• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як пачынаўся легальны беларускі друк у 1906 годзе: чытаем «Нашу Долю»

    Пачатак ХХ стагоддзя стаў залатым перыядам беларускага нацыянальнага адраджэння. У сярэдзіне верасня 1906 года свет пабачыла першая беларуская газета: «Наша Доля». І няхай надрукаваць атрымалася ўсяго некалькі нумароў, след яна пакінула па сабе вечны.

    Газэта Наша Доля

    Выданьне стварылі браты Луцкевічы, Цётка, Францішак Умястоўскі.

    Першы нумар першай беларускай газэты пачынаўся, як і сама Беларусь – з паэзіі

    Наш палетак паміж межаў,

    З‑за каторых цьвяце збожжа;

    А наш скравак штось залежаў;

    Наш загон зысьці ня можэ.

    Ці то глеба да нічога?

    Ці то рукі ў нас слабыя,

    Што ня маем й зерня свога,

    Што мы ходзім як сьляпыя?

    Глеба чорна, у руках сіла,

    Толькі нашых гаратаяў

    Некасьць мара ўсё звадзіла

    Гэн замежы, да выраяў…

    Аўтар: Мацей Крапіўка.

    Зварот да чытачоў

    «Прачнуўшыся з цяжкага сну народ, падняўся як рака на вясну за вялікае дзела свабоды й лепшае долі. Толькі з‑пад страхі цёмнае хаты мужыка беларуса як даўней, як сотні гадоў таму назад веець холадам магільнага сну. Там нядоля, цямнота і голад, яго прадаўныя ворагі, зьвілі сабе крэпкае гняздо, разрасьліся, разпладзіліся. Бывалі такі і гэтакія хвіліны ў гісторыі апошніх гадоў, што прасыпаўся і беларус.

    Галодны і цёмны будзіўся ён з цяжкага сну і дзіваваўся, і слухаў як з далёкага сьвету з усіх старон ляцелі да яго разваліўшаеся хаты радасныя весьці аб зямлі, аб свабодзе. І палюбіў ён гэту свабоду, як роднае дзіця сваё, жыў ёю, сьніў аб ёй у сваіх думках і, смутным вокам паглядаючы ў закрытае хмарамі неба, з далёкіх старон прызываў яе ў свой родны край.

    Свабода не прыходзіла.

    Але трудна было разстацца з думкамі аб шчасьці, і мужык пастанавіў заваяваць гэту свабоду, што ў пыл разьвеяць абяцалася царства цямноты, і ішоў ён заваяваць сабе зямлю, што хлебам пшанічным абяцалася накарміць яго. І дзе толькі ступіла нага яго – з дымам ішлі панскія палацы, сьвісьцелі нагайкі і кулі, лілася нявінная кроў, вырасталі тысячы магілаў.

    А свабоды ня было, бо блудзіўся мужык, зьбіваўся з дарогі, бо цёмны быў ён, бо цёмна было кругом.

    Усім, хто меў адвагу заглянуць у наша жыцьцё, сэрцы кроўю сплывалі гледзячы на ўсё гэта. І пачалі людзі шукаць прычыны нашае нядолі. Шукалі ў кніжках, пыталі ў самога жыцьця. І ўсюды быў адзін адказ: “Дайце беларусу такую кніжку, каб ён зразумеў, што у ёй напісана. Толькі кніжка, напісаная на мове бацькоў яго, патрапіць сноп сьвету закінуць у цяжкое жыцьцё беларуса, толькі яна патрапіць холад і голад выжануць з мужыцкае хаты, толькі яна пакажа яму дарогу да лепшае ясьнейшае долі!”.

    Мы верым у сьвятасьць народнае справы, мы верым у помач нашых прыяцеляў!»

    Газэта Наша Доля

    Здарэньне з Менскага павету

    «У маёнтку Пятроўшчына, каторую трымае ў арэндзн Паўлюць, было такое здарэньне. Прыйшоў нейкі бурлак і кажа: “Вот я чэлавек благонадёжны” – і пры гэтым паказаў паперку, у каторай было напісана, што ён напраўду благонадёжны – “Я ведаю, што ваш маёнтак хочуць спаліць; калі вы мне дасьцё 25 рублёў, то я гэтак зраблю, каб яго не спалілі”. – На гэта яму Паўлюць адказаў, што ён сябруе з сваімі суседзямі-мужыкамі і нічога не баіцца, а радзіць ісьці “благонадёжнаму падарожнаму” сваёй дарагою. Праз колькі дзён пасьля гэтага маёнтак Паўлюця пусьцілі з дымам. Здагадаўся тады Паўлюць, хто паліць двары. “Благонадёжны падарожны” больш не паказваўся».

    Ахвяры

    «Людзі бунтуюцца. Бунтуюцца многа… тысячы, дзясяткі тысячаў, а гляньце сколькіх судзяць?! Прад несправядлівым людзкім судом сядзяць на лаўцы двое, трое… гэта значыць: яны вінаваты, бо яны неякосьць забадзяліся паміж тых многіх што бунтуюцца… Ці віноўныя, ці не – яны мусяць адказваць – часамі і надта цяжка… Хтосьці сказаў:

    “Прыстава падстрэлілі” цап бунтаўшчыка і ўзялі: як ён асьмеліўся голасна гэтак сказаць?

    Другі пашкадаваў прыяцеселяў народу і – спаткаўся разам з першым перад судом.

    Ці гэта вялікія бунтаўшчыкі злачынцы? Не – гэта бедныя, няшчасныя ахвяры.

    З Сыбіры варочаўшыйся да хаты полк, дачуўся, што яго хочуць паслаць на ўсьмірэньне.

    Газэта Наша Доля

    Салдаты загаварылі… загаварылі паміж сабою аб тым – што во як дзякуюць ім – за кроў іх пралітую на вайне… пасылаюць іх “усьміраць”, зноў біць, але не ворагаў, родных братоў..

    І салдаты загаварылі – не хацелі ісьці на гэтакі страшны грэх. Полк акружылі – палкоўнік паказаў на трох чатырох – нібы бунтаўшчыкоў – і іх арыштавалі. І от яны ўжо перад судом. Хаця і самі ня ведаюць як і за што сюды трапілі. Сядзяць…

    А іх судзіць страшны несправядлівы суд… і асудзіць – можа на сьмерць…

    А людзі маўчаць – хаця над галавамі ўсіх нясецца вялікі балючы стон.

    Ахвяры, ахвяры!»

    Як мужыку палепшыць сваё жыцьцё

    «Усім добра вядома, што няма горш жыцьця, як мужыцкае жыцьцё. Працуй цяжка не пакладаючы рук, пакуль маеш хоць крыху сілы, і за гэта цярпі голад і холад, жыві ў зьдзеку, паняверцы ды цямноце – во доля мужыка. І працуе мужык, сьцяўшы зубы, бо ведае, што інакш чакае яго галодная сьмерць. А тым часам бачыць ён, што шмат людзей каля яго жыве без усялякай працы ў багацьці і збытках, не знае ні гора ні бед.

    І злосьць бярэ мужыка: адкуль гэтакая несправядлівасьць на сьвеце? Дзе прычына мужыцкай нядолі?

    Дзіка пазірае мужык на сьвет Божы і шукае гэтае прычыны, шукае, дзе вораг яго. Ведае ён адно: зямлі ў яго мала, каб неяк пражыць, трэба або ўзяць у арэнду больш зямлі, або ісьці на заработкі. Куды зьвернешся? А дарога адна: мусіш ісьці да пана ды прасіць яго, каб быў ласкаў прыняць на службу за парабка або аддаць у арэнду зямлі, калькі патрэба. Арэнда вялікая, плаціць яе цяжка – заработкі надта малыя, вось значыць пан вінаваты ў бядзе мужыка!

    Газэта Наша Доля

    Так думае мужык, і ў цямноце сваёй ня бачыць таго, што паны як паны, але вінаваты і самі мужыкі. Паны, вядома, дабіваюцца таго, каб мець як найбольш карысьці і даходу з сваёй зямлі або фабрыкі, бо іначай і быць ня можа.

    Тое самае робіць кожны, тое самае рабіў бы і мужык, калі б дастаў столькі зямлі, колькі мае пан. Але калі работнікі ды мужыкі прадаюць сваю працу надта танна, калі мужыкі бяруць ад паноў зямлю ў арэнду за надта вялікую плату, то ў гэтым яны самі вінаваты. Вінаваты таму, што кожны дабіваецца толькі сваёй карысьці, нягледзячы на сваіх таварышаў працы, у каторых адны справы і адна доля, і не ідуць разам, як браты, за лепшае жыцьцё, за лепшыя варункі працы.

    Годзіцца, прыкладам, мужык на працу за парабка. Сям’я ў яго вялікая – і просіць ён у пана найменьш 40 рублёў, бо іначай няма як пракарміцца. А тым часам прыходзіць другі мужык: сям’і ў яго няма, адзін ён на сьвеце, грошай яму многа ня трэба. І вось, ня гледзячы на тое, што яго таварыш застаецца бяз хлеба, ён згаджаецца служыць за 35 рублёў. За ім прыходзіць трэці – той яшчэ адкінуў пяць рублёў і просіць ужо толькі 30 рублёў у год.

    Няма дзіва, што пан прымае на службу таго, каторы просіць найменшую плату. І хто ж цяпер вінаваты, што плата малая? Пан ці мужыкі?»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці