• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як пачынаўся БАЖ. Гутарка з сузаснавальнікам арганізацыі Віталём Цыганковым

    Увосень 1995 года ў Мінску прайшоў устаноўчы сход Беларускай асацыяцыі журналістаў. Як стваралася і працавала арганізацыя ў першыя гады?  Пра гэта БАЖ расказаў адзін з яго заснавальнікаў Віталь Цыганкоў.  

    8 верасня 2023 года. Віталь Цыганкоў атрымлівае чарговую прэмію БАЖ «Вольнае слова», шостую па ліку. Фота: з асабістага архіва

    «Гэтая ўлада стала пагрозай для грамадзянскай супольнасці»

    — Як узнікла ідэя аб’яднаць незалежных журналістаў?

    — У 90‑я гады ў краіне пачыналася стварэнне грамадзянскай супольнасці. З’яўляліся новыя прафесійныя арганізацыі, якія існавалі ў дэмакратычных краінах, але якіх не было ў савецкай і ў першыя гады постсавецкай Беларусі. Узнік Беларускі ПЭН-цэнтр (зарэгістраваны Мінюстам 16 лістапада 1990 года), які ўспрымаўся як альтэрнатыва існуючаму Саюзу пісьменнікаў — больш дэмакратычная, менш бюракратычная альтэрнатыва. Затым з’явіўся Беларускі Хельсінкскі камітэт (зарэгістраваны Мінюстам 1 лістапада 1995 года), адным з заснавальнікаў якога я таксама быў. 

    У саюзе журналістаў таксама ішла ўнутраная барацьба паміж кансерватыўнай і больш прагрэсіўнай плынямі. Але большасць была за прадстаўнікамі старой савецкай эліты. Таму прадстаўнікі новай недзяржаўнай прэсы, медыйшчыкі з дэмакратычнымі перакананнямі вырашылі стварыць сваю арганізацыю.

    Чаму ў 94–95‑х гадах пачалі паўставаць арганізацыі, якія я пералічыў? Мяркую, да іхняга стварэння падштурхнула абранне Лукашэнкі. Даволі хутка, ужо ў 1995 годзе, ён выбраў аўтарытарную форму кіравання. Можна спрачацца, з якога моманту гэта стала відавочна, але канчатковы паварот адбыўся ў красавіку 1995 года,  калі былі збітыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, і адбыўся першы рэферэндум. Ужо тады стала ясна, што гэтая ўлада стала пагрозай для грамадзянскай супольнасці.

    Вядома, такія арганізацыі, як БАЖ,  з’явіліся б у любым выпадку, але пры дэмакратычнай уладзе ў іх існаванні не было б такой вострай неабходнасці. Людзі адчулі, што ёсць патрэба ствараць новыя актыўныя структуры, якія б адрозніваліся ад існуючага саюза журналістаў, які ў большасці канфліктаў падтрымліваў не калегаў, а ўладу — спачатку прэм’ер-міністра Кебіча, потым Лукашэнку. 

    Многія заснавальнікі знаходзіліся і ў саюзе журналістаў, і ў БАЖ адначасова — адно другому не пярэчыла. Але я, напрыклад, прынцыпова не ўступаў у першы, бо лічыў яго занадта праўладнай структурай. Таму, калі ствараўся БАЖ, я ні секунды не сумняваўся і прыняў удзел ва ўстаноўчым з’ездзе, нават маю пасведчанне за нумарам 8. І ўвайшоў у склад першай Рады. 

    Пасведчанне № 8. Фота з асабістага архіва Віталя Цыганкова

    Дарэчы, ад пачатку свайго заснавання і, магчыма, дагэтуль заставалася адкрытым пытанне: што такое БАЖ? Гэта прафсаюз, які адстойвае правы журналістаў? Ці гэта прафесійная арганізацыя, дзе людзі абменьваюцца думкамі і досведам, распрацоўваюць правілы гульні (этычную камісію, напрыклад)? Ці гэта актывісцкае прадэмакратычная НДА, якая змагаецца за дэмакратыю сіламі журналістаў?

    На мой погляд, БАЖ аб’яднаў у сабе ўсе тры падыходы: прафсаюз, прафесійную структуру і прадэмакратычную арганізацыю.

    «БАЖ узяў функцыю абароны правоў журналістаў»

    — Наколькі лёгка ўдалося Беларускай асацыяцыі журналістаў зарэгістравацца ў якасці грамадскай арганізацыі?

    — Да 2020 года ў Беларусі існавалі сотні грамадскіх структур, і ўсе яны легалізаваліся даволі лёгка. У 95-ым з гэтым не было праблемаў: аб’ядноўваліся не толькі журналісты і пісьменнікі, узнікалі і іншыя прафесійныя супольнасці — ад архітэктараў да археолагаў у якасці альтэрнатывы ранейшым, савецкім арганізацыям. Ніхто не сутыкаўся з праблемай нерэгістрацыі.

    — Адкуль з’явілася назва?

    — Я не магу сказаць, хто прыдумаў назву, бо не ўдзельнічаў у гэтым. Памятаю толькі, што людзі ўвесь час паджартоўвалі з назвы арганізацыі: БАЖ наадварот чытаецца ЖАБ.

    Таму жаба і стала бажаўскім мемам.

    — Ці мела арганізацыя адпачатку свой офіс ці збіраліся па розных рэдакцыях па меры неабходнасці?

    — Офіса ў першыя гады не было, таму першыя гады сустрэчы праводзіліся ў рэдакцыях СМІ, большасць супрацоўнікаў якіх з’яўляліся сябрамі БАЖ. А для з’ездаў арандаваліся розныя палацы: так праходзілі з’езды БНФ, іншых грамадскіх аб’яднанняў.

    «Фактычна ўся рэдакцыя часопіса складалася з мяне»

    — Чым канкрэтна займаліся ў арганізацыі вы?

    — у 1996–1997 гадах я быў першым рэдактарам першага бажаўскага выдання «Чацвёртая ўлада». На той момант я быў надзвычай працавітым: «Радыё Свабода», газета «Свабода», The Asso­ci­at­ed Press, расійская «Независимая газета». Так што «Чацвёртая ўлада» стала маёй пятай ці шостай падпрацоўкай.

    Часопіс выходзіў раз на месяц, ад мяне патрабавалася сабраць і вычытаць матэрыялы. Калі не памыляюся, уся творчая рэдакцыя складалася з мяне (вядома, акрамя тэхнічных супрацоўнікаў).

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў. Фота: з сайта Budzma.org

    Назву, між іншым, прыдумаў Алесь Ліпай, з якім мы стваралі агенцтва БелаПАН.

    Ён раней марыў пра ўласную газету з назвай «Чацвёртая ўлада», але паколькі з гэтай ідэяй не пайшло, то аддаў гэтую прыгожую назву назву БАЖу.

    — Часопіс друкаваў толькі ўнутраныя дакументы БАЖ, ці выступаў як грамадска-палітычнае выданне?

    — Безумоўна, толькі 10–20% складалі дакументы БАЖ ці справаздачы з міжнародных мерапрыемстваў. Усё астатняе — рэпартажы і публіцыстыка. Друкаваліся вядомыя медыйшчыкі, выходзілі расказы пра рэпарцёраў, у тым ліку з рэгіёнаў (арганізацыя заўсёды праяўляла ўвагу да журналістыкі рэгіёнаў). Выданне ніколі не было сумным ведамасным бюлетэнем.

    А ў 1997 годзе я з’ехаў па кантракце ў Прагу на «Радыё Свабода». Адпаведна, адышоў ад актыўнага бажаўскага жыцця, выйшаў з кіраўнічых органаў, хаця сябрам арганізацыі заставаўся ўсё жыццё. Нейкі час часопіс выходзіў пад назвай «Чацвёртая ўлада», а пазней быў перайменаваны ў «Абажур».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці