Ігара Лосіка ўключылі ў сусветны топ зняволеных журналістаў
Сусветная кааліцыя медыяарганізацыяў One Free Press Coalition 1 траўня апублікавала штогадовы спіс «10 самых надзвычайных» (10 Most Urgent) з імёнамі зьняволеных па ўсім свеце журналістаў, якія мусяць быць неадкладна вызваленыя. Сярод іх — журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Ігар Лосік, які за кратамі амаль пяць гадоў.
«Сьпіс „10 самых надзвычайных“ зьвяртае ўвагу на лёсы журналістаў, якія апынуліся за кратамі за імкненьне гаварыць праўду. Гэтыя дзесяць выпадкаў адлюстроўваюць і спробы ўрадаў крыміналізаваць журналістыку, задушыць незалежныя мэдыя і ўтаіць інфармацыю ад грамадзкасьці», — сказана ў камэнтары One Free Press Coalition.
Апроч Ігара Лосіка ў сьпісе фігуруе Ўладзіслаў Есіпенка, карэспандэнт праекту «Крим.Реаліï» Украінскай службы Радыё Свабода, які ўжо чатыры гады знаходзіцца ў расейскім зьняволеньні. У сьпісе згадваюцца журналісты з Ганконгу, М’янмы, Філіпінаў, Віетнаму, Азэрбайджану, Кітаю, Кыргызстану і Турэччыны.
Сьпіс «10 самых надзвычайных» — вынік супрацы кааліцыі з Камітэтам абароны журналістаў (CPJ), Міжнародным фондам жаночых мэдыя (IWMF) і «Рэпартэрамі бязь межаў» (RSF).
Паводле зьвестак CPJ, на канец 2024 году па ўсім сьвеце за кратамі знаходзіўся 361 журналіст (для параўнаньня: 320 у 2023 годзе).
Летась двое фігурантаў сьпісу «10 самых надзвычайных» — Эван Гершковіч з Wall Street Journal і Алсу Курмашава з Татара-Башкірскай службы Радыё Свабода — выйшлі на волю ў выніку абмену вязьнямі паміж ЗША і Расеяй.
Індэкс свабоды слова-2025. Угадайце, на якім месцы аказалася Беларусь?
Пераслед Ігара Лосіка
Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. 41 дзень (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках». Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга абвінаваўчага артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.
14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА‑3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага допісу, які б даказваў яго віну паводле выстаўленых абвінавачаньняў.
18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.
Пасьля прысуду Ігара Лосіка трымаюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, ня раз яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.
Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвітацца з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па чарзе абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.
Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманьнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы Лосіка за краты.
