• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як медыям асвятляць самагубствы, а пра што лепш памаўчаць? Парады псіхолага

    У цяперашнім імклівым і нестабільным свеце многія страцілі апору пад нагамі, таму ў інфапрасторы, на жаль, нярэдкія навіны пра самагубствы. Але ці варта журналістам даводзіць да чытачоў падрабязнасці трагедыяў, у тым ліку апісваць спосаб, якім чалавек звёў рахункі з жыццём? Як мусіць асвятляць гісторыі людзей ва ўразлівым становішчы, каб нікому не нашкодзіць? БАЖ пагутарыў пра гэта з гештальт-тэрапеўткай Марынай Качановіч.

    maryna_kachanovich

    Марына Качановіч. Фота: Лена Сардэчка

    «Бяда здарылася не з табой, але праз навіны можаш параніцца сам»

    Беларускія медыі шырока асвятлялі гісторыю пенсіянеркі з Пінска, якая не вытрымала ціску спецслужбаў. Аднак гэтая трагедыя выклікала не толькі розгалас у грамадстве. У беларускім журналісцкім асяроддзі завіравала абурэнне, што некаторыя рэпарцёры адкрыта апісалі сопсаб самагубства. Прагучала пытанне, ці не стане апісанне спосабу самагубства кіраўніцтвам да дзеяння для многіх людзей з няўстойлівай псіхікай?

    — Апісанне спосабу самагубства не можа стаць кіраўніцтвам да дзеяння: чалавеку, які рашыўся развітацца з жыццём, ужо не патрэбныя інструкцыі. Хутчэй, падрабязнае апісанне спосабу можа стаць рэтраўмуючым фактарам для спажыўца: найбольш уразлівыя людзі могуць эмацыйна адрэагаваць, у іх могуць з’явіцца розныя фантазіі, можа вырасці трывожнасць.

    Людзі па-рознаму рэагуюць на падобныя рэчы. Падрабязнае апісанне трагедыі можа прывесці да так званай «другаснай траўмы», якія, дарэчы, часта фіксуюцца ў журналістаў: бяда здарылася не з табой, але ты прачытаў, убачыў, перажыў — і можаш параніцца сам. Канешне, гэта можа запусціць фантазію, выклікаць эмацыйную ўцягнутасць — і тады чакайце непрыемных наступстваў.

    Увогуле ў журналісцкай працы заўсёды прысутнічае канфлікт паміж жаданнем прыцягнуць чытача любымі сродкамі і чалавечнасцю. Мэта выдання — каб чытачы прыйшлі, прачыталі, далі прагляды. Як правіла, на яркі страшны загаловак чытач хутчэй за ўсё адгунецца.

    Але калі гаварыць пра чытачоў, то ў іх няма патрэбы ведаць занадта ўразлівыя падрабязнасці, у тым ліку, як менавіта чалавек пакончыў з сабой. Залішняя інфармацыя толькі нясе рызыкі траўматызацыі.

    — Як варта асвятляць кейсы людзей, якія знаходзяцца ў надзвычай уразлівым стане: палітвязні, палітэмігранты, людзі ў глыбойкай дэпрэсіі? Як пісаць пра гэта і пры тым не нашкодзіць людзям?

    — Перш за ўсё трэба задацца пытаннем: што падумае чытач, які прачытае твой артыкул? Такі падыход зробіць матэрыял больш сумным, але і больш беражлівым.

    Журналісту было б добра прапускаць свой тэкст праз фільтр эмпатыі: пастаўце сябе на месца чытача і паглядзіце на сітуацыю ягонымі вачыма.

    Разам з тым журналісцкія тэксты можна напоўніць спачуваннем, цеплынёй, падтрымкай – у такім выпадку яны могуць стаць кранальнымі і для аўдыторыі.

    Фота: pexels.com

    Чаго дакладна не павінна быць у журналісцкіх матэрыялах, дык гэта абясцэньвання пачуццяў, прысаромлівання, грэбавання. Я б заўсёды мела на ўвазе, што мы не можам зразумець чужы вопыт: калі чалавек перажывае нешта, што незнаёмае для нас, гэта не абавязкова значыць, што ён памыляецца ці не мае рацыі. Проста мы не можам гэтага зразумець, але мы можам яму верыць, можам з павагай адносіцца да яго пачуццяў.

    Як справіцца з глыбінёй адчаю ўнутры сябе?

    — Што штурхае чалавека на самагубства? Як чалавек сам сабе тлумачыць неабходнасць апошняга кроку?

    — Часам людзям у складаным эмацыйным стане пачынае здавацца, што не жыць лягчэй, чым жыць. Яны не могуць самастойна справіцца са сваёй траўматызацыяй, з нагрузкай. Тады ў іх з’яўляецца адчуванне, быццам жыццё страціла каштоўнасць.

    Гэты стан часта суправаджаецца глыбокай дэпрэсияй: чалавека нічога не радуе, ён губляе надзею і не мае ніякіх пазітыўных думак пра будучыню, увесь час адчувае сябе ў эмацыйнай яме. 

    Дэпрэсія — гэта недахоп сератаніна ў арганізме. Гэта вельмі цяжкі стан, у тым ліку і эмацыйны, які вымотвае, ён невыносны. Доўга ў ім знаходзіцца проста немагчыма.

    Існуюць розныя формы суіцыдальных паводзінаў, самаразбуральных (рызыкоўных паводзінаў ці самапашкоджанняў), якія наступаюць тады, калі душэўны боль ужо страшнейшы за фізічны. Ён становіцца больш невыносным, чым нават фізічная смерць. Гэта такая глыбіня адчаю ўнутры чалавека, такі боль, які цяжка зразумець, калі сам не перажыў такое.

    — Што трэба рабіць чалавеку, каб не даводзіць сябе да крайняга стану?

    — З’яўленне суіцыдальных думак азначае, што чалавек сапраўды знаходзіцца ў крайнім стане, а працэс, які прывёў да іх з’яўлення, запушчаны даўно. Калі нехта задумваецца пра самагубства, то лепш за ўсё адразу звярнуцца да псіхіятра за медыкаментознай падтрымкай.

    Фота: pexels.com

    Канешне, важна працаваць і з псіхолагам. Трэба абавязкова разабрацца ў сабе: як я жыву, што са мной адбываецца, як я дайшоў да такога стану, што задумваюся пра суіцыд. У гэты час вельмі важна сумяшчаць медыкаментозную падтрымку з псіхатэрапіяй — трэба не толькі размаўляць і разбірацца, але можна сябе і падтрымаць нейкімі прэпаратамі.

    Не варта баяцца: сучасная псіхіятрыя — не карная псіхіятрыя савецкага перыяду.

    І ў Беларусі ёсць бясплатны ананімны прыём, у тым ліку і ў дзяржаўных установах: можна спакойна звярнуцца, атрымаць рэкамендацыі і рэцэпт. Антыдэпрэсанты ці супрацьтрывожныя прэпараты могуць падтрымаць чалавека ў такім стане, проста даўшы яму трохі сіл, эмацыйнай устойлівасці, падняўшы сератанін, настрой, каб у яго з’явіліся сілы ўтаймаваць сваё жыццё.  

    «Псіхіятру неабавязкова ведаць падрабязнасці вашага жыцця»

    — Недавер да сістэмы аховы здароўя настолькі вялікі, што не кожны чалавек — нават пры пільнай патрэбе — прымусіць сябе звярнуцца да ўрача. І перш за ўсё якраз па прычыне недаверу: хто ведае, дзе інфармацыя пра цябе апынецца заўтра?

    — Не хачу нагнятаць, але сапраўды ёсць кейсы, калі людзей адпраўляюць на прымусовае лячэнне з палітычных прычынаў. Але гэта не тая сітуацыя, што чалавек прыйшоў да псіхіятра, а яго адтуль забраў АМАП — такіх сітуацыяў мы не ведаем.

    Увогуле, калі мы прыходзім да псіхіятра, то яму трэба толькі расказаць пра свой стан, пра свае сімптомы ў агульных рысах.

    Зусім неабавязкова расказваць пра тое, чым вы займаліся ва ўмоўным 2020 годзе, ці як на вас уплывае вайна. Псіхіятру неабавязкова ведаць падрабязнасці вашага жыцця, ён мусіць зрабіць дыягностыку на падставе сімптомаў і прызначыць лячэнне. Гэта бяспечна. Таму лепш звярнуцца да псіхіятра, чым не звяртацца — гэта вельмі небяспечны стан, калі з’яўляюцца суіцыдальныя думкі.

    Фота: pexels.com

    Працаваць з псіхолагамі, з псіхатэрапеўтамі ўнутры Беларусі (каб у размовах разабрацца ў прычынах свайго стану і знайсці выйсце) можна анлайн. Можна выбраць псіхолага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі, які ўжо выехаў, або  любога рускамоўнага псіхолага, які жыве ў іншай краіне. І не баючыся, што ён можна нанесці нейкую шкоду ці «супрацоўнічае» са спецслужбамі.

    Якія сімптомы падкажуць, што чалавеку патрэбная вонкавая дапамога

    — У такім выпадку псіхіятр і медыкаментозная падтрымка — адзінае выйсце?

    — Не. Я кажу, што добра сумяшчаць і псіхіятра, і псіхолага ў выпадку сур’ёзнага крызіснага стану. З псіхолагам вы абмяркуеце сваё жыццё, а псіхіятр — той, хто прызначыць таблеткі. Гэта розныя спецыялісты.

    У сур’ёзных крызісных станах пры суіцыдальных думках часта без медыкаментознай падтрымкі не абысціся. Добра было б рабіць і тое, і тое: як толькі перастанеш прымаць лекі, цяжкі стан паступова павернецца, бо прычыны, якія яго выклікалі нікуды ня зніклі. Калі вы прыйшлі да суіцыдальных думак, значыць, у вашым жыцці нешта пайшло не так, трэба шукаць прычыны. Таму дапамога псіхолага неабходная.

    Антыдэпрэсанты на гэтым шляху могуць даць сілы, каб проста хадзіць на працу і да псіхолага, дзе пачынаць паціху разграбаць свае праблемы. Трэба разумець, што людзі ў цяжкім стане часам не маюць нават сілаў выйсці з дому.

    Фота: pexels.com

    — Якія сімтомы падкажуць, што чалавек мае патрэбу ў знешняй дапамозе?

    — Да псіхолагаў, да псіхатэрапеўтаў можна звяртацца па шырокім спектры праблем, пачынаючы ад простага абмеркавання свайго жыцця, атрымання падтрымкі і заканчваючы вырашэннем крызісу (у сям’і, на працы і г.д.). Таксама псіхолагі могуць дапамагчы, калі вы — трывожны чалавек, калі вы занадта многа перажываеце, калі ў вас прысутнічае дэпрэсіўная сімптаматыка. Спецыяліст растлумачыць, што, як і чаму адбываецца ў тваёй галаве.

    А псіхіятр падключаецца ўжо на этапе, калі змяняецца стан чалавека: з’яўляецца апатыя, упадак сіл, увесь час адсутнічае настрой, прападае апетыт і сон. То-бок чалавек упадае ў складаны фізічны і эмацыйны стан: цела нармальна не функцыянуе, чалавек перажывае вельмі трывожны разлад, дакучлівы стан.  Тут могуць дапамагчы таблеткі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці