• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маскарад, фэйкавыя акаўнты і чужыя імёны: Як беларуская прапаганда бярэ інтэрв’ю падманам

    На пачатку траўня беларускія прапагандысты падманам запісалі інтэрв’ю з кандыдатам у прэзідэнты Літвы Гедрымасам Яглінскасам. Радыё Свабода расказвае, каго і як са сваіх герояў яны падманвалі раней.

    Як беларуская прапаганда бярэ інтэрвію падманам

    Фота: Радыё Свабода

    Кандыдат у прэзыдэнты Літвы Гедрымас Яглінскас нечакана для самога сабе паразмаўляў зь беларускімі прапагандыстамі. Інтэрвію ў палітыка ўзяла супрацоўніца БТ Кацярына Ціхамірава. 14-хвілінны сюжэт пабудаваны ў клясычным прапагандысцкім стылі з наратывамі «СССР карміў Літву», «кандыдат больш гаворыць пра ЗША, чым пра Літву», і гэтак далей.

    Як выявілася, палітык быў упэўнены, што дае інтэрвію расейскаму апазыцыйнаму выданьню Meduza. Запыт на размову прыйшоў на пошту з адрасу meduzaolha@gmail.com.

    «Да мяне па інтэрвію афіцыйна зьвярнуўся апазыцыйны расейскі партал Meduza, пасьля гэтага нечакана размову зьмясьцілі на беларускім прапагандысцкім канале з разнастайнымі ватнічнымі ўпрыгожаньнямі. Што магу сказаць, гэта ацэнка. Падобна, прапагандыстам неспакойна з‑за моцнай і бясьпечнай краіны, за якую мы павінны змагацца як ніколі. Што тычыцца зьместу інтэрвію — тут я спакойны, але трапіць на такі канал было шчыра непрыемна», — сказаў пасьля палітык літоўскаму выданьню Delfi.

    Выпадак, калі беларускія прапагандысты прадстаўляюцца журналістамі незалежных СМІ, далёка ня першы. Каб узяць інтэрвію, яны ідуць на розныя хітрыкі.

    Літоўскі юрыст для прапагандысткі Лебедзевай

    17 жніўня 2022 году ў тэлеграм-канале прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай зьявілася інтэрвію з экс-каліноўцам Віктарам Савічам. Аднак ні зь якімі беларускімі дзяржаўнымі журналістамі той не размаўляў. Віктара падмануў літоўскі юрыст Мантас Данелюс. Гэта ён запісаў зь ім відэа — нібыта для заходніх амбасадаў і СМІ. А сам перадаў Ксеніі Лебедзевай.

    У інтэрвію парталу «Люстэрка» Мантас не хаваў, што перадаў запіс беларускай прапагандыстцы. Таксама ён казаў, што яна супрацоўніца КДБ, і прызнаваўся, што «мае сымпатыю да Ксеніі Лебедзевай».

    Пазьней Мантаса Данелюса арыштавалі, падазраючы ў шпіянажы на карысьць Беларусі. Летась над ім пачаўся суд, падсудны застаецца пад вартай. У чэрвені Мантаса асудзілі яшчэ і за падробку дакумэнтаў, далі 2 гады з адтэрміноўкай. Гэтая справа ніяк не зьвязаная з шпіянажам.

    Маскарад для каліноўцаў

    У жніўні 2022 году беларуская прапагандыстка Анастасія Бенедзісюк падманам узяла інтэрвію ў некалькіх былых каліноўцаў. Яна прадставілася журналісткай выданьня Deutsche Welle і зладзіла цэлы маскарад: зьняла акуляры, надзела парык і зрабіла адмысловы мэйкап да размовы, называючы ўсё гэта «шпіёнскімі гульнямі».

    У кадры паказаныя размовы з былымі і цяперашнімі ваярамі Віктарам Савічам, Уладзімерам Лаўранюком, Аляксеем Вайцяховічам і намесьнікам камандзіра палку Каліноўскага Вадзімам Кабанчуком.

    «Я ўжо хвіліне на пятай размовы зразумеў, што нешта ня так. Яны хацелі нешта кепскае нарэзаць з маіх адказаў, але нават гэтага ў іх не атрымалася. Настолькі яны бяздарныя, настолькі перапоўненыя чарнатой і нянавісьцю. Нічога добрага са зла не атрымаецца, а любоў пераможа зло», — казаў пасьля Свабодзе Ўладзімер Лаўранюк.

    Фэйкавыя акаўнты

    Сёлета 18 лютага прапагандыстка Марыя Пятрашка спрабавала ўпэўніць, што мае зьлівы размоваў ад супрацоўнікаў «Белсату». І прадэманстравала гутарку з прадстаўніцай ініцыятывы «Честные люди» Аленай Жываглод.

    Як выявілася, для такой размовы прапагандысты стварылі клон тэлеграм-акаўнта журналісткі «Белсату», замяніўшы адну літару.

    «Выдаліце артыкул»

    У лютым беларуская прапаганда выпусьціла сюжэт пра тэлеканал «Белсат». Каб падрыхтаваць яго, тэлефанавалі журналістам і цяперашняму дырэктару канала Аляксею Дзікавіцкаму. Прадстаўляліся пры гэтым «абуранымі чытачамі», якія прасілі выдаліць нейкі матэрыял ці відэа зь іх выявамі.

    Рэдактарка сайта Вольга Ярохіна тады казала, што на тым канцы слухаўкі жаночы голас адмовіўся гаварыць па-беларуску, таму размова працягвалася па-ангельску.

    Сэмінар па бясьпецы з прапагандыстам Ігарам Турам

    У лістападзе ў Варшаве для беларусаў праходзіў сэмінар па бясьпецы «Бясьпечная Беларусь. Формы і мэтады абароны грамадзтва». Арганізатар сэмінару, былы каардынатар БХД па Магілёве Алег Аксёнаў быў упэўнены, што ладзіць мерапрыемства на прапанову прадстаўніка падліковай палаты ЭЗ зь Нідэрляндаў. А аказалася — супрацоўніка КДБ. Праз zoom-сувязь перад удзельнікамі захацеў выступіць арганізатар сэмінару — гэта быў намесьнік начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ (цяпер начальнік гэтага ўпраўленьня) Канстанцін Бычак, а слова яму перадаў загрымаваны прапагандыст Ігар Тур.

    «Мэта — паказаць уразьлівасьць»

    На думку намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, такімі «фэйкавымі» інтэрвію прапагандысты хочуць паказаць сваю ўсёмагутнасьць. А таксама ўразьлівасьць сваіх апанэнтаў.

    «Паказаць, што прапагандысты такія магутныя, што яны могуць прарвацца куды заўгодна і падмануць каго заўгодна. Кшталту ў іх даўгія рукі і яны могуць дабрацца да любога, таму для прапагандыстаў важныя такія акцыі. Яны выдаюць гэта за сэнсацыю. Нібыта яны некага разгаварылі, здабылі інфармацыю. Пранкеры заўжды ганарацца сваімі пранкамі», — кажа Барыс Гарэцкі.

    Ён раіць правяраць кантакты журналістаў, калі суразмоўца іх ня ведае.

    «Калі ты ня ведаеш, ці сапраўды гэты зварот з той рэдакцыі, якой чалавек прадстаўляецца, то трэба ўдакладніць праз афіцыйныя кантакты з гэтай рэдакцыяй або вэрыфікаваць асобу празь іншых журналістаў з гэтай рэдакцыі. Гэта можна высьветліць за адзін званок, за пяць хвілін. Таксама пранкерам звычайна размова патрэбная проста цяпер, каб чалавек рэагаваў імгненна. Таму варта ўзяць паўзу і ўдакладніць», — раіць намесьнік старшыні БАЖ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці