• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Па-расійску любы дурань набярэ прагляды». Як гродзенская журналістка працягвае ствараць беларускі кантэнт за мяжой

    Журналістка Ірына Новік расказала «Радыё Свабода», ці можна зарабляць на беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і чаму яна праглядае вакансіі дворнікаў.

    Ірына Новік

    Ірына Новік. Фота: з асабістага архіва

    Пагладзіць па сьпінцы

    Ірына Новік з адукацыі інжэнэр-мэханік, выкладала ва ўнівэрсытэце. Ёй 55 гадоў. Каля 30 зь іх яна пражыла ў Горадні. Цяпер — у эміграцыі. Дзесяць гадоў таму прыйшла ў журналістыку. Працуе ў рэгіянальным выданьні Hrodna.life. Рэдактарка спэцпраектаў, рэпартэрка, фатографка, відэографка, вядомая як «цёця Іра».

    «Калі Ала Пугачова першая з савецкіх сьпявачак атрымала ганаровае прозьвішча „Барысаўна“, так я з сталых журналістак першая атрымала ганаровае званьне „цёця Іра“. Мяне так сталі называць калегі спачатку ня ў вочы, а паміж сабой. І я, калі зразумела, што цёця Іра — гэта я, была трохі зьдзіўленая. Бо я ж думала, што я такая, як яны, маладая. Я падумала, калі людзям патрэбна цёця Іра, то хай будзе цёця Іра», — усьміхаецца Ірына Новік.

    Ірына Новік і Ютуб-канал "Цёця Іра"

    Цёця Іра. Фота: з асабістага архіва

    Яна кажа, што ня бачыць эйджызму ў такім звароце.

    «Многім патрэбен старэйшы таварыш, адчувальны, які можа нешта паказаць, памагчы, пагладзіць па сьпінцы, падаць каву, недзе „гаўкнуць“, недзе пашкадаваць, сьлёзы выцерці», — кажа суразмоўца.

    У 2020 годзе зьявіўся тэлеграм-канал «Тётя Ира разрешила», які потым у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім». Спачатку ён расказваў пра жанчын, якія дазволілі сабе жыць цікава. Таксама там можна было знайсьці рэцэпты дранікаў і мачанкі. Пазьней зьявіўся аднайменны канал у Tik­Tok, дзе вялося больш пра беларускія традыцыі, строі, посьцілкі, вышыўкі. Год таму ў Youtube стварылі канал «Цёця Іра», шырэйшы зьместам.

    Ірына Новік Гуканне вясны

    Ірына Новік і печаныя птушачкі на Гуканне вясны. Фота: з асабістага архіва

    «Я дазваляю ўсё, што людзі самі сабе дазваляюць. Калі ў іх узьнікаюць сумневы, ці можна што-небудзь рабіць, то цёця Іра ня супраць», — падсумоўвае яна.

    Суразмоўца заўважае, што «цёця Іра» — гэта толькі частка ідэнтычнасьці Ірыны Новік.

    «Я магу быць ня толькі мілай, добрай. Я бываю злая, гадкая, няправільная. Я памыляюся. Цёця Іра заўсёды ўсьміхаецца і заўсёды ўсё добра», — кажа яна.

    Маньякі за дрэвамі

    Ірына з калегамі робіць шэраг падкастаў. Усе яны зьявіліся ўжо за мяжой. Кожны падкаст мае сваю аўдыторыю.

    Падкаст «Дочкі-маткі» глядзяць дочкі і маці, бо там можна «пачуць пра сваіх дзяцей тое, чаго яны табе ніколі ня скажуць, і пачуць пра сваіх мамаў тое, што няёмка спытаць ці маці не захоча адказаць», тлумачыць Ірына. Падкаст гэты — пра гендэрную роўнасьць, прадстаўленасьць жанчын; пра тое, што можна жыць сваё жыцьцё нармальна.

    Падкаст «True Crime Hrod­na» расказвае пра злачынствы ў Горадні савецкага і сучаснага пэрыяду.

    «Агата Крысьці стала знакамітай у крызісны час, бо дэтэктывы — гэта заспакаяльнае, суцяшальнае чытво. Там заўсёды перамагае дабро. Гэта дае надзею людзям. Таму ў цяжкія часы дэтэктывы патрэбныя людзям як тэрапія», — расказвае журналістка.

    «Размова двух людзей пра тое, што баліць». Ірына Новік — пра шчырасць, эмоцыі і гарызантальныя стасункі ў падкастах

    Ірына нечакана для сябе адкрыла, што людзі ўзросту ейнай дачкі ўжо нічога ня ведаюць пра крымінальны сьвет ейнай маладосьці.

    «Яна была проста ў шоку: „Пачакай — значыць, тады, калі я хадзіла адна ў школу, калі мы зь дзяўчатамі на роварах ганялі цэлы дзень, па Горадні хадзіў маньяк, прычым не адзін?“» — пераказвае Ірына зьдзіўленьне дачкі.

    Так яны сталі весьці падкаст разам з дачкой.

    «Зараз часта ўспамінаюць той час, як нешта, дзе ўсё было ідэальна, дзе дрэвы былі вялікія, марозіва салодкім, хлеб па 18 капеек. А пра тое, што па горадзе хадзілі маньякі, што прававая сыстэма працавала, як хацела, маўчаць. Мы на крок адступілі ў бок і ўбачылі, што за высокімі дрэвамі стаяць маньякі», — расказвае журналістка аб прызьме праекту.

    Самы даўні падкаст «Гаворыць Гродна» настальгічны.

    «Ён пра тое, як нам было клясна, калі мы былі маладымі або малымі», — кажа Ірына.

    У падкасьце «Страшна — нястрашна» з псыхалягіняй Вольгай Вялічкай яны абмяркоўваюць экзыстэнцыяльныя тэмы: сьмерць, хваробу, боль, стасункі. Яго глядзяць людзі 50–60 гадоў.

    Ірына Новік з партрэтам палітзняволенага калегі Паўла Мажэйкі

    Ірына Новік з партрэтам палітзняволенага калегі Паўла Мажэйкі

    Лялькі і ежа, якія таксама ёсьць на канале «Цёця Іра», яе ратуюць, кажа Новік.

    «Лялька — гэта як хутка сваімі рукамі зрабіць цуд. Калі зь нічога, зь нейкага сьмецьця, абрэзачкаў, акравачкаў у цябе раптам атрымліваецца лялька. Адчуваеш, нібыта ты стварыла новы сьвет, нешта, чаго не было да цябе. Гэта дае нейкі сьвежы павеў у мазгах, у душы, эмацыйна прыўздымае», — гаворыць суразмоўца.

    У эміграцыі, кажа Ірына, яна, як і многія, набрала вагу. Да таго ж супаў час хваробы. Яна пачала гатаваць больш здаровую ежу, а таксама беларускую традыцыйную. Дзялілася і фізычна зь сяброўкамі, і працэсам у сеціве.

    «Калі зьбіраліся сябры, асабліва здалёк, свае, беларусы, то хацелася чаго-небудзь свайго. Таго, што аб’ядноўвае. А дранікі ці мачанка ж у кожнага свая. І адразу зьяўляецца тэма для размовы: з мукой ці без мукі, з цыбуляй ці без цыбулі. І вось глядзіш — ужо ёсьць пра што пагаварыць з чалавекам. Дранікі — гэта першы тэст на беларускасьць, на рэгіянальнасьць. Адразу адкрываецца ўся беларуская ідэнтычнасьць», — кажа Ірына.

    Навігацыя ў галаве

    Ірына тлумачыць, што яна працягвае рабіць рэгіянальны кантэнт з‑за мяжы, бо большасьць горадзенскіх выданьняў зьнікла.

    «Горад, рэгіён, краіна ператвараюцца ў навінавую пустыню», — кажа яна.

    Ірына адзначае, што Горадня застаецца вялікім каменем у падмурку ейнай уласнай ідэнтычнасьці.

    «Дзе б я ні жыла, калі запрашаю ў госьці, кажу: „Прыяжджайце да мне ў Горадню“. І потым кажу: „Ой, у сэнсе ў Вільню, Палангу, яшчэ куды-небудзь“. З навінавага кантэксту, атмасфэрнага, настраёвага я зразумела, выпала. Я не хаджу па вуліцах, я не дыхаю паветрам Горадні. Я ня ведаю, як там цяпер людзі жывуць. Я магу здагадвацца, але я ня там. Таму я раблю тое, што магу рабіць, там, дзе я магу заставацца гарадзенкай», — кажа яна.

    Ірына Новік у Фларэнцыі. Фота: з асабістага архіва

    Ірына Новік у Фларэнцыі. Фота: з асабістага архіва

    Беларуска параўноўвае, што за час жыцьця за мяжой бачыла і нешта больш велічнае, прыгожае, гістарычнае і прасунутае, чым у Горадні.

    «Горадня — гэта дом. Гэта цёплыя ўспаміны. Гэта малыя дзеці. Гэта дарогі, уся навігацыя ў цябе ў галаве. Ты можаш з заплюшчанымі вачыма без Google Maps паўсюль хадзіць. Горадня — гэта ўжо частка сэрца. Я заўсёды кажу, што я гарадзенка», — кажа Ірына.

    Таргет на Горадзеншчыну

    Ірына тлумачыць, што расейскамоўная назва ейных каналаў замацавалася даўно. Але большасьць кантэнту яны робяць па-беларуску. Толькі ў апісаньні ёсьць словы па-расейску, каб падмануць альгарытмы Youtube, які лепш прасоўвае расейскую мову, чым беларускую. 98% аўдыторыі новых выпускаў праектаў «цёці Іры» — у Беларусі, дадае яна.

    «Мы робім усё, каб нас слухалі ў Беларусі. Скажам шчыра, гэта, вядома, таргет. Мы таргецім першапачаткова на Горадзенскі рэгіён. Калі мы ня таргецім, 70–80% беларускай аўдыторыі ўсё роўна застаецца», — дзеліцца журналістка.

    Ірына Новік

    Ірына Новік. Фота: з асабістага архіва

    Яна кажа, што за мяжой стала больш мэдыйна займацца тэмамі нацыянальнай ідэнтычнасьці. Хаця раней гэта было ў ейнай штодзённасьці. Яна праводзіла майстар-клясы па ляльках-скрутках.

    «Беларуская самабытнасьць, рэгіянальная адметнасьць увайшлі менавіта тут, бо не хапае гэтага паветра горадзенскага, таму яно, можа, кампэнсуецца новымі гарсэцікамі, пацеркамі, наміткамі, саматканымі спадніцамі, вышыванымі фартушкамі», — кажа суразмоўца.

    Мы гаворым падчас таго, як Ірына ідзе шлях пілігрымаў Сант’яга-дэ-Кампастэля. Усе рэчы яна нясе з сабой у заплечніку. Але нават туды ўзяла вышываную кашулю, фартух, намітку, хустку, тканы пояс.

    «Мне важна паказаць, што я беларуска», — кажа яна.

    Ірына Новік

    Ірына Новік. Фота: з асабістага архіва

    Вакансія дворніка

    Над пытаньнем, наколькі можна манэтызаваць кантэнт пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць, Ірына цяпер толькі думае. Дадае, што іхны праект хутчэй некамэрцыйны. Яны знаходзяць пад падкасты фінансаваньне, але пражыць толькі зь іх было б немагчыма.

    «Гэты праект хутчэй для таго, каб беларусы ў Беларусі маглі чуць родную мову, слухаць цікавыя, актуальныя тэмы па-беларуску», — кажа журналістка.

    Яна мяркуе, што хутчэй магла б зарабляць на матэрыяльных вырабах: рабіць майстар-клясы па павуках і гарлячках, прадаваць гэтыя прадукты. Цяпер яны распрацоўваюць настолку, падобную да «Мафіі», зь беларускімі нячысьцікамі. Суразмоўца дадае, што іхная аўдыторыя ў асноўным у Беларусі.

    «Даставіць ім інфармацыю я яшчэ магу, а прасіць грошай мне ўжо сумленьне не дазваляе», — тлумачыць яна.

     
     
     
     
     
    Посмотреть эту публикацию в Insta­gram
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     
     

    Публикация от Ирина Новик (@irenanovik)

    Рабіць падкасты па-расейску Ірына ня хоча.

    «Я беларуска. На расейскай мове мільён людзей робіць», — кажа яна.

    Яна ня думала, каб рабіць кантэнт на польскай мове, хоць валодае ёю. Дапускае, што магла б уявіць беларуска-польскі падкаст, але хутчэй бы рабіла яго на «простай мове».

    Ірына Новік у Парыжы

    Ірына ў традыцыйным беларускім строі ў Парыжы. 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    «Я не пра грошы. Я не пра славу. Я пра тое, што я беларуска. Што з гэтым рабіць, я ня ведаю. Па-расейску любы дурань набярэ мільённыя прагляды. Па-польску людзі таксама гавораць, іх за гэта ня б’юць. А за тое, што людзі гавораць па-беларуску, б’юць. Не гавораць, то хай хоць паслухаюць нас», — кажа аўтарка.

    Ірына прызнаецца, што цяпер шукае адказ на пытаньне, як зарабляць, калі робіць нешта пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць. Кажа, што праглядае вакансіі дворнікаў. Гатовая пайсьці працаваць ім, каб за гэтыя грошы рабіць беларускі кантэнт.

    «Горват працаваў дворнікам і нармальны плён меў з гэтага. Кніжку потым напісаў», — кажа яна.

    Ірына дадае, што ў маладосьці плянавала, што ў 55 гадоў выйдзе на пэнсію.

    Ірына Новік у Гаазе

    Ірына Новік у Гаазе. Фота: з асабістага архіва

    «У мяне забралі пэнсію, надзею на сацыяльную абароненасьць, Радзіму. Арыштавалі кватэру. Муж безь мяне памёр. Забралі магчымасьць магілы наведаць. Ну хоць што-небудзь я магу сабе пакінуць?! Гэта для сябе. Каб не забыцца, хто я. Вось чаму людзі плацяць за вышываныя кашулі, чаму я сабе замаўляла даматканку зь Беларусі на новы андарак. Гэта частка мяне. Я ўсё не аддам», — кажа суразмоўца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці