Амаль дэтэктыўная гісторыя. Як гукарэжысёр без пашпарта трапіў з Грузіі ў Польшчу
Анатоль з Вольгай (імёны змененыя з прычыны бяспекі) пакінулі Беларусь у 2022 годзе. У Грузіі ў мужчыны скралі пашпарт. Аднак нават без гэтага жыццёва важнага дакумента беларус разам з жонкай змог з Батумі трапіць у Польшу, дзе сям’я падалася на міжнародную абарону. У вырашэнні юрыдычных калізій Анатолю дапамагала ў тым ліку Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Фота: «Наша Ніва»
«Пад’ехалі аўтазакі і забралі ўсіх мужчын»
— Да 2021 года я быў гукарэжысёрам ў адным з абласных цэнтраў, мая будучая жонка працавала ў камерцыйнай фірме.
Так атрымалася, што ў дзень выбараў 9 жніўня 2020 года мяне затрымалі: проста пад’ехаў аўтазак і забралі ўсіх мужчын. Мне далі 10 сутак, з якіх я адсядзеў палову: спачатку ў ІЧУ, затым у ШІЗА, адкуль мяне і адпусцілі, бо пратэсты перакінуліся на ўсю краіну.
Але ад мяне не адчапіліся. Як, зрэшты, і я не дараваў, пісаў скаргі, у выніку прысуд змянілі на 5 сутак арышту, якія я фактычна адсядзеў. Але затым мяне пачалі цягаць у Следчы камітэт, спрабавалі зрабіць сведкам па нейкай справе (я катэгарычна адмовіўся). Напрыканцы красавіка ў маім доме правялі вобшук, канфіскавалі мой і маёй маці тэлефоны, астатнюю тэхніку мы паспелі схаваць у машыне літаральна за паўгадзіны да вобшуку.
Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе мы вырашылі з’язджаць з Беларусі — усё адно не адчэпяцца.
Нават пасля нашага ад’езду маёй маці слалі павесткі, каб я прыйшоў у суд як сведка, а ўчастковы дагэтуль ходзіць да бацькоў, каб разведаць, дзе я знаходжуся і чым займаюся.
Тры гады таму беларусам прасцей за ўсё было паехаць у Грузію. Мы так і зрабілі: загрузіліся ў цягнік да Масквы, даехалі да Уладзікаўказа, а ўжо адтуль адправіліся спачатку ў Тбілісі, затым — у Батумі.

Тбілісі, Грузія. Сакавік 2022 года. Фота: БАЖ
«Пашпарт там і не вярнулі»
— У верасні 2022-га мы падалі дакументы ў амбасаду Польшчы ў Грузіі. Нашыя з жонкай справы разгледзелі, і па маім кейсе выдалі абодвум гуманітарныя візы гэтай краіны.
Аднак здарылася нечаканая сітуацыя: мой пашпарт быў старога ўзору, якія выдаваліся на 20 гадоў, таму мне далі гуманітарную візу толькі на тры месяцы, а маёй жонцы — на год, як і належыць.
Мы фінансава былі непадрыхтаваныя да такога сцэнару, плюс наша котка захварэла — некалькі фактараў наклаліся адзін на адзін, і мы прынялі рашэнне не ехаць у Польшчу, а застацца ў Грузіі. Прэзідэнткай тады была Саламэ Зурабішвілі, міграцыйная палітыка была досыць лайтовая, таму і вырашылі: раз не атрымалася па часе і па сродках, застаемся тут.
— Як атрымалася, што вы засталіся без пашпарта?
— У доме, дзе мы жылі, не вельмі чыстая вада. Таму звычайна мы прыязджалі на крыніцу — набраць на цэлы тыдзень пітной вады. Дабраліся туды на машыне, я чамусьці не зачыніў яе (машына стаяла літаральна за 5 метраў ад нас). Пакуль набіралі ваду, нехта залез у салон і забраў мой заплечнік. А там толькі і былі, што мой пашпарт ды зарадка да тэлефона.
Мы адразу звярнуліся ў паліцыю, якая распачала крымінальную справу. Знялі адбіткі пальцаў, але за паўтара года яны так і не знайшлі злачынцу. Проста ў Грузіі асобы да 18 гадоў не нясуць ніякай адказнасці за правапарушэнні. На жаль, мой пашпарт так і не вярнулі.
— Чаму менавіта цяпер вы вырашылі з’язджаць з Грузіі?
— Пасля змены ўлады ў Грузіі ў разы ўскладнілі міграцыйнае заканадаўства. З 2019 года ніводнаму беларусу міжнародную абарону ў краіне не далі. Я падаўся на абарону ў траўні 2024 года (пашпарт быў скрадзены ў красавіку), атрымаў часовы ID. Да канца 2024 года я даў два інтэрв’ю, але ў канцы снежня атрымаў адмову ў міжнароднай абароне.
Я падаў скаргу на рашэнне дэпартамента міграцыі ў Тбіліскі гарадскі суд, але дагэтуль нават не прызначылі пасяджэнне па справе. Ведаю, што беларусам, якія падаваліся нават пазней за мяне, судовыя пасяджэнні ўжо прызначаныя.
Магу дапусціць, з прычыны адсутнасці ў мяне пашпарта ўлады проста не ведалі, як мяне дэпартаваць.

Тбілісі, Грузія. Сакавік 2022 года. Фота: БАЖ
Мой статус просьбіта міжнароднай абароны дазволіў нам легалізавацца ў Грузіі толькі часова. Пашпарт маёй жонкі таксама заканчваецца праз паўгода. Замаячыла рэальная рызыка дэпартацыі ў Беларусь, што для нас зусім не варыянт. Таму на сямейнай нарадзе вырашылі, што трэба тэрмінова спрабаваць перабрацца ў Польшчу.
«Трэба мець доказы легальнага знаходжання ў Грузіі»
— За час, што мінуў з нашага пераезду ў Грузію, атрымаць беларусам польскую візу ў гэтай краіне стала надзвычай складана. Займець працоўную візу амаль немагчыма, а для турыстычнай трэба мець ВНЖ Грузіі. На гуманітарную разлічваць мы таксама не маглі, бо нам іх ужо выдавалі ў 2022‑м.
Мы звярнуліся за дапамогай у амбасаду Польшчы ў Грузіі. Працэс ішоў марудна і не вельмі гладка. Жонцы было з юрыдычнага пункту гледжання крыху лягчэй, бо яна мела грузінскае ВНЖ. Я ж, пасля кансультацыяў з юрыстамі, вырашыў браць даведку на вяртанне ў Беларусь, каб паспрабаваць атрымаць польскую візу менавіта на гэты дакумент.
Юрыстка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення дапамагла нам напісаць заяву ў амбасаду Польшчы, Беларуская асацыяцыя журналістаў хадайнічала за мяне перад польскай амбасадай.
Вельмі важна памятаць, што Польшча дакладна не дасць візы тым беларусам, хто нелегальна знаходзіцца ў Грузіі: мае пратэрмінаваны пашпарт або пратэрмінаваны візаран. Я, не маючы пашпарта, атрымаў даведку ў юстыцыі, што знаходжуся на тэрыторыі Грузіі легальна. Такую даведку можна і ў судзе ўзяць, і ў дэпартаменце міграцыі. У маім выпадку юстыцыя хутчэй за ўсіх зрабіла даведку, што мая ID-карта сапраўдная.
Мы баяліся, што не паспеем зрабіць дакументы: падобныя паперы маюць абмежаваны тэрмін дзеяння, а атрыманне візы таксама займае пэўны час. Не буду ўдавацца ў дэталі, але наш зварот вельмі хутка разгледзелі ў польскай амбасадзе. Паколькі наш з жонкай кейс разглядалі адначасова, то мы атрымалі аднолькавыя шэнгенскія візы.
Днямі мы змаглі вылецець з Грузіі ў Польшчу!

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Yaraslau
Самае складанае было прайсці рэгістрацыю і памежны кантроль у Грузіі, бо пашпарта ж у мяне не было. Для памежнікаў я купіў білет на аўтобус з Варшавы да Мінска, бо паводле закона з даведкай на вяртанне ў Беларусь яны маглі выпусціць толькі прамым авіярэйсам у гэтую краіну. Але, нягледзячы на ўсе складанасці і перажыванні, нам урэшце дазволілі прайсці ў самалёт.
У Варшаве польскі памежны кантроль таксама праходзіў доўга. Мы шчыра сказалі, што нас сустракае сябар, і мы адразу едзем падавацца на міжнародную абарону.
Сябар адвёз нас да сябе ў Беласток. На наступны дзень з намі правялі інтэрв’ю і выдалі зялёную карту замежніка. Жонка ўжо нават атрымала пэсэль (асабісты ідэнтыфікацыйны нумар — Рэд.).
Мы ўжо падаліся на міжнародную абарону ў Польшчы. І, натуральна, будзем вырашаць, што рабіць далей.
