• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ёда-меламан і верабей-прыблуда: як хатнія гадаванцы дапамагаюць абжыцца ў эміграцыі

    Падзеі 2020 года параскідалі беларускіх журналістаў па белым свеце. Людзі зрываліся з наседжаных месцаў, кідалі ўсе свае пажыткі, але толькі не хатніх гадаванцаў: іх вывозілі адразу ці эвакуявалі з Беларусі пазней. А некаторыя медыйшчыкі прыдбалі сабе новых сяброў ужо ў выгнанні, трохі асвоіўшыся на новым месцы. БАЖ пацікавіўся, хто дапамагае калегам перажываць нягоды эміграцыі.

    Піна адпачывае. Фота: з засабістай старонкі ў Face­book Аляксея Дзікавіцкага

    «Хто б мог падумаць, што ў свае 50 гадоў я буду насіць на руках сабаку»

    Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканала «Белсат», стаў сабачнікам не па сваёй волі.

    — Наш сын, які часова жыве з намі, паехаў, купіў і прывёз сабаку дахаты. А нас проста паставіў перад фактам. Якраз у той дзень я атрымаў прапанову стаць намеснікам дырэктара «Белсата». Дзень быў вельмі цяжкі, я быў і фізічна, і псіхалагічна выціснуты. Прыходжу дадому, бачу: сядзяць сын з жонкай, думаў, з цацкай забаўляюцца. А ў выніку аказалася, што я стаў уладальнікам класнай сабачкі Піны, — згадвае Аляксей Дзікавіцкі. – Размовы пра тое, каб набыць сабаку, вяліся даўно, але ўсё не было як: то пакінуць не было на каго, то розныя іншыя адгаворкі знаходзіліся. А сын узяў ды сам усё вырашыў. А цяпер ужо не ведаем: ці то наш гэта сабака, ці то сынаў. Сын заканчвае рамонт у сваёй кватэры, і як давядзецца яму з’язджаць, то ўзнікне дылема: а чый сабака? Добра, што жывём недалёка.

    Сабака рэдкай пароды басэнджы. Ён мае многа іншых назваў: афрыканскі сабака, які не гаўкае, кангалезскі хмызняковы сабака, лясны сабака з Конга, конга-тэр’ер, ньям-ньям-тэр’ер, сабака зандэ, «істота з зараснікаў». Варшавяне часта блытаюць сабаку з казулянём.

    — Паляўнічая сабачка, якая ніколі не мяшалася з іншымі, чыстакроўная. Выявы менавіта басэнджы знойдзеныя ў егіпецкіх пірамідах. Сабака гэтай пароды не брэша, толькі вые і рычыць. Піне ўсяго шэсць месяцаў, але яна вельмі разумная, мае свой нораў. Вельмі ўпартая, але ў той жа час і вельмі адданая, — расхвальвае гадаванца медыйшчык.

    Аляксей Дзікавіцкі не памятае, колькі каштаваў сабака, але прыгадвае, што недзе ў два ці тры разы танней, чым шпіц.  

    Сабака атрымаў сваё імя на другі ці трэці дзень.

    — Часта сабакам даюць замежныя імёны. Так як у нас дзяўчынка, мне падалося, што Піна ёй падыйдзе (родны горад журналіста Пінск стаіць на рацэ Піна): і сімвалічнае, і не пачварнае, і файнае імя. Сям’я, на шчасце, пагадзілася з маім выбарам, — згадвае суразмоўца.

    сабака Аляксея Дзікавіцкага

    Піна таксама прымае ўдзел у рамонце. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book Аляксея Дзікавіцкага

    Чатырохлапы член сям’і ўжо зведаў, што такое рэдакцыя. Аляксей тлумачыць, чаму Піна час ад часу завітвае на «Белсат»:

    — Бываюць сітуацыі, калі сын адлучаецца ў камандзіроўкі ці па вучобе, і няма на каго сабаку пакінуць. Піна яшчэ замаленькая, каб заставацца адной: моцна плача і панікуе. Шчанё цяжка пакідаць адну нават на кароткі час, таму перыядычна даводзіцца браць яе на працу: ці мне, а болей — жонцы. Але Піна ціхая, прыязная, нікому не перашкаджае.

    Аляксей Дзікавіцкі кажа, што хатні гадаванец у ягонай сям’і з’явіўся ўпершыню:

    — Я ніколі не быў ні сабачнікам, ні кашатнікам. Нават калі сябры прыходзілі з жывёламі ў госці, то да мяне лепш было не лашчыцца: я заўсёды падыходзіў да жывёл з дыстанцыі. На вёсцы на Піншчыне, куды ў дзяцінстве мяне аддалі на некалькі гадоў на выхаванне бабулі і дзядулю, сабакі сядзяць на ланцугу, у будцы, брэшуць на чужых, а сваіх пільнаваць павінны. Мой дзед колісь казаў: калі сабака не есць размочаны ў вадзе сухі хлеб, значыцца, не галодны. Тыпова вясковы гаспадарскі падыход. А тое, што пасля 50 гадоў я буду цалаваць сабаку, насіць на руках, абдымацца з ім – у жыцці б не падумаў. Але я цешуся, што гэта здарылася са мной, — усміхнуўся Аляксей Дзікавіцкі.

    Кот Яська, які гуляе на павадку і любіць разглядваць варон

    У журналістаў Быкоўскіх — Паўлюка і Вольгі — у Беларусі жыў кот Яська. Калі сямейнай пары давялося пераехаць у Варшаву, усе клопаты пра хатняга гадаванцыа ляглі на плечы іх дачкі Насты.

    — Яшчэ ў Беларусі мне даволі часта даводзілася шукаць людзей, якія пагадзіліся б пакарміць ката. А гэта было ўжо складана, улічваючы, як нямнога нашых знаёмых засталося ў Мінску. Калі я ляжала ў бальніцы, гэта быў проста жах — знайсці людзей, каб паклапаціліся пра чатырохлапага. Пазней мне ўвогуле давялося раней адпрошвацца з санаторыя, патлумачыўшы, што няма каму даць гадаванцу абед, — узгадвае дзяўчына.

    Яська паказвае язык. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book Паўлюка Быкоўскага

    Яна ж займалася дакументамі, каб перавесці ката да бацькоў у Польшчу.

    — За паўгода да выезда трэба зрабіць вакцынацыю. У дзяржаўнай ветклініцы неабходна было атрымаць дакумент, што кот жывы-здаровы — гэта 10 старонак тэксту. Гэтыя дакументы я мусіла паказваць на памежным пераходзе на мяжы з Польшчай. Усімі вакцынацыямі, аперацыямі займалася я адна.

    Што цікава: ёсць пашпарты жывёлаў, якія лічацца сапраўднымі толькі ў Беларусі, Расіі і Украіне, а ёсць пашпарты, якія прызнаюцца ўсім светам — яны зробленыя на рускай і англійскай мовах. Гэтыя пашпарты можна атрымаць толькі ў дзяржаўных ветклініках нібыта танней. Але насамрэч там спярша трэба адстаяць жывую чаргу – можна завіснуць на некалькі гадзінаў.

    Пакуль кату Яську не трэба новы пашпарт — у Польшчы дзейнічае беларускі дакумент:

    — Да ветэрынараў мы ходзім з беларускім пашпартам: усе вакцынацыі там пазначаныя. Калі закончыцца беларускі пашпарт, будзем рабіць у Польшчы, — кажа Наста Быкоўская.

    Сёлета кату Яську споўніцца 11 гадоў, хаця па пашпарту жывёліна трохі маладзейшая. Здаравяк важыць каля сямі кілаграмаў, можа, трохі больш: пасля кастрацыі ён пачаў болей есці. А раней ягоная вага была аптымальнай, таму вакцынацыі ў Беларусі каштавалі трохі танней з‑за невялікай вагі.

    У Варшаве, калі ветэрынар выпісвае лекі для ката, то іх выдаюць тут жа, у ветклініцы, адпаведна, за прыём і лекі выстаўляюць адзін рахунак.

    — А ў Беларусі мне спачатку трэба было схадзіць да ветэрынара, атрымаць рэкамендацыі, затым – пайсці ў іншае месца і набываць лекі, прычым больш, чым трэба (а хто ведае, колькі можа спатрэбіцца)? А ў Варшаве лекі выдаюць па порцыях, кладуць у пакецікі – проста прыгажосць, — распавядае Наста.

    Зрэшты, у Варшаве таннейшыя і харчы.

    — Я набывала кату гіпаалергенны корм. У Мінску невялікі пакецік сухога корма каштаваў болей, чым прадукты, якія я набывала сабе на тыдзень. Ён быў рэальна дарагі, — тлумачыць Наста Быкоўская.

    Як змяніўся характар гадаванца ў Варшаве?

    — Раней Яська не любіў гасцей, цяпер церпіць: раней уцякаў і хаваўся, а зараз можа і гуляцца. Не супраць сустрэцца нават з сабакамі: некаторыя нават пабойваюцца, бо кот не маленькі. На прагулкі Яська ходзіць на павадку, — распавядае Наста.

    Гаспадары падазраюць, што ў Яські алергія на птушак. На балкон залятаюць толькі велічэзныя вароны, большыя за Яську. Праз шкло яны любяць глядзець адзін на аднаго, але такіх не вельмі ўпалюеш.   

    Жвірблючок на мільён долараў

    Па традыцыі, сабакі і каты — галоўныя сябры беларускіх журналістаў і журналістак. Але ёсць і больш дзіўныя хатнія гадаванцы. Напрыклад, Марыя Малевіч, журналістка і медыяменеджэрка, расказала, як у журналісцкую сям’ю на выхаванне патрапіў літоўскі верабей-прыблуда.

    — Гісторыя з’яўлення нашага гадаванца досыць дзіўная, зрэшты, як і ён сам. Мой муж, фатограф і аператар Сяргей Сацюк, даўно захапляецца назіраннем за птушкамі і фотапаляваннем. Асаблівую любоў ён мае да вераб’ёў, нават зрабіў сабе татуіроўку з выявай гэтай птушкі. Напрыканцы лютага ён знайшоў ля дома параненага вераб’я. Не зразумела было, што з ім здарылася, але відавочна было моцна пашкоджана крыло. Вераб’ішку прынеслі да хаты без асаблівага спадзеву на лепшае — ветклінікі з дзікімі птушкамі не працуюць, а арнітолагі з Каўнаса параілі званіць да іх, калі верабейка пражыве хаця б тры дні. Давялося самім брацца за лекаванне: цягам тыдня два разы на дзень муж спачатку лавіў па каробцы вераб’я (гэта дарослая дзікая птушка, якая лепш здохне, чым пойдзе ў рукі да чалавека), а потым піпеткай уліваў у яго антыбіётыкі (звычайныя чалавечыя, разбаўленыя па прапорцыі з сеціва).

    Верабейка перажыў і тры дні, і тыдзень, а недзе на 10-ты дзень пачаў уцякаць з каробкі, дзе журналісты яго трымалі.

    — Паверце, злавіць мікраптушку, якая хай сабе і не лётае, вельмі няпроста, — смяецца Марыя. — Стала зразумела, што ён з намі надоўга. Адчуваў ён сябе добра, хоць і не мог больш лётаць, а ў хатніх умовах вераб’і жывуць да 25 гадоў (супраць 2 гадоў на вуліцы).

    Жвірблюкас спявае літоўскія песні. Фота з асабістастага архіва Марыі Малевіч

    Рабіць няма чаго: медыйшчыкі набылі яму вялікую клетку.

    — Вось толькі імя не далі, бо спачатку баяліся, што памрэ, а потым ужо неяк і няёмка. Так і завем яго Жвірблючок (ад літоўскага žvir­b­lis). Цяпер Жвірблюкас спявае раніцаю песні, раскідвае птушыны корм і прыманьвае іншых птушак — да нас аднойчы ўжо заляцеў вулічны верабей і ўвесь час ломяцца дзікія галубы. Хоць ты балкон не адкрывай, — пералічвае перамены ў доме суразмоўца.

    Марыя з мужам цяпер жартуе, што наступным разам няхай Сяргей робіць татуіроўку з мільёнам долараў.

    — Можа, і яго пасля пашанцуе падабраць на вуліцы, — усміхаецца журналістка.

    Ёда, Ёдусь, Jodas. Сабака, які спявае і дапамагае вучыць літоўскую мову

    Безумоўнай зоркай у Вільні стаў беларускі Ёда – такі ж маленькі і такі ж вушаты, як ягоны цёзка з касмічнай сагі «Зорныя войны». Дый усім сваім выглядам сабака паказвае: глядзіце, я зведаў усе таямніцы Сусвету.

    Мініцяцюрны сабачка з цяжкім лёсам і патрабавальным характарам знайшоў прытулак у сям’і журналістаў Генадзя Шарыпкіна і Ганны Пазюк.

    сабака Генадзя Шарыпкіна

    Ёда — часты аб’ект фотаздымкаў свайго гаспадара. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book Генадзя Шарыпкіна

    — Лістапад на хутары сам па сабе змрочны і па настрою, і па надвор’ю. Тым больш, праз дзень ці то два пасля гібелі Рамана Бандарэнкі: тады рэальная цемра накрыла літаральна ўсіх. У 2020‑м гэтая навіна здавалася яшчэ абсалютна дзікай. І ў той момант да мяне прыйшоў сабачка. Не скажу, што ён з’явіўся ніадкуль, але прыйшоў недзе за кіламетр ад месца, дзе, як я пазней даведаўся, жыў у дзірцы ў фундаменце, — згадвае журналіст Генадзь Шарыпкін.

    Як жартуе расказчык, сабака «жыў у сацыяльна небяспечнай сям’і»: каты, сабакі выжывалі самі па сабе, гаспадарам было не да жывёл.

    — З усяго памёту, а ў ім было сабачак пяць, Ёда выжыў невядома як. Трэба нагадаць пра суровую праўду вясковага жыцця, якая практыкуецца дагэтуль: прыйшоў чалавек, які за бутэльку пагаджаецца закопваць жыўцом ці тапіць непажаданых кацянят і шчанюкоў. Але паглядзеў на гэтага малога, самага малодшага і самага меншага з памёту, і адмовіўся.

    Журналіст пагаварыў з умоўнымі гаспадарамі – яны былі не супраць аддаць шчанюка, які набыў свой новы дом.

    — Сабачка адразу прыстроіўся каля печы (для яго гэта сакральнае месца, да якога дагэтуль ставіцца з любоўю і павагай). У мяне была адчыненая дзверца, якая выконвала ролю каміна, дык ён прыйшоў і разлёгся – выжыванне на холадзе забірае сілы. Ён проста заснуў. А пасля папрасіўся да мяне. І я зразумеў, што больш нікуды ад яго не дзенуся. Так што вялікае пытанне, хто каго выбраў, — кажа Генадзь Шарыпкін.

    Ёда ўразіў свайго новага гаспадара і сваім характарам:

    — Вулічны шчанюк, ён здзівіў мяне сваёй разважлівасцю і асцярожнасцю. Ён вельмі ўважлівы: і ў хаце, і паўсюль ён выбірае месцы, адкуль бачна ўсё — і гаспадары, і небяспека. Усюды цягаўся хвосцікам, як кажуць. Ужо на наступны дзень ён трохі ачуняў, выйшаў на ганак і пачаў качаць правы гаспадара: каты і сабакі, якія раней вольна хадзілі па надворку, атрымалі першы ўрок гасціннасці.

    Раней у Генадзя Шарыпкіна была такса Бруна (дарэчы, мянушку выбіралі ўсім БелаПАНам), сабака з гаспадаром так моцна зжыліся, здружыліся, што гаспадар пасля смерці выхаванца нават і не думаў заводзіць новага сабаку.

    — Але вось гэты маленькі Ёдусь (мы так і сталі яго зваць на беларускі манер) скарыў усіх, не толькі мяне з Ганнай, але ўсіх знаёмых. Нават у нашых фэйсбуках ніводная чалавечая фотка не набірала столькі падабаек і каментаў, як здымкі гэтага смешнага сабачкі.

    У Вільні Ёда найлепшы медыятар паміж намі і мясцовымі жыхарамі на раёне, якога ўжо многія ведаюць. І ён дапамагае вывучэнню літоўскай мовы можа і лепш, чым моўныя курсы.

    Штурман Ёдусь пракладвае курс. Фота: Генадзя Шарыпкіна

    Прыняўшы рашэнне пакінуць Беларусь, Генадзь з Ганнай ні секунды не вагаліся: забіраем і Ёду. Адзіная складанасць — сям’і давялося чакаць, пакуль скончыцца каранцін пасля прышчэпак і чыпавання. Гэта адцягвала на два-тры тыдні запланаваны ад’езд. На шчасце, перад журналістамі не ўзнікла форс-мажораў, і Ёда атрымаў пашпарт.

    Праз месяц пасля пераезду ў Вільню сабаку спатрэбілася дапамога хірурга-стаматолага, яго прынялі без праблем.

    — А калі праз паўгоды мы зноў прыйшлі ў ветэрынарную клініку, дзяўчына на рэсэпшыне нават успомніла Ёду – такі харызматычны. Праўда, літоўцы час ад часу запытваюць: а чаму мы яго назвалі «Чорны», калі ён насамрэч руды? Joda па-літоўску азначае чорны. Пачынаем тлумачыць: сабака носіць імя персанажа з «Зорных войнаў». Пачынаюць тлумачыць: тады не Joda, а Jodas. Окей, мы не супраць, калі літоўцы называюць яго так.

    Ёда па-рознаму ставіцца да Генадзя і да Ганны.

    — Мы абодва ў ягоным сэрцы, але ён па-рознаму ставіцца да нас. За Ганну больш перажывае, калі яна ў кепскім настроі. У яго такі статус: мяне абараняць не трэба, а за Ганнай трэба сачыць, каб яе ніхто не пакрыўдзіў, — характарызуе свайго выхаванца Генадзь. — Ёда смелы, верны, ездзіць са мной на рыбу, залазіць у лодку, як толькі прыязджаем на рыбалку, тут жа займае ахоўную зону і сочыць за парадкам. Уважлівы, сур’ёзны, але пазітыўны. Калі табе сумна, то падыходзіць, не пакідае цябе, а калі табе добра, ён тады радасна бегае вакол, прыносіць усе свае цацкі. Гэта сігнал – ён падзяляе сваю радасць.

    Апрача ўсіх вартасцей, сабака стаў меламанам:

    — Ёда любіць спяваць. Ён заспяваў яшчэ ў Беларусі. Я меламан, слухаю самую розную музыку – ад цяжкай да электронікі. Калі яму падабаецца мелодыя, ён пачынае падпяваць, часам нават трапляе ў ноты, — кажа Генадзь. — А да ўсяго Ёда мае вельмі патрабавальны характар. Калі ты яму не пагладзіш жывот, то кладзецца на спіну і пачынае торгаць лапамі. Староннія людзі, якія не ведаюць Ёду, пужаюцца: а што з вашым сабакам, ці не прыпадак? А Ёда проста патрабуе ўвагі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці