• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яўген Пыльчанка: Адвакацыя беларускіх журналістаў дае плён

    Праблемы бяспекі і псіхічнага здароўя журналістаў з чатырох краін Усходняга партнёрства абмяркоўваліся 2 кастрычніка ў Стакгольме. Дыскусію арганізавалі Fojo Media Insti­tute і Forum­Civ. Абедзве арганізацыі — даўнія партнёры БАЖ — месцяцца ў Швецыі.

    Яўген Пыльчанка

    Фота на вокладцы: Яўген Пыльчанка, Вільня, 11 чэрвеня 2024 года. Фота: Літоўская калегія адвакатаў

    Дыскусія прысвячалася журналістам, якія знаходзяцца пад рознымі формамі ціску: ва Украіне і Арменіі — гэта войны, у Малдове — складаная сітуацыя ў Прыднястроўі (не так даўно ў гэтай  краіне прайшлі парламенцкія выбары). А ў Беларусі — журналісты, якія знаходзяцца ўнутры краіны і пастаянна адчуваюць палітычны ціск з боку рэжыму Лукашэнкі, палітвязні, журналісты ў выгнанні.

    Юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка казаў, што беларускія журналісты знаходзяцца пад пастаянным ціскам унутры краіны, гаварыў пра палітвязняў і журналістаў у выгнанні. Нагадаў, што цяпер часта тыя журналісты, якія яшчэ засталіся ўнутры краіны, папаўняюць шэрагі калег у экзайле.

    Апрача прамога ціску, журналісты адчуваюць на сабе інфармацыйны і псіхалагічны прэсінг. Журналісты ў выгнанні, дзе зараз працуе пераважная большасць незалежных медыяў, увесь час знаходзяцца пад пагрозай трансгранічнага пераследу праз так званыя «завочныя суды». Пры гэтым журналісты павінны клапаціцца не толькі пра сваю ўласную бяспеку, але і пра бяспеку сваіх кантактаў у Беларусі. А гэта — дадатковы псіхалагічны цяжар, які кладзецца на іхнія плечы.

    Журналісты з Украіны, Арменіі і Малдовы, дзе ідуць войны, маюць унутры сваіх краін сістэму незалежных медыяў, якія досыць эфектыўна працуюць. Найбольшыя праблемы для іх нясуць расійская прапаганда і расійская дэзынфармацыя.

    У Малдове, да прыкладу, крыніцай прапаганды з’яўляюцца праваслаўныя святары, якія паўтараюць расійскую прапаганду нават у сваіх пропаведзях. У Арменіі святары таксама часта выступаюць у ролі прапагандыстаў.

    Журналістка-расследавальніца з Украіны падкрэсліла, што, акрамя расійскай прапаганды, вельмі вялікай пагрозай для Украіны з’яўляецца карупцыя. Журналісты, якія расследуюць факты хабару сярод чыноўнікаў, сутыкаюцца з ціскам з боку дзяржавы, пагрозамі і спробамі ачарніць расследавальнікаў.

    Яна падкрэсліла, што для бяспекі Украіны вельмі важнае войска, якое абараняе краіну ад ваеннай агрэсіі, але і ад карупцыі трэба абараняцца пры дапамозе СМІ і грамадскага сектара.

    Медыі ўсіх чатырох краін, прадстаўленых на дыскусіі, маюць праблемы з грашыма, бо раней істотная частка фінансавай дапамогі ішла з ЗША.

    Важна трымаць Беларусь на міжнародным парадку дня, каб Захад ведаў пра беларускую сітуацыю. Палітвязні таксама павінны знаходзіцца ў фокусе міжнароднай супольнасці. Паглядзіце: сярод апошняй партыі вызваленых палітвязняў (11 верасня вызваленыя і дэпартаваныя ў Літву 52 палітвязні, адзін з іх, Мікола Статкевіч, адмовіўся пакідаць Беларусь) даволі высокі адсотак складаюць журналісты. А гэта азначае, што адвакацыя беларускіх журналістаў дае плён, — заключыў Яўген Пыльчанка.

    Падчас выступу юрыста прысутныя маглі пабачыць партрэты беларускіх палітвязняў. Сёння за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 29 супрацоўнікаў медыяў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці