Міліцыя, БТ і тысячы ботаў. Даследчыкі раскрылі, хто і як маніпулюе беларускім тыктокам
Каманда даследчыкаў FactCheck.LT правяла даследаванне беларускага сегмента TikTok і выявіла фабрыку ботаў, якая імітуе народную падтрымку ўлады і цкуе апанентаў па строгім раскладзе. «Наша Ніва» расказвае асноўнае.

Фота: Chesnot / Getty Image
У кастрычніку 2025 года аналітыкі FactCheck.LT правялі комплексны аналіз 21 беларускага TikTok-канала, якія ахопліваюць розныя сегменты аўдыторыі — ад каналаў навін да lifestyle-блогераў.
Першапачаткова яны хацелі праверыць наяўнасць каардынацыі паміж каналамі, якія звязаныя з дзяржаўнымі структурамі або дэманструюць праўладную рыторыку. Але вынікі пераўзышлі іх чаканні.
Аўтары вывучылі дзейнасць 21 канала, якія сумарна маюць ад 5 да 7 мільёнаў праглядаў штомесяц. Толькі за адзін месяц назірання гэтая група стварыла 1 770 відэа і згенеравала 52 144 каментары. Аналізаваліся метаданыя пра час публікацыі, лайкі, каментары, ужытыя хэштэгі. Усяго ў выбарку трапілі 27 741 унікальны карыстальнік.
Даныя збіраліся праз прафесійную аналітычную платформу Exolyt і праз публічныя інтэрфейсы TikTok.
У выніку аналізу даследчыкі вывелі інтэгральны «паказчык каардынацыі», які для вывучанай сеткі склаў крытычныя 91,7 са 100 магчымых балаў.
Гэта сума чатырох незалежных метрык, кожная з якіх правярала асобны аспект паводзін: анамальнае супадзенне каментатараў (30 з 30 балаў), ненатуральнае перасячэнне аўдыторыі (30 з 30), сінхроннасць публікацый па часе (20 з 20) і скаардынаванае выкарыстанне хэштэгаў (11,7 з 20).
Складаная структура: пяць кластараў і «ядро»
Склад ядра гэтых каналаў вельмі паказальны: сюды ўваходзяць афіцыйныя акаўнты дзяржаўнага тэлебачання @ctv_by (СТБ) і @ont.life (АНТ), нібыта незалежныя навінавыя блогі кшталту @belarushh7, а таксама персанальныя акаўнты, напрыклад, лайфстайл-блогерка @prosto_olechka ці рэлігійны канал @priestblr.
Асаблівую ўвагу аналітыкі звяртаюць на іерархію ўнутры сеткі. Галоўным «дырыжорам» выступае канал @belarusseychas, які задае тэмп усёй сетцы (удзел у 41% сінхранізацый). Аднак важную ролю адыгрываюць і сілавыя структуры: у топ‑3 самых актыўных каардынатараў увайшоў афіцыйны акаўнт Міністэрства ўнутраных спраў @mvd_by, які быў задзейнічаны ў 23% выпадкаў сінхроннай актыўнасці.

Графік моцных сувязей паміж каналамі. Таўшчыня ліній адпавядае частаце сінхранізацый, памер вузлоў — колькасці ўдзелаў у сінхранізацыях. Звярніце ўвагу на цэнтральную пазіцыю @belarusseychas
Гэта з’яўляецца доказам таго, што перад намі не праява грамадзянскай пазіцыі асобных людзей, а спланаваная інфармацыйная аперацыя з непасрэдным удзелам дзяржаўных органаў.
Матэматычны доказ: анамальная сінхроннасць і офісны графік
Штучнасць гэтай сеткі асабліва моцна выдаюць анамаліі часу і паводзін. Даследчыкі звярнулі ўвагу на графік актыўнасці блогераў, які выглядае надзвычай падазрона.
Пікі сінхранізацый прыпадаюць на 9–10, 10–11, 13‑14 і 16‑17 гадзін — класічны графік офіснай працы. Драматычнае зніжэнне актыўнасці пасля 19:00 і практычна поўная адсутнасць начных сінхранізацый паказвае на прафесійную каманду, якая працуе ў рэгулярныя працоўныя гадзіны.
Яшчэ больш уражвае анамальная сінхроннасць: было зафіксавана 83 выпадкі, калі розныя каналы посцілі відэа амаль адначасова, у межах адной хвіліны. Пры гэтым 13 публікацый з’явіліся з інтэрвалам менш за 10 секунд.
Даследчыкі падкрэсліваюць, што з пункту гледжання матэматыкі верагоднасць такога выпадковага супадзення нікчэмна малая (менш за 1 на 10 у 80‑й ступені), што фактычна з’яўляецца строгім доказам аўтаматызаванага або загадзя спланаванага размяшчэння кантэнту.
Інакш кажучы: калі б гэта былі 21 незалежны блогер, яны б маглі адзін раз выпадкова трапіць у адну хвіліну, але 83 разы за месяц — гэта ўжо не супадзенне, а заканамернасць, якая паказвае на адзінае кіраванне ці планаванне.
Армія ботаў і «эмодзі-накрутка»
Каб прасоўваць свае наратывы, сетка выкарыстоўвае маштабную падтрымку ботаў. Аўтары даследавання прааналізавалі паводзіны аўдыторыі і выявілі 4 641 карыстальніка, якія актыўныя адразу на некалькіх каналах сеткі. Гэта складае 16,7% ад усёй аўдыторыі, што ў 5‑7 разоў перавышае натуральныя паказчыкі для TikTok.
Для параўнання, звычайна ў TikTok узровень такога скрыжавання аўдыторый складае ўсяго 1—3%: са ста каментатараў аднаго канала толькі адзін-два звычайна ходзяць яшчэ і на іншы падобны канал. Тут жа амаль кожны шосты карыстальнік адначасова падкормлівае некалькі розных акаўнтаў.
Аднак галоўная небяспека палягае не ў саміх ботах, а ў механізме ўзмацнення, які дазваляе падманваць алгарытмы платформы.
Сетка ботаў імгненна рэагуе на відэа, пакідаючы тысячы каментароў, якія складаюцца выключна з эмодзі.
Такі тып спаму абраны невыпадкова: яго цяжэй адлавіць аўтаматычным фільтрам, чым аднолькавы тэкст. Алгарытм TikTok, бачачы рэзкі ўсплёск актыўнасці (engagement), памылкова лічыць відэа цікавым і пачынае прасоўваць яго ў рэкамендацыі рэальным, нічога не падазраючым карыстальнікам.
Такім чынам штучна створаны наратыў выходзіць за межы сеткі ботаў і трапляе ў галовы звычайных беларусаў ужо пад выглядам «папулярнага народнага меркавання».
Хэштэгі
Асобнай увагі заслугоўвае выкарыстанне хэштэгаў. Тэгі, прысвечаныя Ціханоўскаму і апазіцыі, аказаліся на 80—100% манапалізаваныя дадзенай сеткай і заўсёды выкарыстоўваліся ў негатыўным кантэксце.
Даследчыкі таксама заўважылі выкарыстанне хэштэга «апазіцыя» з наўмыснай арфаграфічнай памылкай — гэты прыём у 100% выпадкаў ужываўся толькі каналамі сеткі для высмейвання. Паказальна, што ніводзін звычайны беларускі карыстальнік тыктока такіх тэгаў не выкарыстоўваў — толькі прапагандысты.
Насупраць, хэштэг #прэзідэнтбеларусі (94,5% выкарыстання якога прыпадае на сетку) працуе выключна на стварэнне пазітыўнага вобраза. Заўважце, што і гэтым тэгам звычайныя людзі не карыстаюцца.
Пры гэтым даследчыкі падкрэсліваюць: хэштэгі — важны, але не адзіны доказ.
Чаму гэта важна ведаць кожнаму беларусу
Расследаванне падкрэслівае, што TikTok стаў ідэальным полем для падобных маніпуляцый менавіта з‑за сваёй спецыфікі. Кароткі фармат відэа не пакідае гледачу часу на крытычнае асэнсаванне і праверку фактаў, маладая аўдыторыя больш успрымальная да яркіх вобразаў і схільная давяраць таму, што «папулярна», а закрытасць алгарытмаў дазваляе ботам сімуляваць усенародную падтрымку.
@bajmedia