу не было. Тады я падаў іск у суд.
Мной быў падрыхтаваны поўны пакет дакументаў: заява, квітанцыя аб аплаце дзяржпошліны. Усё было адпраўлена з Літвы звычайнай поштай. Суд распачаў справу і нават звязаўся са мной па электроннай пошце, паведаміўшы пра дату папярэдняга паседжання. Але хутка — поўная цішыня.
Ні адказу на хадайніцтвы пра ўдзел у паседжанні праз вэб-канферэнцыю, ні тлумачэнняў пра лёс справы. Суд проста знік з поля зроку.
«Гомельская праўда» назвала мой іск «макулатурай»
У гэты час прапаганда перайшла ў наступ. «Гомельская праўда» апублікавала матэрыял, напоўнены абразамі і паклёпам.
«Іск Судаленкі суд пакінуў без разгляду. Аказалася, што свой іск ён адправіў па электроннай пошце, таму ўстанавіць сапраўднасць подпісу на дакуменце немагчыма. Вызначэнне суда пакуль не ўступіла ў законную сілу. Але ўжо ясна, што гэты «вялікі» юрыст нават не здольны нармальна аформіць і адправіць сваю макулатуру», — цынічна заяўляе ананімны аўтар, які хаваецца пад псеўданімам «Іван Смірноў».
Вы толькі ўдумайцеся! Прапагандысты, якія звыкліся запаўняць свае старонкі хлуснёй, называюць мой іск «макулатурай», спрабуючы выставіць мяне ў смешным святле.
Але і на гэтым не спыніліся. Ананімны аўтар пайшоў яшчэ далей — ён адкрыта прапанаваў абмежаваць канстытуцыйныя правы грамадзян: «Пара пазбавіць уцекачоў-экстрэмістаў магчымасці адправіць свае фількіныя граматы з‑за мяжы. Фармальна звароты змагароў не супярэчаць заканадаўству, але насамрэч іх мэта — перашкаджаць нармальнай працы дзяржаўнай сістэмы…»
Ці вось яшчэ цытата: «Адмова ў разглядзе такіх зваротаў ужо ўжываецца. Але было б правільна выкарыстоўваць яе значна актыўней, ажно да поўнага ігнаравання».
Гэтыя словы — не што іншае, як прамы выклік Канстытуцыі, якая гарантуе права кожнага грамадзяніна на зварот у дзяржаўныя органы.
Сістэмная адмова ў правасуддзі
Хто сапраўды перашкаджае сістэме?
Іронія тут відавочная: «нармальнай працы сістэмы» перашкаджаюць зусім не беларусы, якія шукаюць праўду і справядлівасць, а тыя самыя «іваны», якія ператварылі хлусню і паклёп у свае працоўныя інструменты. Менавіта такія людзі знішчаюць давер да дзяржавы і ператвараюць суды ў інструменты рэпрэсій.
Адмова ў правасуддзі — гэта не адзінкавы выпадак. Навабеліцкі раённы суд Гомеля, куды я падаў іск аб спагнанні маральнай шкоды з адваката, які адмовіўся прадстаўляць мае інтарэсы ў справе, таксама ігнаруе мае звароты. Усе дакументы, уключаючы квітанцыю аб аплаце дзяржпошліны, былі адпраўлены строга паводле закона. Вынік? Цішыня.
Скаргі ў вышэйшыя інстанцыі? Без адказу. Запыты праз дзяржаўны сэрвіс «обращения.бел»? Тыя ж фармулёўкі: «пакінута без разгляду па сутнасці».
Вынік: суды маўчаць, прапаганда атакуе.
Судовая сістэма проста адмаўляецца выконваць свае абавязкі. Яе маўчанне — гэта спосаб ізаляваць нас, загнаць у кут, пазбавіць апошняй надзеі. А тым часам прапаганда атакуе. Яе мэта — дэмаралізаваць, зламаць, прымусіць замаўчаць.
Але мы не будзем маўчаць. Беларусы, дзе б яны ні знаходзіліся, будуць працягваць змагацца за свае правы, за праўду, за будучыню. І ніякія «іваны смірновы» нас не спыняць.