• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як блогер Валерый Руселік схадзіў у Гімалаі і з чым вярнуўся

    БАЖавец Валерый Руселік, вядомы публіцы як аўтар ютуб-канала daro­ha, падзяліўся з БАЖам расповедам пра сваё 15-дзённае падарожжа ў Гімалаі на поўначы Індыі, якое ледзь не закончылася трагедыяй.

    Валерый Руселік Ладакх

    Валерый Руселік па дарозе з Каргілу ў Падум. Ладакх, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

     «Прайсціся там, дзе людзі не ходзяць»

    — Якім ветрам вас закінула ажно на Гімалаі?

    — Папросту я езджу ў краіны, дзе яшчэ не быў. Я раздзяляю турызм ад падарожжаў.

    Розніцу я сфармуляваў так: у турыстычную паездку я вазьму сваю сям’ю, а ў падарожжа ніколі не вазьму – там можа чакаць небяспека.

    Такія месцы мяне заўсёды прываблівалі. Прываблівалі, не ў апошнюю чаргу тым, што там мала турыстаў. Умоўна кажучы, у маім уяўленні турызм – гэта наштампаваныя ў Кітаі сувеніры, нейкі адмысловы камфорт для турыстаў, а для мясцовай культуры месца ці не застаецца зусім, ці застаецца вобмаль і носіць сервільны характар.

    У падарожжах з гэтым намнога прасцей — там больш сапраўднага і шчырага. Таму я іх і люблю больш. А па жыцці выбіраю нечаканыя кірункі. Да прыкладу, я плаваў у Аральскім моры, седзячы папросту на вадзе, бо яна вельмі салёная. Нават у чыста турыстычных месцах я выбіраю нетыповыя мясціны: на ўскрайку Барселоны я наведваў мараканскае гета, куды нават удзень не рызыкуе заязджаць паліцыя. А ў Арменіі я наведваў Караундж – месца, дзе 8 тысяч гадоў таму людзі збудавалі нябесную абсерваторыю (для параўнання – Стоўнхэндж у Вялікабрытаніі, які налічвае паўтары тысячы гадоў).

    Мяне вабяць такія мясціны найперш. І, дзякуй Богу, часам з’яўляецца магчымасць падарожнічаць. І Гімалаі занялі адно з месцаў у маёй чарзе да цудоўнай планеты.

    Але калі ўжо гаварыць зусім прыземлена, то на гэтае падарожжа мяне натхнілі відэа беларускага блогера Лёні Пашкоўскага, які ездзіў у той жа рэгіён — у Занскар. Але ягоныя відэа больш лайтовыя, іх хутчэй аднясеш да турызму. А ў мяне была ідэя прайсціся мясцінамі, дзе асабліва людзі не ходзяць, а калі і з’яўляюцца, то толькі падрыхтаваныя.

    Задышка, галюцынацыі і горныя рэкі

    — Вы сказалі, падчас падарожжа на Гімалаі вы некалькі разоў ледзь не загінулі. Што здарылася?

    — На перавале Стонгдэ Ла вельмі разрэджанае паветра, якое без акліматызацыі пераносіцца надзвычай цяжка. Перад паходам на перавал я праходзіў акліматызацыю на вышыні 3,5 тысячы метраў (спатрэбілася некалькі дзён), аднак надалей кожны дзень у мяне быў распісаны: я разлічваў прайсці па канкрэтным маршруце.

    Часу на дадатковую акліматызацыю не заставалася: толькі дзень я правёў перад пад’ёмам у горы — гэтага было яўна малатавата. Таму я і задыхаўся, і галюцынацыі перажываў — гэта вельмі небяспечна на такіх вышынях.

    Табе ніхто не дапаможа, калі ў цябе здараюцца праблемы з сэрцам ці нешта перамкнула ў галаве. Уявіце сабе: ты ледзь не губляеш прытомнасць на горнай сцежцы, па адзін бок якой — гара, скала, а з другога — бездань, крый Божа, ногі падагнуліся — і ты паляцеў.

    Валерый Руселік Перавал Стонгдэ Ла

    Перавал Стонгдэ Ла, 5140 метраў па-над узроўнем мора. Гімалаі, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    Але ж нават такія сцежкі ёсць не паўсюль — гэта бязлюдная тэрыторыя, таму сцежкі — досыць умоўны панятак. Іх часам даводзілася прыдумваць сабе: бачыш, што на камяні трохі інакш лягло сонца — значыць, гэта сцежка. Найбольш рэальнай прыкметай прысутнасці сцежкі з’яўляліся фекаліі жывёл: ты ідзеш там, дзе ідуць жывёлы.

    І ўсё ж асноўны арыенцір — рэкі ў цяснінах. Часам даводзілася па абсалютным бездарожжы, дзе нават фантазія не дапамагала ўявіць сцежку, даводзілася караскацца па схілах, якія пачыналі абсыпацца. Ты ляціш уніз і ліхаманкава, нейкім цудам, спрабуеш ухапіцца за камяні. А яны едуць з табой. І калі раптам адзін з камянёў не коціцца разам з табой, то табе пашанцавала. Было і такое.

    Але самае складанае і страшнае — пераходзіць рэкі. Мая памылка палягала ў тым, што я пайшоў выбраным маршрутам на два месяцы раней, чым варта ісці. А ісці трэба ў верасні, калі ўзровень вады ледавіковых рэк нашмат ніжэйшы, іх намнога прасцей пераадолець.

    Калі ж я ішоў, то вада была высокая. Маленькія рэчкі можна было перайсці, хаця і вада была ледзяная, і ногі збіваў у кроў. Але калі дайшоў да месца, дзе вада дасягала ў пояс і вышэй, рака двойчы зрывала. Гэта небяспечна тым (мы бачылі такое неаднаразова ў кіно), што адразу пад паверхняй вады велізарныя камяні, аб якія можна і стукнуцца, і захраснуць недзе ці загінуць адразу. А калі, не давядзі Божа, зламаеш нагу, то выбрацца можна толькі цудам, бо нават са здаровымі нагамі ты нямнога можаш у такіх умовах. Я ішоў прыкладна 400–500 метраў у гадзіну, а са зламанай нагой я нават не ўяўляю, што там рабіць.

    Чарговая спроба прайсці далей па рацэ. Крыху пазней менавіта тут, калі заплечнік ужо быў на плячах, плынь упершыню збіла з ног і панесла Валерыя Руселіка. Гімалаі, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    «Важна часам у жыцці бывае своечасова сказаць «не»»

    — Галоўная небяспека крыецца ў тым, што перашкоды робяцца больш складанымі і небяспечнымі паступова: напружыўся — пераадолеў, трохі больш напружыўся — пераадолеў. Ідзеш і разумееш: так, цяжка, але хто казаў, што будзе лёгка? І ідзеш далей. У які момант трэба спыніцца, ты не разумееш, бо да гэтага пункта ты прайшоў усё. Калі карты не хлусілі, то мне заставаліся літаральна два — з два з паловай кіламетры да больш бяспечнага ўчастка, за якім знаходзілася першая вёска, самая аддаленая ад цывілізацыі. Але я сказаў сабе: усё, далей я не іду.

    Там я зрабіў адну з самых важных высноваў: як важна часам у жыцці бывае своечасова сказаць «не», змяніць маршрут, сродкі, падрыхтоўку.

    Гэта было тады, калі, па грудзі стоячы ў вадзе, я спрабаваў перайсці раку. Не заўсёды яе можна перайсці ўброд, бо вельмі магутная плынь. У такім выпадку даводзілася ісці ўздоўж берага. А заместа берага часам была толькі стромкая скала: ты чапляешся за яе, каб цябе вада не змыла, і ідзеш. Быў момант, калі вада мяне знесла, і я проста цудам ухапіўся за камяні. Канешне, можна рызыкнуць і праплыць трохі далей, дзе нібыта бачыцца невялікі пляжык. Але што далей, за гэтым пляжыкам?.. А назад па такой плыні ты не здолееш ісці. Твая стаўка — як гімалайская рулетка, твая стаўка — гэта тваё жыццё: калі рызыкнеш, то, можа быць, ты пройдзеш запланаваны маршрут. А калі не…

    Чацвёра сутак без ежы, на адной талай вадзе з ледавікоў і па 12–16 гадзінаў на нагах, 2–3 гадзіны неспакойнага і азяблага сну — усё напісана на твары. Гімалаі, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    Людзі там асабліва не ходзяць, бачыў сляды снежных барсаў, бачыў косткі з’ездзеных жывёлаў, — дапамогі чакаць няма адкуль. Быў момант, калі рака мяне сарвала, і я не здолеў прайсці назад. Прыйшлося начаваць прама на беразе ракі, на камянях, на невялікім выступе за парогам.

    А назаўтра я паспрабаваў вярнуцца назад: лезьці ўгору немагчыма — там стромкая скала, ніяк не прапаўзеш, давялося ісці супраць плыні, якая перад гэтым знесла цябе, як пярынку. Дапамогі чакаць не выпадае: я праводзіў 14–16 гадзін на нагах, чатыры дні нічога не еў, піў толькі талую ваду. Колькі часу могу вытрымаць мой арганізм? Я вырашыў не рызыкаваць і вярнуўся назад. Бадай, гэта і быў самы складаны момант у маім падарожжы.

    У выніку маё падарожжа аказалася авантурай. У апісанні маршрута, які я знайшоў у інтэрнэце, нюансаў і дэталяў не было. Калі ісці? Як ісці?  Таму маршрут падаўся намнога прасцейшым, чым аказаўся на справе.

    Манастыр Стонгдэ (Ладакх) Валерый Руселік

    Манастыр Стонгдэ (Ладакх), манахі якога прытулілі Валерыя Руселіка, калі той спусціўся з гор. Фота: з асабістага архіва

    У гарах я правёў чатыры дні: два дні ішоў па бязлюднай тэрыторыі ў адзін бок, а пад вечар, калі мяне знесла, я вырашыў ісці назад. Я не змог пераадолець парог, таму перначаваў на беразе, а затым два дні вяртаўся назад.

    Агулам падарожжа працягвалася 15 дзён. Горы — гэта самая небяспечная частка майго падарожжа. Астатняя частка прайшла менш бяспечна, але ўсё гэтакжа цікава.

    — Гатовы паўтарыць горнае падарожжа, калі б раптам надумалі? Ці занадта многа рызыкаў?

    — Рызыкі змяншаюцца, калі ты рыхтуешся, калі ўсведамляеш, што цябе чакае. Жаданне ёсць, нават паўтарыць той маршрут, але з невялікімі зменамі, у іншы сезон. Магчыма, у наступным годзе атрымаецца. Калі ты ўсведамляеш рызыку і рыхтуешся да яе, то тады твае шанцы намнога ўзрастаюць.

    Выбар, якому не пазайздросціць ніхто

    — Як прайшла другая частка вашага падарожжа? Як я разумею, вы адкрывалі для сябе Індыю?

    — Так, я пабываў у двух штатах на поўначы Індыі: Ладакх і Кашмір. Ладакх найбольш адрозніваецца ад астатняй Індыі кліматам, прыродай: там суха, высокія горы. Нават індусы, якія прыязджаюць туды з астатняй часткі Індыі, акліматызуюцца там горш, чым мы, еўрапейцы. І сапраўды: калі нават выходзіш на вуліцу ўначы, то нібыта трапляеш у цяпліцу: вельмі душна, горача, ты абліваешся потам.

    Валерый Руселік Лех сталіца Ладакх

    Жарты жартамі, але адна з галоўных задач у часе шпацыру па Леху, сталіцы Ладакху, — не наступіць на сабакаў: іх тут папросту процьма! Фота: з асабістага архіва

    Фармальна я падарожнічаў па поўначы Індыі, але насамрэч Ладакх калісьці з’яўляўся абсалютна незалежнай дзяржавай. Культурна, кліматычна і геаграфічна ён больш падобны на Тыбет. Сёння яго называюць другой радзімай будызму, пасля таго як частку Тыбета акупаваў Кітай.

    Калыска будызму сёння — гэта індыйскі Ладакх.

    манастыр Стонгдэ, Ладакх Валерый Руселік

    У манастыры Стонгдэ. Ладакх, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    Кашмір больш падобны на Індыю, праўда, з адной спецыфічнай рысай: там пераважае мусульманскае насельніцтва.

    Два галоўныя ўражанні, якія я вынес з паездкі па поўначы Індыі, — наколькі прыемныя і файныя людзі будысты: гэта адзіныя прадстаўнікі сярод іншых рэлігіяў, якіх я толькі сустракаў на сваім жыццёвым шляху, якія не падзялялі людзей на адзінаверцаў і іншаверцаў.

    На рынку ў Падуме Валерый Руселік

    На рынку ў Падуме. Ладакх, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    Будысты, з якімі я размаўляў, казалі: насамрэч не істотна, хто ты, што ты — планета Зямля адна на ўсіх. І ўва мне гэтыя погляды моцна адгукаюцца.

    Рака Суру Валерый Руселік

    Рака Суру працякае праз Каргіл. Як гэтую раку перайсці і як у ёй лавіць рыбу — Валерыю Руселіку не хапіла ўяўлення гэта зразумець. Ладакх, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    А па-другое, трапіць па сутнасці ў акупаваную краіну (гэты рэгіён у выніку войнаў быў падзелены паміж Кітаем, Пакістанам і Індыяй), яшчэ 30 гадоў таму тут ішла вайна. Таму на кожным кроку — ваенныя базы, блокпасты, узброеныя патрулі, прычым не з мясцовых людзей, а з індусаў.

    Ты ідзеш і разумееш: вось так выглядае акупацыя. 

    Па дарозе з Ладакху ў Кашмір Валерый Руселік

    Па дарозе з Каргілу ў Шрынагар: у вочы адразу кідаецца непараўнальна большая колькасць зеляніны — бадай, галоўнае візуальнае адрозненне штатаў Ладакх і Кашмір. Ну і бясконцыя вайсковыя базы — не кідацца ў вочы папросту не могуць! Фота: з асабістага архіва

    Вельмі супярэчлівыя ўражанні. Этнічна-рэлігійныя групы, якія там жывуць кампактна, не любяць адно аднаго. Складваецца ўражанне, што калі б не аўтаматы індусаў, вайна працягвалася б і цяпер.

    Выбар у мясцовага насельніцтва — або татальны дыктат, або вайна — так сабе выбар. Бачачы такое, на беларускую сітуацыю і нашыя выклікі глядзіш спакойней: у нас яна не настолькі складаная і не настолькі безнайдзейная.

    Шрынагар, Кашмір Валерый Руселік

    Узброены вайсковы патруль на вуліцах Шрынагару. Кашмір, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    Рыхтавацца, рыхтавацца і яшчэ раз рыхтавацца

    — Калі раптам нехта з беларусаў вырашыць прайсціся вашым маршрутам, што параіце?

    — Параіў бы рыхтавацца, рыхтавацца і яшчэ раз рыхтавацца. Гэта складаныя пераходы, да іх трэба быць гатовым. Напаўняйце свой заплечнік пакункамі грэчкі, солі і трэніруйцеся: узбірайцеся на горкі ў сваёй мясцовасці. Футбольная задышка, калі лёгкім не хапае кіслароду, паветра, на вышыні больш за 5 кіламетраў будзе пастаяннай.

    Падрыхтоўка ўключае ў сябе таксама планаванне падарожжа, графік: пакідайце сабе не адзін-два дні, а чатыры-пяць на акліматызацыю — тады вышыня будзе пераносіцца намнога лягчэй.

    Уявіце сабе: самая высокая кропка над узроўнем мора ў Беларусі — Святая гара (так называлася гара Дзяржынская да 1958 года) складае толькі 345 метраў, а ў Індыі сталіца штата знаходзіцца на вышыні 3,5 тысячы метраў. А шлях у горы — яшчэ вышэй.

    Горная хвароба пачынаецца на вышыні 2 тысяч метраў, так што пакідайце сабе час на акліматызацыю на кожным з этапаў вашага падарожжа.

    Ладакх Валерый Руселік

    Усё ў нас будзе добра! Я вам гарантую! Ладакх, 2024 год. Фота: з асабістага архіва

    Падрыхтоўка — гэта, як падказвае мой досвед, і максімальная прапрацоўка маршрута. 

    І трохі пра больш прыземленыя рэчы. Дбайце пра свой камфорт. А камфорт — гэта дадатковая рулька туалетнай паперы, нажніцы для пазногцяў, лёгкі трывалы абутак. На абутку не эканомце, купіце сабе нармальныя горныя чаравікі — вашыя ногі неаднойчы скажуць вам дзякуй.

    Паколькі рэгіён дагэтуль знаходзіцца на ваенным становішчы, то ніякай сувязі ў вас не будзе. Мясцовыя сімкі вам не прададуць, бо вы замежнік, не рэзідэнт, а свае працаваць не будуць. Адзіным каналам магчымай сувязі з вонкавым светам з’яўляецца інтэрнэт, які можа быць у гатэлі (і то не факт), або, магчыма, у больш-менш вялікім населеным пункце вы знойдзеце кавярню з інтэрнэтам — гэта ваша магчымасць. Увесь астатні час у вас не будзе ні інтэрнэту, ні мабільнай сувязі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці