• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маразы, ракеты і блэкаўты: як украінскія журналісты працуюць сёлетняй зімой

    Гэта зіма ва Украіне стала асаблівай. Да марозаў за мінус 25 дадаліся маштабныя расійскія атакі на энергетычную інфраструктуру краіны. Пачаліся адключэнні электраэнергіі, перабоі з ацяпленнем і падачай вады. Акрамя побытавых праблем, якія тычацца кожнага, у журналістаў дадатковыя выклікі — ад зарадкі гаджэтаў да перадачы карцінкі і гуку. Як працуюць журналісты ў такіх умовах, даведаўся БАЖ.

    як украінскія журналісты працуюць сёлетняй зімой

    Кіеў, студзень 2026 года. Фота: Барыс Гарэцкі

    «Больш б’е не па журналісцкай працы, а дадае побытавых праблем»

    Літаратар і журналіст Алесь Мінаў атрымаў у Беларусі тры гады «хіміі» па «палітычным» 342‑м артыкуле. Зімой 2021 года Мінаў з’ехаў ва Украіну. Пасля пачатку вайны як журналіст супрацоўнічаў з беларускімі і ўкраінскімі выданнямі, быў аўтарам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Зараз жыве і працуе ў Кіеве.

    Як кажа ў інтэрв’ю БАЖ Алесь Мінаў, медыі ва Украіне «працуюць звычайна, ды і будуць працаваць». Паводле журналіста, усе непрыемныя акалічнасці і наступствы блэкаўтаў «больш звязаныя не з працоўнымі момантамі, а з проста жыццём».

    «Не сказаў бы, што ўсё гэта моцна ўплывае менавіта на журналісцкую працу. Справа ў тым, што калі ў нас толькі пачыналіся першые блэкаўты — канец 2022-га і пачатак 2023 года, — тады гэта сапраўды ўсё біла вельмі па сувязі. Знікаў вайфай і знікала мабільная сувязь, — распавядае Алесь Мінаў.

    — Але мабільныя аператары дзесьці з канца 2023 года пачалі рабіць нейкія свае тэхнічныя маніпуляцыі з вышкамі — сувязь глабальна не знікае. Ды і гарады ўжо падрыхтаваныя, наколькі гэта магчыма, да адключэнняў электрычнасці. Таму нават калі ў цябе дома няма электрычнасці, то можна банальна спусціцца ў двор, дайсці да бліжэйшай кавярні, у якой, хутчэй за ўсё, маецца генератар, значыць, можна зарадзіць гаджэты, там будзе вайфай, калі трэба, і г. д.».

    Алесь Мінаў кажа, што ў сёлетнім марозным сезоне «на першым месцы праблема з ацяпленнем. У папярэднія гады нават і не асабліва зважаў на яго адсутнасць. Сёння ж гэта вялізная праблема, калі доўга няма цяпла і святла ў хаце».

    Алесь Мінаў у Харкаве

    «У мяне дом з газам, то можна балансаваць у прынцыпе — непрыемна, але цярпіма. А вось новабудоўлі, дзе ўсё на электрычнасці завязана, гэта поўная жорсць, сапраўды. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Кіеве больш за 1100 шматпавярховікаў, якія, імаверна, да канца зімы застануцца без ацяплення. Расія, як мы бачым, працягвае біць, адпаведна, сітуацыя выглядае вельмі трывожнай. Чатырохмільённы горад, мінус 20, а яны б’юць мэтанакіравана па найбольшай ТЭЦ у сталіцы», — зазначыў журналіст.

    Адключэнні электрычнасці ўлады намагаюцца зрабіць планавымі: «Адпаведна, горад падзелены на зоны, ёсць адмысловыя сайты, на якіх можна паглядзець нумар сваёй чаргі. То-бок ты бачыш па табліцы, калі электрычнасць будзе ў тваім доме, калі не будзе.

    Плюс-мінус па часе, але, як правіла, гэтыя графікі працуюць. Але ў крытычная моманты (а іх багата сёлета) адключэнні перастаюць быць планавымі.

    Часта людзі застаюцца ў адключаных ліфтах. У 2020‑м у ліфтах пакідалі цэлыя скрыні з вадой, ежай — гэта масава было. Зараз, напэўна, таксама так робяць — я проста не жыву ў шматпавярховіку, не відавочца, але, мяркую, што робяць».

    Медыяхабы і каворкінгі — паратунак фрылансераў

    Галоўная задача вялікіх рэдакцый  — «не трапіць пад ракету». «А часам па рэдакцыях прылятае — у мінулым жніўні былі атакаваныя офісы «Радыё Свабода» і «Украінскай праўды», у  лістападзе ў Запарожжы расійская ракета пашкодзіла будынак «Суспільного». На шчасце, абышлося без ахвяр», — кажа Алесь Мінаў.

    Зіма ў Кіеве. Фота: UNICEF

    Зіма ў Кіеве, 2026 год. Фота: UNICEF

    Зімой працу вялікіх медыя выцягваюць генератары.

    «І ёсць яшчэ вялікая сетка медыяхабаў у шмат якіх украінскіх гарадах, у Кіеве, напрыклад, гэта Media Cen­ter Ukraine, Kyiv Media Hub, «Медыя-талака». Ёсць падобныя ў Харкаве, Львове, Адэсе, Дняпры. Існуе для іх нейкая дзяржаўная дапамога, міжнародных арганізацый, журналісцкай супольнасці.

    Яны маюць пляцоўкі са стабільнай сувяззю і электрычнасцю, дзе можна папрацаваць і вырашыць пэўныя тэхнічныя пытанні, а таксама яны яшчэ дапамагаюць і замежным журналістам, якія трапляюць сюды ў камандзіроўкі», — распавядае Алесь Мінаў пра месцы, якія выручаюць журналістаў-фрылансераў ды медыі з невялікім штатам.

    «Сувязь — галоўная праблема»

    Журналіст БАЖ на практыцы адчуў, што такое камунікацыя падчас блэкаўтаў. Размову з журналісткай Яўгеніяй Вірлыч даводзілася два разы пераносіць з прычыны адключэнняў святла і адсутнасці інтэрнэту ў суразмоўцы.

    Яўгенія Вірлыч — журналістка з Херсона, галоўная рэдактарка анлайн-выдання «Кавун City». Правяла з камандай некалькі месяцаў пад расійскай акупацыяй Херсона. Пасля вызвалення горада рэлакавалася ў Кіеў.

    Журналістка Яўгенія Вірлыч. Фота з асабістага архіву

    Журналістка Яўгенія Вірлыч. Фота з асабістага архіва

    «Самае складанае — гэта калі вельмі доўгі час няма святла.

    У правайдара замярзае абсталяванне, адпаведна, няма вайфаю. Калі оптавалакно — трошкі лягчэй. Але нават там, дзе яно ёсць, часта здараліся аварыі праз мароз і г. д. Гэта цяжка. А працаваць на мабільным інтэрнэце ў маразы таксама складана, бо пры працяглым і моцным пахаладанні і доўгіх адключэннях святла разраджаюцца мабільныя станцыі.

    У нас, калі такі мароз і доўга няма электрычнасці, мабільныя станцыі таксама «кладуцца»», — распавяла суразмоўніца. Яна называе праблемы з сувяззю галоўнымі для працы сёння:

    «Вельмі ратуе тое, што яшчэ ў 2022 годзе, калі мы толькі выехалі з акупацыі і рэлакаваліся, нам дапамаглі донары.

    Дзякуючы ім у нас ёсць зарадная станцыя EcoFlow, а рэдакцыя забяспечаная паўэрбанкамі для тэлефонаў і ноўтбукаў. То-бок хаця б нейкі час мы можам працаваць над матэрыяламі».

    Калі няма сувязі, але «ёсць хоць нейкая энергія — мы можам хоць нешта рабіць, рыхтаваць тэксты ці апрацоўваць фота».

    «Канцэнтруемся на сацсетках»

    «Бывае, што даводзіцца адкладаць больш буйныя матэрыялы «на лепшыя часы». Напрыклад, за мінулы тыдзень у мяне не выйшлі тры запланаваныя вялікія матэрыялы, — расказвае журналістка. — Таму прыходзілася засяроджвацца на аператыўнай інфармацыі. І больш яе давалі ў сацсеткі, у наш Telegram-канал, бо працаваць з сайтам у такіх умовах складана.

    Але нашы падпісчыкі нас добра ведаюць, выданню ўжо пяць з паловай гадоў. Таму калі на сайце мала матэрыялаў, наша аўдыторыя разумее — трэба глядзець сацсеткі».

    Паводле Яўгеніі Вірлыч, адзін з журналістаў каманды ў снежні 2023 года пайшоў у ЗСУ:

    «Калі бачыць, што ў нас нешта крытычнае, што мы знікаем з сеціва, то ён таксама нешта посціць актуальнае ў наш Telegram.

    Ён разумее, што ў нас, пэўна, у гэты час зусім няма сувязі. Нават знаходзячыся на Данбасе, наш калега, сябар і абаронца нешта робіць і для нашага медыя. Гэта вельмі кранальна і вельмі прыемна».

    кот пан Рышар

    Кот Пан Рышар грэецца на ноўтбуку Яўгеніі Вірлыч. Фота з асабістага архіва

    «Мы падтрымлівалі адзін аднаго ў акупацыі, так працуем і цяпер. І разумеем, што гэта надоўга, бо Расія працягвае абстрэльваць энергетычныя аб’екты, гэтая гісторыя можа зацягнуцца. Мы рыхтуемся да цяперашніх маразоў, разумеем, што можа стаць горш.

    Таму я арандавала з 10 лютага месца ў каворкінгу — магу туды паехаць працаваць, яны ўжо правераныя, там стабільныя святло і сувязь. Каворкінгі выкарыстоўваюць генератары, але нават гэта не стоадсоткавае вырашэнне ўсіх праблем. У супермоцныя маразы і каворкінг можа не дапамагчы, бо генератары ж працуюць на дызелі — паліва замярзае, прылады псуюцца», — зазначыла Яўгенія Вірлыч.

    Яшчэ адна каляжанка Яўгеніі працуе з Адэсы: «Там у час гэтых маразоў было больш-менш спакойна — і яна проста падхоплівала працу разам з херсонскім рэпарцёрам, які скідаў інфармацыю з месца. А я ўвогуле магла не ўмешвацца ў працоўны працэс два дні, калі ў нас сувязь была толькі праз SMS. Гэта адбывалася ў сярэдзіне студзеня».

    «Буйныя медыя адаптаваліся, невялікім — складаней»

    Вялікія рэдакцыі больш-менш адаптаваліся да энергетычнага крызісу, кажа Яўгенія: «Генератары, шмат фрылансераў, можна размеркаваць працу. Такія медыя, як наша, — гэта тры-чатыры чалавекі. Пры тым такая сітуацыя плюс-мінус па ўсёй краіне.

    Мы ж размаўляем з калегамі з розных рэгіёнаў. Напрыклад, у Івана-Франкоўску цяпер таксама энергетычныя праблемы, раней жа лічылася, што Івана-Франкоўск, Букавіна, Чарнаўцы — гэта месцы, дзе заўсёды ёсць святло. А цяпер і там цяжка: па 6–7, а то і па 12 гадзін без электрычнасці. Гэта паўсюль».

    Яўгенія Вірлыч з калегамі ў Херсоне, студзень 2026 году. Фота з асабістага архіву

    Яўгенія Вірлыч з калегамі ў Херсоне, студзень 2026 года. Фота з асабістага архіва

    Калі ж браць родны для Яўгеніі Херсон, то там дагэтуль не могуць нармальна аднавіць ні святло, ні сувязь, ні газ. «У 2022 годзе расіяне адышлі на левы бераг і пачалі абстрэльваць правы», — тлумачыць прычыну суразмоўніца.

    У Херсоне і іншых прыфрантавых гарадах графікаў адключэнняў электраэнергіі проста няма — там немагчыма нешта прадказаць.

    Што да ацяплення, то зноў жа, ратуе газ: «Менш за 15 градусаў тэмпература ў кватэры не апускалася. Самая складаная сітуацыя ў тых, хто цалкам на электрычнасці. Мы гатуем на газе — і ад гэтага ў кватэры хоць трошкі цяплей становіцца. З вадой былі перапады падчас абстрэлаў, але не крытычныя. А ў некаторых раёнах, ведаю, у шматпавярховіках па некалькі дзён не было ні вады, ні святла, ні ацяплення. У такі мароз гэта вельмі цяжка.

    Сітуацыя паўсюль розная, Кіеў — вельмі вялікі горад. Але ўсё залежыць ад дома».

    «У нас ёсць абязбольваючыя сродкі»

    «У нас ёсць усё неабходнае, каб праходзіць гэта максімальна без болю. Генератар, «Старлінк», рэзервовыя лініі інтэрнэту. Электрычнасць і інтэрнэт — вось самае галоўнае. Ад генератара, уласна, і грэемся, калі няма цэнтралізаванай падачы цяпла», — кажа Ілля Суздалеў.

    Ілля Суздалеў, кіраўнік прадстаўніцтва Цэнтра замежнага вяшчання TVP ва Украіне. Працаваў тэлежурналістам у Данецку, з 2014 года — у Кіеве. Кіраваў офісам тэлеканала «Белсат» ва Украіне.

    Як і Алесь Мінаў, Ілля зазначае, што журналісты адаптаваліся да сітуацыі, асабліва буйныя медыі: «У большасці рэдакцый ёсць зарадныя станцыі EcoFlow, генератары і гэтак далей. Досвед папярэдніх гадоў, канешне, адыграў сваю ролю — мы падрыхтаваліся.

    Першы генератар мы купілі ў 2022 годзе, пасля першага блэкаўта ў кастрычніку. Але потым паўтара года ён проста стаяў — патрэбы ў ім не было. А цяпер раскансервавалі, яшчэ адзін купілі — стала не хапаць магутнасці. Таму генератары — не праблема, яны нянадта дарагія. У прынцыпе, кожная рэдакцыя, мяркую, можа сабе дазволіць».

    Ілля Суздалеў. Фота: Белсат

    «Паказвае LTE, а я нават Telegram не магу адкрыць»

    А вось з сувяззю дрэнна: «Калі няма электрычнасці, адпаведна, падае магутнасць вышак мабільных аператараў.

    То-бок на смартфоне табе паказвае, што злучэнне нібыта ёсць, але насамрэч ты і патэлефанаваць нікуды не можаш, не кажучы ўжо пра працу ў інтэрнэце. Вось на вуліцы ў мяне паказвае ўпэўнены прыём LTE, а я нават Telegram не магу адкрыць».

    Паводле журналіста, з падрыхтоўкай і перадачай матэрыялаў таксама па-рознаму: «Хтосьці возіць у офіс, хтосьці дома ўсё робіць — ды і не ўсе журналісты жывуць у самім Кіеве. Я, напрыклад, у Ірпені. Калега — у пасёлку Гляваха, з іншага боку Кіева. Яна можа зрабіць дома сюжэт, падгадаць з электрычнасцю і г. д., не ехаць у рэдакцыю.

    Але ў асноўным цяпер большасць людзей у нас стараецца працаваць у офісе — там цёпла і светла».

    Офіс TVP знаходзіцца ў тым жа будынку, што і Нацыянальны саюз журналістаў Украіны: «Наколькі чую і бачу, бо мы ў цесным кантакце знаходзімся, большасць рэдакцый адаптавалася да сітуацыі. Купілі тое, што маглі купіць. Недзе дапамаглі міжнародныя арганізацыі, атрымалі нейкія гранты на абсталяванне і г. д.

    Кіеў, студзень 2026 году. Фота: Барыс Гарэцкі

    Кіеў, студзень 2026 года. Фота: Барыс Гарэцкі

    Абзавяліся ўсім неабходным — хтосьці больш, хтосьці менш. У кагосьці хапае зараднай станцыі на пяць гадзін, у кагосьці — на 15. Вось такія цяпер праблемы».

    «Напрыклад, у цябе можа быць магутная станцыя, але ты не будзеш паспяваць яе зараджаць у кароткі час падачы электрычнасці. Вось мой уласны прыклад: у мяне дома электрычнасць па формуле 3–7, то-бок тры гадзіны ёсць святло, сем гадзін — няма, — распавядае Ілля. — І гэта пры добрых умовах, пакуль няма абстрэлаў. 

    Вось мы з вамі размаўляем, а дома электрычнасці няма — я на зараднай станцыі. І яе магутнасці мне не вельмі хапае. Але браць больш магутную — не выйсце: яна проста не будзе паспяваць зараджацца за гэтыя тры гадзіны (пры найлепшым раскладзе) падачы электрычнасці. А бывае, што падача — паўтары гадзіны або гадзіна, а потым дзевяць гадзін без электрычнасці.

     Тады даводзіцца ехаць на запраўку, каб зарадзіцца — на некаторых АЗС можна бясплатна. Бярэш каву, станцыя зараджаецца дзве гадзіны, прывозіш станцыю дадому, падключаеш, запускаеш ацяпляльны кацёл — яму для старту ўсё роўна патрэбна электрычнасць. Даволі часта так езджу. І графік 3–7, можна сказаць, ідэальны, бывае значна горш».

    У такім рэжыме Кіеў жыве са снежня. «А са студзеня пасля моцных абстрэлаў пайшлі вельмі складаныя графікі. — дадае суразмоўца. — І ў самыя лютыя маразы даводзілася быць без электрычнасці».

    «Прызвычаіліся»

    «Быць без ацяплення — гэта залежыць ад раёна.

    Вось у такім раёне, як Траешчына, а гэта 500 тысяч насельніцтва — усё 10 лютага аднавілі. Але людзі там былі без цяпла з 9 студзеня. Гэта «спальнік». Да гэтага электрычнасць магла дзень быць, пасля два дні — няма. Апошнія тыдні тры ўвогуле нічога не было, калі галоўную ТЭЦ дабілі.

     Потым быў удар па Дарніцкай ТЭЦ — таксама некалькі жылых мікрараёнаў на левым беразе Дняпра засталіся без цяпла і святла. Там не будзе ацяплення да прыходу цёплага надвор’я — гэта значыць, у лютым і сакавіку яго наогул не будзе. Асноўныя ж медыя знаходзяцца ў цэнтры, на правым беразе Дняпра. З ацяпленнем тут адносна нармальна. Медыям у рэгіёнах, невялікім рэдакцыям, канешне, складаней», — тлумачыць Ілля Суздалеў.

    «Але я б сказаў, што ўсё гэта больш уплывае на жыццёвыя пытанні, у працы мы ўсе адаптаваліся. Ёсць такое ўкраінскае слова «призвичаїлися». Нават светлафоры ўжо на вуліцах паставілі аўтаномныя. Падчас першых адключэнняў на складаных скрыжаваннях быў амаль хаос. А цяпер — прызвычаіліся», — кажа суразмоўца.

    Кіеў, студзень 2026 году. Фота: Барыс Гарэцкі

    Кіеў, студзень 2026 года. Фота: Барыс Гарэцкі

    Кіраўнік украінскага журналісцкага саюза Сяргей Таміленка ў размове з Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў называе тое, з чым сутыкнуліся медыі гэтай зімой, сур’ёзнымі аператыўнымі цяжкасцямі.

    Так, у студзені офіс СЖУ быў больш за суткі без электрычнасці, а прарывы водаправода пакінулі будынак без вады і ацяплення амаль на тыдзень. СЖУ быў часова прыпыніў публічныя мерапрыемствы і адклаў ініцыятывы па падтрымцы мясцовых СМІ.

    Праз маразы ў апошнія дні студзеня і на пачатку лютага энергетычная сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. Зараз у Кіеве адліга, але наступны тыдзень сіноптыкі абяцаюць з сур’ёзным мінусам — 20 і ніжэй уначы.

    Падтрымаць украінскіх журналістаў можна праз наступную інструкцыю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці