Гомельскія журналісты Ларыса Шчыракова і Яўген Меркіс на волі!
11 верасня з‑за кратаў былі вызваленыя гомельскія журналісты Ларыса Шчыракова і Яўген Меркіс. Калегі сустрэлі іх у Вільні.

Ларыса Шчыракова і Яўген Меркіс. Архіўнае фота
Ларысу Шчыракову супрацоўнікі гомельскага ГУБАЗіКа затрымалі 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе доме. Ад таго часу журналістку ўзялі пад варту і змясцілі ў гомельскі СІЗА, адкуль яе і вазілі ў суд. У дзень затрымання журналісткі яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Сына Ларыса расціла адна, з мужам яна даўно ў разводзе. Але служба апекі не дазваляла забраць Святаслава ні дзядулі, ні іншым сваякам. З прытулку падлетка забраў бацька, які па выкліку сваякоў адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірска, дзе жыў асобна апошнія дзесяць гадоў.
31 жніўня ў Гомельскім абласным судзе Ларысу Шчыракову асудзілі да 3,5 гадоў зняволення.
Следчыя звінавацілі Ларысу Шчыракову спачатку ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369–1 КК), а пасля дадалі яшчэ і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 КК). Таксама ёй прысудзілі штраф памерам 3700 рублёў. Справу супраць журналісткі цягам месяца ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Мікалай Доля.
Яўген Меркіс яшчэ да арышту пакінуў журналісцкую дзейнасць з прычыны таго, што шэраг незалежных СМІ, з якімі супрацоўнічаў, улады аднеслі да «экстрэмісцкіх фармаванняў». Сілавікі затрымалі яго 13 верасня 2022 года.
У траўні 2023 года Гомельскі абласны суд агучыў вырак журналісту, гісторыку і краязнаўцу Яўгену Меркісу — 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызнаў Меркіса вінаватым на падставе ч. 1 і ч. 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама паводле ч. 3 артыкула 361–1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).
Паводле рашэння суда ў Яўгена Меркіса тады канфіскавалі на карысць дзяржавы фота‑, відэаапаратуру ды іншыя носьбіты інфармацыі.
