• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ізгой, які знайшоў сябе ў прапагандзе. Гісторыя прапагандыста Андрэя Мукавозчыка

    Адзін з галоўных і найбольш адыёзных рупараў прапаганды ўладаў — супрацоўнік выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык. Некаторыя з вас могуць памятаць яго па працы на беларускім тэлебачанні ў дзевяностыя і нулявыя, але менавіта падзеі 2020 года і іх наступствы зрабілі прапагандыста вядомым многім беларусам (і нават дазволілі вярнуцца на тэлебачанне — хай і ў новай ролі).

    «Зеркало» расказвае, як гэты няўдалы навуковец прыйшоў у КВН, дзе прайграў барацьбу Аляксандру Маслякову і, застаўшыся ні з чым, перайшоў да абразаў і фізічных пагроз усім нязгодным з палітыкай уладаў.

    Юнацтва і прыход у КВН

    Андрэй Мукавозчык нарадзіўся ў 1963 годзе ў расійскім Новасібірску, але ўжо ў дзяцінстве пераехаў у Беларусь. Беларускай мовы ён не вывучаў: «Я доўгі час ляжаў у бальніцы, потым быў на рэабілітацыі ў санаторыі, і маці вырашыла вызваліць мяне ад вывучэння беларускай мовы (тады ў школах была такая практыка). Сёння калегі мне кажуць: „Калі ты размаўляеш па-беларуску, такое ўражанне, што ты здзекуешся…“ А я ўсё не магу ўцяміць: я ж размаўляю не горш за тых, хто гаворыць на Камароўскім рынку! А калі сур’ёзна, на неабходным мне ўзроўні беларуская мова засвоілася: разумею і чытаю. Ад літаратуры ж мяне не вызвалялі — усё чытаў, нават вершы на памяць вучыў, а вось сачыненні пісаў па-руску».

    Паводле будучага прапагандыста, ён вучыўся на выдатна, але стараўся «не быць» батанікам»» і сябраваць з хуліганамі. Сярод школьных прадметаў яго больш за ўсё цікавілі фізіка і матэматыка. У 1985‑м Мукавозчык скончыў фізфак БДУ і тры гады па размеркаванні працаваў у Інстытуце цепла‑ і масаабмену Акадэміі навук Беларусі. У тыя гады ён цягам аднаго семестра па сумяшчальніцтве выкладаў у Політэхнічным інстытуце (цяпер БНТУ) — вёў у завочнікаў практычныя заняткі па праграмаванні. «Зрабіў вывад, што я дрэнны выкладчык. Калі я бачу, што чалавек дурны, у мяне ўсе стрэлкі зашкальваюць», — успамінаў будучы прапагандыст у інтэрв’ю.

    Працуючы ў Акадэміі навук, Мукавозчык пачаў пісаць кандыдацкую дысертацыю. Але ў краіне разгортвалася перабудова, грамадства прачыналася. Падзеі за сценамі акадэмічных інстытутаў падаваліся больш цікавымі, чым навука. Тым больш што будучы прапагандыст зацікавіўся «КВН».

    Тэлевізійную гульню «Клуб веселых и находчивых» прыдумалі яшчэ ў 1961 годзе ўчорашнія студэнты Альберт АксельродМіхаіл Якаўлеў і Сяргей Муратаў. У назве яны ўдала абыгралі самую папулярную тады мадэль тэлевізара — КВН-49. Важна, што ключавым элементам перадач была імправізацыя. На ролю вядоўцы-каментатара пераспрабавалі многіх знакамітасцяў. Але найлепшым аказаўся адзін з суаўтараў — Альберт Аксельрод. Пасля таго як яго звольнілі з тэлебачання (як расказваў ён сам і яго калега Сяргей Муратаў — праз габрэйскую нацыянальнасць), на ролю вядоўцы ў 1964‑м запрасілі студэнта-транспартніка Аляксандра Маслякова. Ён і вёў «КВН» да 1972 года, пасля чаго праграму закрылі.

    Праўда, гэта не значыць, што «КВН» аўтаматычна знік. «У тыя часы КВН быў пад забаронай. А вось дні фізіка, матэматыка, філолага ў розных навучальных установах заахвочваліся. Але нават пасля афіцыйнай забароны КВН у яго працягвалі гуляць па прынцыпе „ў нас КВЗ, толькі нікому не кажыце“. Гульні ладзіліся дзеля спаборніцтва розных факультэтаў: гэта была, бадай, адзіная магчымасць аргкамітэта дзён фізіка паспаборнічаць, напрыклад, з камандай арганізатараў дзён матэматыка», — расказваў Мукавозчык. Зрэшты, ён казаў, што такія сустрэчы былі вельмі рэдкімі — у пачатку 1980‑х за год праходзілі адна-дзве гульні.

    Яшчэ на трэцім курсе будучы прапагандыст трапіў у аргкамітэт тых самых дзён фізіка. «Дакрануўшыся да тэатральнага мастацтва з усіх бакоў, я дакладна ведаю, што ў гледача ў зале можна выклікаць любую эмоцыю. Я ведаю, як зрабіць так, каб глядач плакаў, ведаю, як прымусіць тысячную залу ўстаць — не па камандзе, а па ўласных эмоцыях, апладзіраваць — у ідэале — там, дзе ты запланаваў…» — успамінаў ён.

    «КВН» як перадача адрадзілася на цэнтральным тэлебачанні ў 1986‑м, з пачаткам перабудовы. Яе вядоўцам зноў стаў Маслякоў. Праўда, гэта ўжо быў іншы «КВН» — імправізацыі ў ім амаль не засталося: каманды ў асноўным паказвалі загадзя нарыхтаваныя тэкставыя жарты і мініяцюры.

    Неўзабаве пачаў развівацца і беларускі клуб. «У мяне нават у думках не ўзнікала арганізоўваць сваю каманду — я хацеў арганізоўваць сам турнір», — успамінаў Мукавозчык. Бо «так ужо ўстроены чалавек, што ён гатовы безадрыўна глядзець на любыя спаборніцтвы. А калі ўлічыць, што на КВН збіраліся паўзалы гледачоў з аднаго факультэта і паўзалы — з другога, то эмоцыі былі нават ярчэйшыя, чым падчас матча „Ювентуса“ і „Манчэстэр Юнайтэд“. <…>. А наступныя два тыдні члены каманды КВН былі на факультэце сапраўднымі героямі».

    Пасля таго як у 1987‑м у Мінску прайшлі Трэція ўсесаюзныя дні фізіка, утварыўся гарадскі студэнцкі клуб, які і ўзяў на сябе арганізацыю і правядзенне Мінскага гарадскога турніру «КВН». Ужо ў 1988 годзе ён меў статус адкрытага — у ім брала ўдзел каманда з Віцебска. Пасля гэтага Муковозчик прыйшоў у рэдакцыю моладзевых праграм на БТ і прапанаваў паказваць «КВН» у іх. «Цяпер я толькі разумею, што тэлебачанне — гэта закрытая каста, якая неахвотна пускае да сябе чужынцаў», — успамінаў будучы прапагандыст. Трапіць на экраны яму ўдалося пазней.

    У 1990‑м адкрыты Мінскі гарадскі турнір пператварыўся ў чэмпіянат Беларускага «КВН», з гэтага ж года рэпартажы і трансляцыі гульняў «КВН» пачалі рэгулярна з’яўляцца на БТ. У 1992‑м упершыню на постсавецкай прасторы гульні пачалі трансляваць і ў жывым эфіры Беларускага радыё. А вось рэгулярныя паказы замацаваліся на БТ толькі ў 1997‑м. менавіта тады рух аформіўся юрыдычна — было створанае рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне «Белорус­ский КВН». Узначаліў яго менавіта Мукавозчык, ён жа стаў нязменным вядоўцам шоу на ТБ.

    Цікава, што ў той час сам «КВН» (як у Расіі, так і ў Беларусі) быў шоу, якое будавалася ў тым ліку на гумары пра палітыку. Мукавозчык спрабаваў адпавядаць — і агучваў досыць вострыя жарты пра Лукашэнку.

    Барацьба з Масляковым

    Паралельна ў суседняй Расіі ў сферы «КВН» праходзілі важныя працэсы. Вышэй мы расказвалі, што гульню прыдумалі тры аўтары. Да сярэдзіны дзевяностых у жывых застаўся толькі адзін з іх — Сяргей Муратаў. Але вядоўца Аляксандр Маслякоў, не спытаўшы яго згоды, вырашыў зарэгістраваць выключныя аўтарскія правы на «КВН» аднаасобна на сябе. У Распатэнце і РАТ (Расійскае аўтарскае таварыства) з гэтым пагадзіліся. Адпаведнае пасведчанне Маслякоў атрымаў у студзені 1998 года. Затым ён паслядоўна зарэгістраваў на сваю кампанію ТАА «ТТО АМИК» пяць таварных знакаў, звязаных з «КВН», і да 2010 года стаў адзіным уладальнікам гэтага брэнда.

    У структуру, створаную Масляковым, увайшлі і беларусы. «Наш КВН мае статус цэнтральнай лігі (тады яна называлася „Еўраліга“. — Заўв. рэд.), структурнага падраздзялення творчай кампаніі „АМіК“. Існуюць Вышэйшая і прэм’ер-лігі на „Першым канапе“, а далей ідуць цэнтральныя лігі», — тлумачыў Мукавозчык.

    Праўда, паспяховым яго праект не быў. «У каманды сп. Мукавозчыка праблемы больш зямнога характару. Са сферы фінансавай. Многія журналісты лічаць, што няма нічога дзіўнага ў тым, што рэкламна-камерцыйная дырэкцыя Першага Нацыянальнага тэлеканала (па якім і трансляваўся беларускі „КВН“. — Заўв. рэд.) вырашыла перагледзець умовы дагавора з нядаўнім лаўрэатам першай нацыянальнай тэлевізійнай прэміі „Тэлевяршыня“ ў намінацыі „Найлепшая забаўляльная праграма“. Рабіць праграму ў страту не дазволіць сабе ні адзін канал», — іранічна пісала ў 2005‑м «СБ. Беларусь сегодня» пра свайго будучага супрацоўніка.

    У Муковозчика хапала і сваіх падставаў для крыўды. Многія конкурсы для Вышэйшай лігі былі прыдуманыя менавіта ў беларускім «КВН»: напрыклад, «Біятлон», «Бітва мініяцюр», «Агучка» і «Хакей». Бацькам апошняга, як сцвярджаецца, наогул быў сам будучы прапагандыст у пары з прадзюсарам Уладзімірам Максімкавым. Але праект Маслякова быў камерцыйна паспяховы, беларускі — не.

    Спрабуючы выправіць сітуацыю, Мукавозчык у чэрвені 2007 года запусціў на БТ новую музычна-гумарыстычную праграму «Вот так шоу». Туды запрасілі зорак эстрады і кавээншчыкаў. Перадача мусіла выходзіць штотыдзень.

    Пра ўзровень шоу дазваляе меркаваць рэпартаж газеты «Комсомольская правда»: «„А цяпер выступіць цедоўная Анёл“, — інтрыгуе Андрэй Мукавозчык. На сцэне з’явілася дзяўчына ў купальніку. Танцуючы стрып, Анёл зняла верх касцюма і скіравалася ў залу. Абраўшы ахвяру, аголеная прыгажуня разам са сваёй здабычай вярнулася на сцэну. Малады чалавек не разгубіўся і паспрабаваў рухацца ў стылі танцоркі. Дзяўчына зняла з ахвяры кашулю і пацягнулася да штаноў. Не паспеў хлопец ачуцца ад такога павароту падзей, як аказаўся перад публікай у трусах, а потым і без іх. Гледачы прыкметна ажывіліся. Больш за ўсіх радаваліся сябры маладога чалавека».

    З’яўленне гэтага шоу выклікала скандал у Маскве. Правілы Міжнароднага саюза «КВН» забаранялі яго гульцам удзельнічаць у іншых тэлевізійных перадачах. «Будучы вядоўцам «Еўралігі», Мукавозчык на базе камандаў, якія гулялі там, зрабіў сваю перадачу «Вот так шоу». Яму на гэта было паказана, бо каманды дэлегаваліся ў «Еўралігу» па выніках фестывалю ў Сочы, які праводзіцца «ТТО «АМИК». Мукавозчык жа выкарыстаў каманды, прадстаўленыя «АМИК», у сваіх мэтах», — выказаў пункт гледжання Масквы рэдактар «КВН», беларус Леанід Купрыда. У сваю чаргу Мукавозчык заявіў, што Маслякоў не мае правоў на брэнд «КВН». Вярхоўны суд Беларусі, у які звярнуўся «АМИК», прыняў бок беларускага тэлевядоўцы.

    У выніку ў 2008‑м «Еўралігу» выключылі з сістэмы міжнароднага «КВН». «Нам сарвалі набор у «Еўралігу», праз што склад моцна скурчыўся паводле геаграфічнай прыкметы. Але выразна разумеючы, што нам гэты вентыль перакрылі, мы за год пастараемся знайсці іншую трубу — альтэрнатыўны выхад нашых каманд КВН на расійскае ТБ. Такая нацыянальная рыса беларусаў — мы ў балотах выседзім. Кавээншчыкі напалоханыя, але ў нас ёсць гонар, і мы будзем абараняць сваіх актораў і не станем падпарадкоўвацца любому вокрыку з Масквы», — гразіўся Мукавозчык.

    У сваёй спробе перацягнуць грамадскую думку на свой бок ён звяртаўся па падтрымку да рэсурсаў, стваральнікаў якіх пазней назаве «ворагамі народа». У лютым 2008 года ён удзельнічаў у анлайн-канферэнцыі, арганізаванай парталам TUT.BY — тады вядоўца спрабаваў давесці чытачам рэсурсу, што ягонай віны ў сітуацыі з «Еўралігай» няма, і зазываў іх на гульні клуба, якія мусілі прайсці без апекі «АМИК». Канферэнцыю вяла галоўная рэдактарка партала Марына Золатава (праз гады Мукавозчык назаве яе і яе калег «тутбайкамі» і будзе заклікаць знішчыць партал), фатаграфаваў вядоўцу Антон Матолька (потым прапагандыст будзе абмяркоўваць на ТБ яго забойства). Але пра гэта пазней.

    Планам беларускага вядоўцы не наканавана было спраўдзіцца. Пасля таго як «Еўраліга» страціла афіцыйны статус, яна ператварылася ў звычайнае рэгіянальнае спаборніцтва, куды не спяшаліся ісці амбіцыйныя каманды — бо інакш шлях у расійскі тэлевізар ім быў бы закрыты. Ды і іншыя прадстаўнікі руху не хацелі станавіцца закладнікамі канфлікту. У студзені 2009 года 194 прадстаўнікі беларускага «КВН» напісалі адкрыты ліст Аляксандру Маслякову. Паводле іх словаў, дзеянні Мукавозчыка «ідуць у разрэз з пазіцыяй не толькі чальцоў Праўлення Беларускага КВН, але і інтарэсаў усяго КВНаўскага руху Беларусі».

    «Калі казаць пра кулуарныя выказванні Мукавозчыка, то ў іх ён не хавае стаўлення да беларускага КВН як да ўласнай вотчыны: «Гэта мая тэрыторыя, і я сюды нікога не пушчу». На справе ж гаворка ідзе пра асабістыя амбіцыі і фінансавыя інтарэсы аднаго чалавека, які практычна ў адзіноце працягвае спрабаваць кіраваць лёсам Беларускага КВН, рэальна нікога не прадстаўляючы», — абураліся аўтары ліста. «Таму прыйшоў час рашучых дзеянняў. Мы, падпісваючы гэты ліст, не хочам далей мірыцца з цяперашнім станам справаў і хочам, каб наш голас быў пачуты», — дадавалі яны.

    Так і адбылося: праекту Мукавозчыка ў сістэме Маслякова знайшлі замену: у 2009‑м у Мінск часова пераехала першая ліга «КВН». Затым яна вярнулася ў Расію, а ў сталіцы Беларусі арганізавалі Міжнародную лігу «КВН». Мукавозчык спрабаваў змагацца. «Еўраліга» яшчэ працягвала выходзіць на беларускім тэлебачанні. Але ў пачатку 2010 года вядоўцу адтуль звольнілі.

    Першая жонка і дачка — у ЗША, ён — у газеце Лукашэнкі

    Для будучага прапагандыста гэта быў крах усіх надзей. «Мукавозчык доўгі час быў, як ён сябе называў, прэзідэнтам беларускага КВН. У той жа час ён вельмі хацеў трапіць на сцэну. Ён кайфаваў, калі на яе выходзіў. Ён хацеў прыцягваць да сябе ўвагу. Ён шмат песень сам спяваў. Дарэчы, і пра Лукашэнку таксама. Ён не такі і лаяльны. Магчыма, ён выдаліў увесь гэты архіў. Але можна пашукаць», — расказваў комік і былы ўдзельнік каманды «ЧП», якая выступала і ў «Еўралізе», Дзмітрый Танковіч.

    Дзеля поспеху вядоўца не грэбаваў ніякімі сродкамі. «Пасля першага беларускага канцэртнага туру мы вярнуліся і на ўсе грошы, што нам выплаціў Мукавозчык, купілі адзін кавун на ўсіх. У той жа час сабе ён набыў машыну», — запэўніваў Танковіч (пра тое, што Мукавозчык не плаціў сутачныя, казаў і яго калега Яўген Смарыгін).

    Але пасля 2010-га вярнуцца ў «КВН», дзе ён ішоў да поспеху амаль чвэрць стагоддзя, было немагчыма. Трэба было пачынаць усё калі не з нуля, то відавочна не з першых пазіцый.

    Чым менавіта займаўся Мукавозчык у тыя гады, не зусім ясна. Нейкі час ён яшчэ з’яўляўся на тэлебачанні. Напрыклад, з верасня 2013 года ў пары з Аляксандрам Дамарацкім вёў на канале «Беларусь 3» перадачу «Культпросвет» — штодзённы кінагід па калекцыі нацыянальнага кіно.

    Затое ёсць інфармацыя пра перыпетыі ў асабістым жыцці прапагандыста. «Мы былі жанатыя на сёстрах, — расказваў палітолаг Сяргей Нікалюк. — Першая жонка Мукавозчыка — родная сястра маёй першай жонкі. Цяпер ягоная былая жонка жыве ў Амерыцы, у 50 гадоў скончыла Гарвард, а дачка Мукавозчыка Машанька стала ў ЗША вельмі паспяховым хімікам».

    Падобна да таго, што адыход жонкі і яе ад’езд з дачкой у ЗША сур’ёзна раніў тэлевядоўцу. Вось фрагмент з яго тэксту за люты 2023 года: «Газета The New York Times (NYT) правяла сваё расследаванне на тэму «Як атрымлівалі свае пасады клеркі Вярхоўнага суда ЗША з 1980‑х па 2020‑я гады». Аказалася: «Дзве траціны з іх мелі дыпломы толькі пяці юрыдычных ВНУ: Гарвард, Ель, Стэнфард, Калумбійскі і Чыкагскі ўніверсітэты». Толькі пяці — на ўсе Злучаныя Штаты плюс Брытанская Садружнасць. «Студэнты каледжаў Гарварда, Еля або Прынстана, — працягнула капаць газета, — мелі ў тры разы больш шанцаў атрымаць пасаду клерка, чым тыя, хто вучыўся ў іншых каледжах». Інакш кажучы, у самым сэрцы «сапраўднай дэмакратыі» працуе фабрыка «новай арыстакратыі», ды і не адна. Бо паступіць у тыя каледжы просты смяротны не зможа: там рэкамендацыі і паходжанне маюць значна большае (калі не вызначальнае) значэнне, чым паспяховасць».

    Дарэчы, нядаўна ў прапагандыста спыталі, чаму ягоная дачка жыве і працуе ў «варожай краіне», а не ў Беларусі. Але Мукавозчык і не спрабаваў адказваць. «Я б вам патлумачыў, вам зразумець няма чым», — заявіў ён.

    У дзяржпрапаганду былы вядучы «КВН», які нярэдка іранізаваў з беларускіх уладаў, прыйшоў у студзені 2016-га — тады з’явіўся яго першы тэкст у газеце «СБ. Беларусь сегодня». Па цяперашніх мерках ён падаецца досыць спакойным. Аўтар толькі разважаў пра засілле стужак галівудскага тыпу ў кіно і марыў пра здымкі карціны «Беларусьфільма», прысвечанай, напрыклад, якой-небудзь спецаперацыі КДБ. Але ўсё ж ніякіх абразаў, якія пазней стануць адной з галоўных рысаў працы Мукавозчыка, у гэтым тэксце яшчэ не было.

    Зрэшты, траваедныя тэксты выходзілі нядоўга. 29 траўня 2017-га Мукавозчык паведаміў чытачам у артыкуле «Анархия, мать …», што Мікалай Дзядок атрымаў свой турэмны тэрмін за атаку «кактэйлямі Молатава» расійскай амбасады ў Мінску (насамрэч актывісту некалькі разоў мянялі абвінавачанні і ў выніку асудзілі на чатыры з паловай гады за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі каля будынка Генштаба Беларусі). Дзядок да таго моманту ўжо выйшаў на волю і падаў у суд. Там прызналі, што звесткі, якія змяшчаюцца ў публікацыі, не адпавядаюць рэчаіснасці, але нібыта «не зневажаюць гонар і годнасць заяўніка, адпаведна, не могуць быць абвергнутыя».

    Падчас спрэчак Дзядок сказаў пра прапагандыста словы, якія ідэальна кладуцца на рэаліі 2023 года: «Гэтага пазову магло б і не быць, калі б Мукавозчык быў здольны на публічную дыскусію і захаванне ім журналісткай і элементарнай чалавечай этыкі. <…> Важным момантам <…> з’яўляецца тая форма, у якой адказчык і яго прадстаўнік у мінулым судовым паседжанні і ў гэтым выказвалі свае пярэчанні: сарказм, нетактоўныя і хамскія рэмаркі пра смешнае прозвішча, «пакрыўджанасць», раздрукоўкі пра «гопнікаў» і «бакланаў», фантастычная заўвага Мукавозчыка пра тое, што я быў асуджаны за спробу давання хабару, на маю думку, дэманструе катастрафічны недахоп разумнай аргументацыі, а таксама маральны ўзровень адказчыка. Я — «злосны хуліган» — сабе такога не дазваляю».

    Дзядка абурала, «колькі рэсурсаў, у прыватнасці грошай падаткаплатнікаў, чалавечай працы траціцца на падтрыманне працы сайта і газеты, якія з’яўляюцца рупарам дзяржаўнай прапаганды і ў якіх сістэматычна публікуецца хлусня». «Такія людзі, як Мукавозчык, якія дазваляюць сабе публікаваць загадзя ілжывыя звесткі і хаміць у публічнай сферы, маюць, на жаль, у нас у краіне дастаткова вялікую аўдыторыю людзей, якія ім вераць, і за дзяржаўныя, чытай — народныя грошы, могуць беспакарана несці хлусню ў інфармацыйную прастору», — казаў актывіст.

    У 2021 годзе Мікалая Дзядка зноў асудзілі — цяпер на пяць гадоў — па цэлым шэрагу артыкулаў КК, звязаных з пратэстамі. Ён прызнаны палітвязнем.

    Лаўрэат Нацпрэміі і адзін з галоўных прапагандыстаў краіны

    У 2017‑м Мукавозчыка ніхто не спыніў. У выніку хлусня і абразы ў яго выкананні на старонках газеты адміністрацыі Лукашэнкі працягнуліся. Праз год, у жніўні 2018-га, ён назваў «чарадой чаек» людзей, якія выказалі салідарнасць з TUT.BY і іншымі незалежнымі медыя (падчас «справы БЕЛТА», калі быў затрыманы шэраг журналістаў).

    Але зорная гадзіна прапагандыста прыйшла ў 2020‑м. Масавы гвалт з боку сілавікоў прывёў да абсалютнай усёдазволенасці і для прапагандыстаў. Але Мукавозчык аказаўся ў першых шэрагах яшчэ да старту рэпрэсій. У ліпені — то-бок да жнівеньскіх выбараў — Марыя Калеснікава падала скаргу на матэрыялы супрацоўніка «СБ». У заяве, у прыватнасці, гаварылася, што Мукавозчык «практычна штодня спрабуе запалохаць прыхільнікаў [СвятланыЦіханоўскай, абяцаючы ім хуткую гвалтоўную смерць і параўноўваючы прапанаваны сімвал прыхільнікаў сумленных выбараў з выразанай на грудзях чырвонай зоркай і жытам ва ўспоратым жываце».

    Назвы яго публікацый таго перыяду кажуць за сябе: «Метка сатаны» (матэрыял прысвечаны ідэі насіць белыя бранзалеты прыхільнікам пераменаў), «Эксперты говорят, что протестов тупее, чем в Беларуси, еще не видали. Даже обидно», «Сектанты» (пра пратэстоўцаў), «Откуда берутся в белорусском обществе полицаи» (пра сілавікоў, якія адмовіліся ўдзельнічаць у рэпрэсіях), «Большинство толпой «гулящих» по улицам женщин — это «синие козы». Как раньше были «синие чулки»», «Если «независимым» не нравится наш суд — значит, он справедлив». У гэтых тэкстах Мукавозчык казаў пра «маргіналаў-бандэраўцаў», «двурушнікаў», параўноўваў палітычныя жэсты са знакамі фашыстаў, а белыя бранзалеты — з жоўтымі зоркамі падчас Халакосту.

    Усе гэтыя дзеянні падтрымліваліся ўладамі. Раней за цыкл «Накіпела» Мукавозчык атрымаў дзве журналісцкія ўзнагароды: «Залатое пяро» ў намінацыі «Найлепшы аўтарскі праект у інтэрнэце і сацыяльных сетках» (пераможцу выбіраў афіцыйны Беларускі саюз журналістаў) і «Залатую літару» ў намінацыі «Найлепшы аналітычны артыкул» (арганізатар — Міністэрства інфармацыі).

    У наступныя гады Мукавозчык тым больш не стрымліваў сябе. Калумніст узбагаціў лексіку афіцыйнага дзяржаўнага выдання цэлым шэрагам абразлівых выразаў, якія выкарыстоўваюцца ў дачыненні да грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, журналістаў і грамадзян іншых дзяржаваў.

    Ён неаднаразова пагражаў фізічнай расправай беларусам, якія эмігравалі, абяцаючы знайсці іх і павесіць (разам з калегамі па прапагандысцкім цэху абмяркоўваў перад намеснікам кіраўніка МУС Генадзем Казакевічам, як разабрацца з блогерам Антонам Матолькам ледарубам), а таксама пазасталым у Беларусі сваякам грамадскіх дзеячаў, якія пакінулі краіну. Акрамя таго, вітаў знішчэнне ўладамі грамадзянскай супольнасці і абгрунтоўваў у сваіх артыкулах такую практыку, называючы яе «генеральнай уборкай», а таксама заклікаў даносіць на сваіх знаёмых і калегаў.

    Пасля яго артыкулаў людзей неаднаразова звальнялі з працы. Напрыклад, гісторыка Ігара Кузняцова ці гендырэктара «БНБ-Банка» Лашу Акубардзія — у гэтай структуры закрылі рахунак прапагандыста, бо той трапіў у санкцыйны спіс ЕС.

    У красавіку 2023 года ён заклікаў публічна пакараць смерцю беларусаў за зліў відэа расійскай ваеннай тэхнікі.

    Свае калонкі ў «СБ» Мукавозчык сабраў у кнігу «Революция мокрых штанов» (адзначаная Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Публіцыстыка»), а таксама напісаў яшчэ адну кнігу — «Чему учить детей». У апошняй ён, напрыклад, называе «обезумевшим» сярэдні клас, які з’ехаў ад рэпрэсій за мяжу, характарызуе Украіну, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй, як «бандэраўскую», і заклікае «плюнуць на каўнер» асуджанай трэнерцы этыкету Аксане Зарэцкай. «Гэта таксама неабходны подзвіг», — сцвярджае прапагандыст.

    У абгрунтаванні ўключэння ў санкцыйны спіс ЕС гаворыцца, што артыкулы Мукавозчыка — «адзін з асноўных рупараў дзяржпрапаганды і ўключаюць у сябе пагрозы смерцю на адрас тых, хто супрацьстаіць рэжыму, дыскрэдытацыю незалежных журналістаў і прыхільнікаў апазіцыі». Лепш і не скажаш.

    Чытайце яшчэ:

    Провластные тролли в региональных пабликах: кто они?

    «АнтыБелсат» ад дзяржаўных СМІ. Хто стварае ў Беларусі польскамоўную прапаганду

    Царская Расія ці лукашэнкаўская РБ: дзе «Нашай Ніве» працавалася лягчэй

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці