• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я засынаю і прачынаюся ў турме». Вялікая гутарка з былым палітвязнем і праваабаронцам Уладзімірам Лабковічам

    Гэта размова пра пяць гадоў, выкрасленых з жыцця, і пра вяртанне ў свет, які змяніўся. У інтэрв’ю «Белсату» Уладзімір Лабковіч згадвае дзень свайго затрымання, апавядае пра выдварэнне без дакументаў, практыку накручвання тэрмінаў у турме, наступствы зняволення і тое, як сёння выглядае жыццё пасля няволі.

    праваабаронца Уладзімір Лабковіч пра турму

    Юрыст Праваабарончага цэнтру«Вясна» і былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч. Вільня, Літва. 28 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

    Уладзіміру Лабковічу 47 гадоў, ён юрыст і праваабаронца «Вясны». Быў затрыманы 14 ліпеня 2021-га разам з Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам. 3 сакавіка 2023-га атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачаннях у тым ліку ў фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і кантрабандзе. 13 снежня 2025-га Лабковіча вызвалілі і прымусова вывезлі з Беларусі ва Украіну сярод іншых 123 палітзняволеных, пасля чаго Уладзімір выехаў у Літву.

    «Яны так і казалі: у цябе пажыццёвае»

    – Раскажыце пра 14 ліпеня 2021-га. Ці было ў той дзень адчуванне, што гэта гісторыя на гады?

    – Мы, вядома, прадбачылі, што нашае затрыманне вельмі верагоднае. Прыкладна за содні да гэтага мы апошні раз сустрэліся вясноўскаю камандай, якая тады была ў Беларусі: Алесь Бяляцкі, я і Валянцін Стэфановіч. Абмеркавалі, як арганізацыя будзе дзеяць у выпадку нашага затрымання.

    14 ліпеня каля шостай раніцы да мяне пачалі ламіцца ў дзверы сілавікі. Я сказаў ім праз дзверы, што ў кватэры трое няпоўнагадовых дзяцей, што я адчыню, і папрасіў зайсці спакойна, без эксцэсаў. Яны зайшлі без ужывання фізічнай сілы – гэта быў даволі лагодны пачатак усяго майго амаль пяцігадовага этапу.

    Яны сказалі, што, калі я буду паводзіць сябе нармальна, застануцца толькі трое супрацоўнікаў і двое панятых. Спачатку іх было вельмі шмат – увесь пад’езд. Але яны сапраўды прыбралі астатніх.

    Я прапанаваў адправіць дзяцей да бабулі, каб яны не бачылі таго, што адбываецца. Яны пагадзіліся. Дачка адразу ўсё зразумела, а хлопчыкі, ім было сем гадоў, спыталі, хто гэтыя людзі. Я сказаў, што гэта сантэхнікі – нібыта ўначы прарвала трубу. Яны падыгралі: сказалі, што зараз усё адрамантуюць.

    Гэта быў апошні раз, калі я бачыў дзяцей. Наступны раз я ўбачыў іх ужо 17 снежня 2025 года, калі выйшаў з аўтобуса ў Вільні.

    Яны не хавалі, што гэта затрыманне і дадому я не вярнуся. Прапанавалі сабраць рэчы першай неабходнасці. На тым этапе людзі, якія рабілі ператрус, выглядалі настроенымі максімальна спрасціць мне будучае жыццё.

    Потым следчы сказаў, што гэта надоўга і дадому я не пайду.

    Але ў мяне не было адчування, што гэта пяць гадоў. Я думаў, гэта справа тыдня, максімум месяца. Я не ўяўляў, у што гэта насамрэч ператворыцца і што мяне чакае далей у гэтай сістэме.

    – Калі вярнуцца да 13 снежня 2025 года: у які момант вы зразумелі, што гэта сапраўды нейкае вызваленне, а не чарговы этап?

    – Увесь 2025‑ы быў для мяне самым складаным за гэты шлях. У 2025 годзе мяне перавялі з калоніі № 17 на турэмны рэжым. З турэмнага рэжыму мяне перавозілі ў СІЗА КДБ, потым у СІЗА № 1 у Калядзічах, потым у Жодзінскую турму № 8. Да гэтага я быў у Магілёўскай турме № 4.

    Юрыст Праваабарончага цэнтру«Вясна» і былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч. Вільня, Літва. 28 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

    І ўвесь гэты час мне пагражалі новымі крымінальнымі справамі: і справаю за арганізацыю экстрэмісцкага фармавання Праваабарончы цэнтр «Вясна», і за здраду радзіме, і нават сумнавядомаю 411-аю – «Парушэнне правілаў адбыцця пакарання».

    Увесь час мне казалі, што ўсе гэтыя вызваленні, якія адбываюцца, увогуле не пра мяне: усіх вызваляць, а такія, як я, застануцца.

    І я сапраўды не верыў. Калі на цябе ўвесь час сыплюцца новыя і новыя артыкулы, ты разумееш, што тэрмін, які табе адмераны судом, абсалютна нічога не значыць, гэта фактычна пажыццёвае зняволенне. Яны так і казалі: у цябе пажыццёвае.

    Я да апошняга моманту думаў, што гэта проста такая інфільтрацыя, перавоз тых, хто лічыцца самым зацятым, у нейкае асобнае месца, дзе такіх, як я, будуць трымаць далей.

    Толькі калі я пабачыў прадстаўнікоў украінскай улады, жаўнераў у форме з украінскімі шаўронамі, калі пабачыў над будынкам памежнага пераходу вялікі ўкраінскі сцяг і герб, я зразумеў, што гэта занадта дарагая дэкарацыя для таго, каб нас проста перавезці ў нейкую спецустанову. Я зразумеў, што гэта сапраўды ўжо перадача ўкраінцам.

    Кубак Золатавай, рукавіцы Фядуты. У Варшаве адкрылася выстава турэмных артэфактаў

    Дэ-юрэ грамадзянін, дэ-факта – не

    – Як вы ўвогуле ацэньваеце вашае «вызваленне» – гэта абмен, дэпартацыя, вызваленне, выдварэнне?

    – Гэта выдварэнне з краіны. Яно абсалютна юрыдычна незаконнае. Грамадзянін краіны не можа быць пазбаўлены магчымасці свабодна вяртацца ў сваю краіну. Ён не можа быць пазбаўлены дакументаў, бо дзяржава абавязаная выдаваць яму дакументы і надаваць за мяжой юрыдычную ды матэрыяльную дапамогу.

    А тут фактычна дзяржаўныя органы дэ-факта робяць цябе не грамадзянінам. Дэ-юрэ ты грамадзянін краіны, а дэ-факта – не. Дзяржава не проста адмаўляецца табе дапамагаць – яна ўвогуле адмаўляе табе ў базавых правах, звязаных з грамадзянствам.

    Я, напрыклад, быў выдвараны з краіны без дакументаў. З тых 123 чалавек, якія былі вызваленыя 13 снежня, каля дваццаці былі без дакументаў. Гэта і медыйныя асобы, і іншыя людзі. Паводле якіх крытэраў адбіралі – каго з пашпартамі, каго без, – я не ведаю.

    – Якія перспектывы разгляду гэтага кейсу з прымусовым выдварэннем у міжнародных інстанцыях – у ААН?

    – Гэта парушэнне міжнародных стандартаў ААН. Я думаю, калі ААН яшчэ не адрэагавала на гэта, то мусіць адрэагаваць. Але няма механізмаў, якія могуць прымусіць Беларусь выконваць свае абавязкі. Тут Беларусь проста груба парушае правы сваіх грамадзянаў і груба адмаўляецца ад сваіх міжнародных абавязкаў.

    Юрыст Праваабарончага цэнтру«Вясна» і былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч. Вільня, Літва. 28 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

    Я, вядома, не вялікі эксперт у міжнародным праве, але мне падаецца, што, на жаль, няма ніякага інструменту, дзе Беларусь панесла б адказнасць за свае адназначна незаконныя дзеянні з пункту гледжання правоў чалавека і міжнародных абавязкаў, якія яна добраахвотна на сябе ўзяла ў межах сістэмы ААН.

    «Перад сном я думаю, што я ў турме, і калі прачынаюся, то першая думка – што я зноў прачынаюся ў турме»

    – Вы прынцыпова адмаўляецеся гаварыць пра тое, што з вамі адбывалася ў зняволенні. Чаму?

    – Думаю, яшчэ не час. За кратамі застаюцца каля 1300 чалавек. Мы павінны несці за іх адказнасць і разумець, што кожнае нашае слова адгукаецца ціскам на іх. І яно сапраўды перашкаджае магчымасці таго трэку, які я вельмі падтрымліваю, які цяпер праводзяць амерыканцы. Бо самае галоўнае цяпенр – вызваліць людзей.

    Мая сітуацыя не ўнікальная. На жаль, усе людзі, якія прайшлі праз гэтую мясарубку, сапраўды зазнавалі катаванні – як фізічныя, так і маральныя. І тое, што з намі адбывалася, было надзвычай цяжка. Гэта ўсё яшчэ занадта блізка, таму я прашу яшчэ часу і паўзы.

    – Уплыў якіх наступстваў зняволення на вашае здароўе вы цяпер адчуваеце наймацней?

    – Вядома, маё знаходжанне за кратамі не прайшло без слядоў. Здароўе цяпер няважнае. Апошні месяц я фактычна толькі і займаюся тым, што кожны дзень хаджу ў лякарню, праходжу абследаванні – усё сканчаецца лекаваннем. Хранічныя захворванні – у мяне язва, і яна вельмі нагадвае пра сябе.

    Трэба сказаць, што і ментальнае здароўе не засталося без слядоў. Мне да гэтага часу вельмі цяжка. Я ўвесь час, як кажу, засынаю і прачынаюся ў турме. Перад сном думаю, што я ў турме, і калі прачынаюся, то першая думка – што я зноў прачынаюся ў турме. Гэта псіхалагічна даволі цяжка.

    – Як былы палітычны вязень і як праваабаронца скажыце: якая дапамога палітвязням патрэбная ў першыя месяцы пасля вызвалення?

    – Мне падаецца, што ўсё вельмі індывідуальна. У кагосьці можа быць зусім кепска са здароўем, і пытанне стаіць фактычна пра ратаванне жыцця. У кагосьці са здароўем можа быць значна лепш, але рэабілітацыя і лекаванне ўсё роўна могуць цягнуцца даволі доўга.

    Самае галоўнае – гэта ўсё ж такі маральная і псіхалагічная падтрымка. Цеплыня, клопат, увага, каб чалавек не заставаўся сам-насам са сваймі думкамі. Мне ў нейкім сэнсе прасцей, бо я прыехаў у Вільню, дзе мяне чакае сям’я – дзеці, жонка. Але большасць – у зусім іншай сітуацыі.

    Яны адарваныя ад родных, якія засталіся ў Беларусі, і ёсць вялікія праблемы нават з тым, каб убачыцца з імі. І такім людзям сапраўды вельмі патрэбная псіхалагічная падтрымка і дапамога ў тым, каб выйсці з гэтай асабістай драмы, у якую яны ўсе трапілі.

    Юрыст Праваабарончага цэнтру«Вясна» і былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч. Вільня, Літва. 28 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

    Пяць гадоў для дзяцей – цэлая эпоха

    – Як вы перажывалі разлуку з сям’ёй? Што аказалася самым цяжкім?

    – Самае цяжкае – думкі пра дзяцей і жонку, клопат пра тое, як яны. І сапраўды – гэта дарасленне дзяцей. Напрыклад, для нас, дарослых, пяць гадоў – гэта вялікі тэрмін, але мы з вамі за гэтыя пяць гадоў не вельмі змяніліся.

    А для дзяцей пяць гадоў – цэлая эпоха. Гэта рэальна велізарны разрыў. Маёй дачцэ было 13 гадоў, калі я сеў за краты, а калі я выйшаў, ёй літаральна праз тыдзень споўнілася 18. Гэта ўжо зусім іншы чалавек. Я рэальна нанава з ёй знаёміўся. Мы абое нанава знаёміліся адно з адным. Яна мяне яшчэ памятае, а я яе 18-гадовую ніколі не памятаю, бо для мяне жыццё было на паўзе.

    Для мяне вельмі моцным уражаннем было, калі на сваё 18-годдзе дачка ўвечары прапанавала, каб мы толькі ўдваіх схадзілі па ейных улюбёных кавярнях і барах у Вільні. І вось я з ужо дарослай дачкой хадзіў па кавярнях, яна частавала мяне рознымі напоямі, і я разумеў, што ёй ужо 18 гадоў, што ўжо можна. Гэта было сапраўднае новае знаёмства з роднымі.

    З хлопчыкамі крыху прасцей, бо ім было сем гадоў, цяпер 12, і яны яшчэ не пазбавіліся гэтай дзіцячасці. У іх шмат засталося таго, што дазваляе мне хутчэй наладзіць з імі камунікацыю. Мы вучым урокі, чытаем кніжкі, абмяркоўваем сітуацыі, кнігі, фільмы.

    Цяпер увесь мой час – гэта клопат пра сям’ю і дзяцей, бо я праўда адчуваю сябе шмат у чым вінаватым. Ім было вельмі цяжка. Мая жонка перажыла надзвычайныя выпрабаванні, у тым ліку калі сама пэўны час была за кратамі. Я разумею, як гэта было дзецям, для іх было трагедыяй застацца адначасова і без маці, і без бацькі.

    Таму я вельмі стараюся цяпер нагнаць гэты час. Увесь свой вольны час прысвячаю дзецям. Раней значную частку майго жыцця займала грамадская дзейнасць, цяпер, пакуль ёсць магчымасць і пакуль калегі мяркуюць, што мне патрэбны доўгі шлях аднаўлення і лекавання, я маю больш вольнага часу і праводжу яго з сям’ёй.

    Пасля вызвалення: як былыя палітвязні-журналісты асвойваюцца ў эміграцыі

    – На прэс-канферэнцыі з былымі палітвязнямі ў снежні мінулага года ў Вільні вы казалі, што вашай дачцэ спаўняецца 18 і вас найбольш хвалявала, што ёй падарыць. Вы развязалі гэтае пытанне?

    – Ведаеце, я быў уражаны. Пасля гэтага мне пачалі пісаць дзясяткамі, амаль пад сотню прапановаў – што падарыць 18-гадовай дзяўчыне на дзень народзінаў. Ад зусім розных беларусаў, якіх я, на жаль, нават не ведаю. Я ім за гэта вельмі-вельмі ўдзячны.

    Мы з дачкою вырашылі, што гэта будзе новы тэлефон. Ну і, вядома, тое, што трэба дзяўчыне, асабліва калі ёй 18 і калі ўжо пачынаюцца стасункі з хлопцамі: касметыка. Я ў гэтым нічога не разумею, яна сама выбірала.

    Юрыст Праваабарончага цэнтру«Вясна» і былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч. Вільня, Літва. 28 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

    – Наколькі масавая насамрэч практыка накручвання паводле 411-га артыкулу («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») знутры сістэмы?

    – Да таго як трапіў за краты, я не ўяўляў маштабу трагедыі з артыкулам 411. Мне здавалася, па ўсёй краіне гэта два-тры выпадкі і датычаць у асноўным агрэсіўных крымінальнікаў, якія адкрыта супрацьстаяць пенітэнцыярнай сістэме.

    Насамрэч гэта мае абсалютна жахлівыя маштабы і датычыць не толькі палітычных, але і крымінальных вязняў. Гэта рэальная фальсіфікацыя. Спачатку фіксуюць дробныя «парушэнні» – незашпілены гузік, не павітаўся. Потым іх збіраюць. Альбо, як у турме № 8, – хворы чалавек не зрабіў у вызначаны час ранішняй зарадкі. За гэта яго прызнаюць зацятым парушальнікам рэжыму і дакідваюць паводле 411-га паўтара, а то і амаль два гады.

    Напрыклад, у Жодзінскай турме № 8 на турэмным рэжыме застаюцца 50–60 чалавек – і палітычных, і непалітычных. З іх толькі за 2025 год дзевяць чалавек былі прыцягнутыя паводле 411-га артыкулу. Дзевяць – гэта фактычна кожны чацвёрты або кожны пяты.

    Ім навешваюць новыя парушэнні, яны застаюцца ў турме з новым тэрмінам, а пасля пераводу ў калонію строгага рэжыму іх пачынаюць раскручваць ізноў. Гэты канвеер абсалютна няспынны. Ёсць выпадкі, калі людзі атрымлівалі 411‑ы артыкул 10–12 разоў, у палітычных вязняў бывае па пяць такіх эпізодаў.

    У выніку чалавек адчувае поўную безабароннасць і адчай: увесь тэрмін ператвараецца ў бясконцае зняволенне. Гэта ўмовы катаванняў, якія вельмі моцна ламаюць людзей.

    Таму ў межах перамоваў важна не толькі дамагчыся вызвалення людзей, але і спынення рэпрэсіяў, каб не з’яўляліся новыя палітычныя вязні, а таксама адмены такіх вычварэнскіх практык.

    – Вы раней казалі, што праваабарона стала мацнейшай, але эміграцыя ўсё ўскладняе. У чым цяпер галоўныя цяжкасці і выклікі?

    – У нас няма стомленасці ад таго, што ўсё гэта не спыняецца. Мы будзем дапамагаць увесь час. Гэта нашая місія і нашае пакліканне. З моманту стварэння «Вясны» ў 1996‑м – хутка 30 гадоў – мы заўсёды дзеялі ў рэжыме то вялікіх, то малых рэпрэсіяў і ўвесь час абаранялі ды выцягвалі людзей, якія ёсць палітычнымі вязнямі. Гэта было і застаецца місіяй нашай арганізацыі.

    Але самыя цяжкія моманты працы за мяжою – гэта, вядома, адрыў ад рэчаіснасці. Вельмі важна заставацца ў рэальным полі, у полі беларускіх патрэбаў. І тут ключавое – атрыманне інфармацыі з краіны.

    Шмат людзей, якія раней маглі разлічваць на нашую дапамогу, цяпер застаюцца безабаронныя, бо ва ўмовах эміграцыі мы фактычна не можам ім дапамагчы. І, вядома, збор інфармацыі. Мы разумеем, што спіс палітычных вязняў, які публікуецца, няпоўны, і мы гэта прызнаем. Але не таму, што мы кепска працуем, а таму, што надзвычай цяжка здабываць гэтую інфармацыю.

    Таму разрыў паміж краінай і намі – гэта адзін з асноўных выклікаў, асабліва калі ідуць працэдуры вызвалення, каб нікога не забыць.

    Юрыст Праваабарончага цэнтру«Вясна» і былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч. Вільня, Літва. 28 студзеня 2026 года. Фота: Белсат

    – Шмат людзей баяцца паведамляць пра родных, асуджаных паводле палітычных артыкулаў.

    – У нас ёсць выпадкі, калі людзі паведамлялі нам пра сваякоў у месцах пазбаўлення волі, безумоўна палітычных вязняў – наконт іхнага статусу няма ніякіх сумневаў. Але мы не можам агучваць і ўносіць гэтыя прозвішчы ў спісы, бо гэта катэгарычнае патрабаванне блізкіх сваякоў.

    Думаю, што такое патрабаванне не вельмі слушнае, бо яно стварае цяжкасці ў перамоўных працэсах. Калі прозвішча не гучыць, пра чалавека могуць сапраўды забыць. Але мы разумеем людзей і стараемся, каб такія прозвішчы ўсё ж фігуравалі ў тых ці іншых формах, у тым ліку ў абменных механізмах.

    – У вас ёсць прыблізныя ацэнкі, колькі рэальна можа быць палітвязняў у Беларусі?

    – Я думаю, што як мінімум 200–300 чалавек у нас не трапляюць у афіцыйныя спісы. Як мінімум.

    «Я аднойчы злавіў сябе на тым, што ў галаве няма ніводнай думкі». Павел Севярынец – пра турму, веру і вяртанне дадому

    «Не адчайвацца»

    – Калі б вы маглі звярнуцца да трох аўдыторыяў – да тых, хто застаецца за кратамі, да беларускага грамадства ў краіне і да міжнародных актараў, якія вядуць перамовы: што б вы сказалі кожнай з іх?

    – Тым, хто за кратамі, я б сказаў: не адчайвайцеся, хутка мы абавязкова абдымемся. Апошні час заўсёды самы цяжкі. Трэба сціснуць зубы і галоўнае – не адчайвацца. Бо я, як чалавек, які там быў, ведаю, што самы кепскі стан – гэта стан адчаю.

    Тым, хто ў краіне, я б пажадаў таго ж – проста не адчайвацца. Усё можа памяняцца, і я на гэта вельмі спадзяюся, што мы з вамі таксама абдымемся.

    Тых людзей, якія вядуць перамовы, я б таксама папрасіў, разумеючы, наколькі гэта цяжка, бо з таго боку перамоўнікі даволі складаныя, таксама не адчайвацца і працягваць, працягваць размаўляць. Бо няма нічога важнейшага за лёсы і жыцці людзей. Больш няма абсалютна нічога, што мела б значэнне – ні санкцыі, ні іншыя палітычныя матывы – у параўнанні з нашай адказнасцю за лёсы і жыцці людзей, якія цяпер за кратамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці