• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Усебеларускі народны хор»: як прапаганда спрабуе «прадаць» УНС праз блогераў і TikTok

    Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, што праходзіць 18–19 снежня, аркестр дзяржаўных СМІ ўголас трубіў пра тое, якое вялікае значэнне мае гэтая падзея ў жыцці краіны. «Белсат» паглядзеў, якія наратывы прасоўваюцца прапагандай, каб узнесці ролю гэтага дзяржаўнага органу да самых нябёсаў і «прадаць» яго беларусам як «сапраўднае народаўладдзе».

    прапаганда пра Усебеларускі народны сход

    Упрыгожанні вуліцаў у Менску да УНС. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: tochka.by

    З усіх рупараў прапаганды

    Нягледзячы на тое, што «афіцыйная кампанія» ў рыхтаванні да другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу стартавала яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка, этап актыўнага «падагравання» гэтай тэмы пачаўся недзе тыдзень таму.

    У гэты перыяд усе рэспубліканскія, абласныя і раённыя дзяржаўныя медыі як на загад пачалі «адпрацоўваць парадак дня». Але выглядае, што адных СМІ піяр-стратэгам УНС замала, таму распараджэнне публікаваць тэксты, прысвечаныя гэтай тэме, атрымалі таксама дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі. Так, знаходзім артыкулы на тэму УНС на сайце кандытарскай фабрыкі «Спартак», на сайце Міністэрства здароўя, на старонцы Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўніверсітэту і шмат дзе яшчэ.

    Праведзены аналіз беларускіх дзяржаўных выданняў не пакідае магчымасці зрабіць іншай высновы: усе рэспубліканскія, абласныя і раённыя выданні атрымалі загад самым актыўным чынам асвятляць правядзенне гэтай падзеі.

    Таму ў многіх з іх можна назіраць буйны росквіт крэатыву ў разглядзе гэтай тэмы з розных бакоў. Адны ішлі шляхам найменшага супраціву, перадрукоўваючы артыкулы з БелТА, іншыя спрабавалі перабівацца сваімі сіламі.

    Але, як вядома, апошнім часам прапаганда пачала актыўна працаваць не толькі з традыцыйнымі СМІ, але і з новымі каналамі камунікацыі. Адзін з іх – Tik­Tok, найбольш папулярная сацсетка сярод беларусаў. Іншая рэч, што дзейнасць тут вядзецца старым спосабам: усё тыя ж раёнкі адна за другой публікавалі відэа, у якіх мясцовыя дэлегаты расказвалі пра неверагодна высокае значэнне УНС для Беларусі, дадаючы пасля гэтага яшчэ што-небудзь пра жаданне «апраўдаць выказаны давер».

    @byhov_today #быхов#внс#делегатывнс ♬ оригинальный звук — Быхов_Сегодня

    І нарэшце, новы канал беларускай прапаганды ў прасоўванні дзяржаўных наратываў – блогеры. «Белсат» ужо звяртаў увагу на тое, што апошнія гады ўлады ўзяліся за выкарыстанне гэтай магчымасці для пашырэння ўплыву на моладзевую аўдыторыю. Не абышлося без іх і гэтым разам: з анонсамі – разважаннямі пра УНС выказаліся фуд-блогер Koko.by, былы супрацоўнік TUT.by Максім Пушкін і шоумен Аркадзь Логвін

    @political.channel.live Это наша страна, и только мы решаем, какой она будет ближайшие пять лет! Максим Пушкин в рубрике «Блогер отвечает» напомнил, что совсем скоро пройдет ВНС: 💬 Искренне радуюсь, насколько круто развивается наша страна последние пять лет. Хочу, чтобы в следующую пятилетку мы с вами не сбавляли обороты и также чувствовали себя в безопасности, продолжали развивать белорусские производства и поддерживали регионы. #Блогер_отвечает #VII_ВНС ♬ оригинальный звук — LIVE | ПОЛИТИКА | ЛУКАШЕНКО

    На думку палітолага Аліны Харысавай, блогераў пачалі падключаць да прапаганды таму, што моладзь не глядзіць тэлебачанне, а ўладам трэба да яе дацягнуцца. Экспертка таксама адзначае, што ўлады выкарыстоўваюць камбінацыю жорсткай і мяккай сілы. Дзеля таго, каб запужаць людзей і тыя баяліся выказацца супраць рэжыму, выкарыстоўваецца сілавы ціск.

    «А мяккая сіла стварае ўражанне, што ўсе навокал думаюць не так, як я. Калі чалавек супраць рэжыму і ён бачыць у сацсетках усе пасты, што падтрымліваюць гэты УНС, падтрымліваюць Лукашэнку, то ствараецца ўражанне, што гэты чалавек – адзін. І калі ён штосьці будзе супраць рабіць, яго не будзе ўспрымаць супольнасць. І таму вось гэты базавы інстынкт людзей працуе, што нібыта я лепш буду трымаць язык за зубамі і не высоўвацца», – лічыць палітолаг. 

    Міліцыя, БТ і тысячы ботаў. Даследчыкі раскрылі, хто і як маніпулюе беларускім тыктокам

    Найважнейшы этап

    У асноўным матэрыялы, што расказваюць пра УНС, збольшага можна назваць дзяжурнымі адпіскамі – анонс падзеі з асноўнымі пытаннямі, якія будуць уздымацца падчас правядзення сходу: пасланне Лукашэнкі, праграма развіцця да 2030 года, расказы прэм’ер-міністра пра тое, «што было, што будзе», і г.д.

    Часам сустракаюцца гістарычныя экскурсы – і тут ужо не абыходзіцца без «надзвычайнай ролі» Аляксандра Лукашэнкі, які здолеў пасля «поўнага разбурэння» ўзнавіць жыццё ў нашай краіне, «стабілізаваць сітуацыю».

    «І тут найважнейшым этапам стаўся, канешне ж, Першы Усебеларускі народны сход, дзе кіраўнік дзяржавы адкрыта расказаў пра ўсе праблемы краіны, тую антынародную палітыку Вярхоўнага Савету, якую ён праводзіў ужо як пяць гадоў», – піша сябра Моладзевага савету пры Гомельскім гарсавеце Станіслаў Тыкун у «Гомельскіх ведамасцях».

    Ёсць і больш глыбокія пагружэнні ў мінуўшчыну: маўляў, «гісторыя УНС» пачалася далёка да 1996 года – у Полацкім княстве. Тут за аснову бяруцца разважанні Ігара Марзалюка.

    «Веча – гэта народны сход, але збіраліся не ўсе. Першапачаткова – толькі дарослыя жанатыя мужчыны, якія мелі поўную праваздольнасць, якія абаранялі сваю краіну пры неабходнасці, то бок якія насілі зброю і мелі маёмасць… Пазней – прадстаўнікі найбольш важных, значных родаў. Але самае важнае – тое, што гэтае веча прэзентавала ўвесь зрэз, усе групы вольнага насельніцтва (у дадзеным выпадку – Полацкай зямлі)», – прыводзіць БелТА словы Ігара Марзалюка.

    Гэтымі словамі дзяржаўнае агенцтва нібыта апраўдвае факт, што ва УНС адбіраюцца толькі «правільныя» кандыдаты ад вертыкалі, у руках якіх сёння галоўная зброя – улада. Бо вядома, што на сённяшні дзень у гэтым сходзе няма ніводнага, нават «дэкаратыўнага» апазіцыйнага прадстаўніка (тую ж Ганну Канапацкую, якая прысутнічала на мінулым УНС, гэтым разам не зарэгістравалі).

    Выступленне Аляксандра Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе 18 снежня 2025 года. Фота: БелТА

    «Ідэальная мадэль народаўладдзя»

    У астатнім матэрыялы, прысвечаныя УНС, – гэта збольшага хваласпевы, што ідуць ад імя самых розных дзяржаўных функцыянераў. Яны, як правіла, узвялічваюць гэтую форму кіравання, называючы яе найбольш справядлівай і слушнай.

    Так, напрыклад, можна прачытаць, што УНС – гэта «сапраўднае народаўладдзе» або «ідэальная мадэль народаўладдзя», пра што нібыта аб’яднаная Еўропа, «якая даўно дыскрэдытавала паняцце дэмакратыі і скочваецца ў твань палітычнага крызісу, можа толькі марыць».

    «Яны выкарыстоўваюць гвалт, ціск, пагрозы, распаўсюджваюць нацыяналізм, нацызм і фашызм, каб утрымаць уладу. І якраз Усебеларускі народны сход – ідэальная мадэль народаўладдзя, якую іншыя краіны могуць узяць для абароны правоў працоўных і простых грамадзянаў», – кажа кіраўнік праўлення аб’яднання «Беларускае таварыства «Веды» Аляксей Аўдонін.

    Шмат разважанняў можна прачытаць вакол таго, што на кожным з дэлегатаў ляжыць вялікая адказнасць за прынятыя пастановы.

    «Самае галоўнае – узяць на сябе адказнасць за пастановы, што прымаюцца на другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу. Быць дэлегатам сёмага УНС – гэта сёння не толькі пачэсна, але і вельмі адказна», – кажа, напрыклад, начальнік бюро адаптацыі і кар’ернага прасоўвання моладзі ўпраўлення ў працы з персаналам ААТ «Гомсельмаш» Станіслаў Сямёнаў.

    У той жа час вядома, што ўсе пастановы, што прымаюцца на УНС, загадзя прадвызначаныя і ўхваленыя на самым версе, таму фактычна ад дэлегатаў нічога не залежыць – удзельнікам сходу адводзіцца выняткова дэкарацыйная роля. 

    Рэкламныя канструкцыі з анонсам УНС. Фота: dzr.by

    «Крэатыў» для напальвання атмасферы

    Многія падзеі дзяржаўнага маштабу ў Беларусі праходзілі на фоне нейкіх «пагрозаў» – беларусы ўжо прызвычаіліся да гэтага: улады напальвалі атмасферу ўнутры краіны, каб паказаць, што толькі яны здольныя супрацьстаяць гэтым пагрозам і аб’яднаць народ. Шмат хто памятае перад выбарамі 2006 году гісторыю пра пацука ў водаправодзе, або нібыта заказаныя людзьмі Мікалая Статкевіча перад выбарамі 2010 года завостраныя штыры і нажы з Украіны, або 150 джыпаў з тэрыторыі Літвы, што збіраліся забіць Лукашэнку, перад выбарамі 2020 года.

    Але ў сітуацыі, калі ўсе палітычныя апаненты беларускага рэжыму сёння або ў турмах, або за мяжой, цяжка было стварыць неабходную карцінку «пагрозаў» у афіцыйных СМІ. Для гэтага давялося выдумляць «крэатыўныя» хады. 

    Гэтым разам прыдумалі, што ў дзень правядзення УНС краіну збіраюцца атакаваць тэрарысты – на гэты раз тэлефонныя. На ОНТ паказалі сюжэт, у якім расказвалася, нібыта блогер Андрэй Павук, які сёння жыве ў Літве, збіраецца 18 снежня ажыццявіць масавыя званкі з заведама ілжывымі паведамленнямі пра небяспеку і з тэрарыстычнымі пагрозамі ў школы і лякарні, дзяржаўныя ўстановы, электрастанцыі і крытычна важныя аб’екты інфраструктуры. 

    Фейки как инструмент власти: почему режим Лукашенко создает свою реальность

    Сам Андрэй Павук толькі пасмяяўся з гэтага, заявіўшы, што нічога падобнага рабіць не збіраўся і нават не здолеў прыдумаць матыву, навошта яму гэта было б патрэбнае. Тым не менш адпаведная карцінка прапагандысцкімі СМІ для ўнутранага гледача была створаная, а мэта дасягнутая, цяпер можна ўзмацняць ахову Менску, прыцягваць сапёраў і весці ўзмоцнены маніторынг інтэрнэту, заявы пра што з’явіліся ад афіцыйных уладаў.

    На думку палітолага Аліны Харысавай, на сённяшні дзень УНС стаўся сімвалам кантролю і стабільнасці для беларускага рэжыму, любыя некантраляваныя інцыдэнты могуць парушыць гэты вобраз.

    «І таму яны не рыхтуюцца да нейкіх там пратэстаў ці чагосьці падобнага – яны рыхтуюцца проста да чагосьці некантраляванага, што можа парушыць вось гэтую прыгожую карцінку, якая павінна легітымізаваць, паводле іх думкі, Лукашэнку, уладу Лукашэнкі ўнутры Беларусі», – мяркуе экспертка.

    Нагадаем, другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу праходзіць 18–19 снежня 2025 года. У першы дзень запланаваны выступ Аляксандра Лукашэнкі з пасланнем да народу і Нацыянальнага сходу, на другі дзень – справаздача прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына аб выніках мінулай пяцігодкі і зацвярджэнне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці