• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Иногда не до законов» працягласцю ў пяць гадоў. Як змяніўся беларускі медыяландшафт пасля 2020-га

    Можна знішчыць незалежныя СМІ і перасадзіць журналістаў, але немагчыма прымусіць іх замаўчаць.

    Пунктам адліку найноўшай беларускай гісторыі стала 9 жніўня 2020 года — дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, якіх не было. Гэты дзень запачаткаваў татальную зачыстку беларускага дэмакратычнага грамадства.

    Рэжым за мінулыя пяць гадоў «нармалізаваў» беларусаў: праціўнікі Лукашэнкі сядзяць у турмах, трэці сектар знішчаны, незалежныя адвакаты ліквідаваныя як клас.

    Цалкам змяніўся і беларускі медыяландшафт. Незалежныя медыі выгнаныя з краіны, іхняе месца заняла расійская і беларуская дзяржаўная прапаганда.

    Па ўзроўні свабоды слова Беларусь займае 159‑е месца ў свеце з 161, заявіла праваабарончая арганізацыя Arti­cle 19. А міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у штогадовым Індэксе свабоды прэсы-2025 паставіла Беларусь на 166‑е месца са 180 краін.

    Што адбылося з незалежнымі медыямі пасля 2020 года

    Практычна ўсе нацыянальныя грамадска-палітычныя выданні пакінулі Беларусь з прычыны рэпрэсій і крымінальнага пераследу, за межамі краіны апынуліся больш за 30 выданняў. Нягледзячы на гэта, пераважаная большасць медыяў-«эмігрантаў» захаваліся і працягвае працаваць.

    Але не абышлося без страт. З медыйнай карты зніклі (прынамсі, часова) СМІ, якія адыгралі істотную ролю ў нацыянальнай і рэгіянальнай журналістыцы: «Народная Воля», «Беларускі партызан», «Рэгіянальная газета» з Маладзечна, «Борисовские новости», «Intex‑press» з Баранавічаў, «Інфа-Кур’ер» са Слуцка, «Ранак» са Светлагорска, «Брестский курьер» і шэраг іншых.

    Народная Воля

    Улады баяцца незалежных медыяў нават у выгнанні

    Менавіта таму беларускі рэжым шырока практыкуе прызнанне незалежных медыяў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гэта дае магчымасць сілавым структурам у адміністрацыйным і крымінальным парадку пераследаваць жыхароў, якія чытаюць «няправільныя» СМІ.

    Паводле прызнання міністра інфармацыі Марата Маркава, з 2020 года ўлады абмежавалі дзейнасць 18 тысяч інфармацыйных рэсурсаў, з іх амаль 7 тысяч прызнаныя «экстрэмісцкімі». Толькі летась такімі аб’яўленыя 3,15 тысяч інфармацыйных рэсурсаў.

    «На інфармацыйным фронце ў дзяржаўных СМІ павінны быць усе віды зброі і інструментаў». І калі афіцыйныя медыі ў гэтай вайне прайграюць, то, кажа міністр, «нам давядзецца ўвайсці ў гарачую фазу, у сапраўдную вайну». Як лёгка спісаць на вайну страх страціць уладу!

    Фактычна не праходзіць і дня, каб новыя інфармацыйныя рэсурсы не прызнаваліся «экстрэмісцкімі». Напрыклад, 30 ліпеня КДБ прызнаў кааліцыю «Зялёная сетка» «экстрэмісцкім фармаваннем». У яе ўваходзяць праекты Belarus Bee­hive, «Зялёны партал» і «Экадом».

    «Экстрэмісцкімі» ў Беларусі аб’яўляюць не толькі нацыянальныя медыі, але і замежныя, напрыклад, літоўскі партал DELFI або польскі сайт Kresy24.pl.

    Рэпрэсіі супраць журналістаў

    Пачатак пратэстаў у жніўні 2020 года адкрыў «сезон палявання» на незалежных журналістаў. Беларускі рэжым дзейнічае паводле прынцыпу: няма журналіста – няма карцінкі і інфармацыі, і тады па тэлевізары можна спакойна паказваць «стабільнасць». Згадайма, як проста 10 жніўня ў Мінску сілавік адмыслова падстрэліў фотажурналістку «Нашай Нівы» Наталлю Лубнеўскую. Яна была ў сіняй камізэльцы «Прэса», якую з адлегласці дзесяці метраў нельга не заўважыць. Пашанцавала, што куля аказалася гумавай…

    Наталля Лубнеўская

    Параненую Наталлю Лубнеўскую калегі выводзяць з месца пратэстаў. Фота: Уладзь Грыдзін

    Агулам праз рэпрэсіі, арганізаваныя беларускім рэжымам, прайшлі больш за 500 медыйшчыкаў і медыйшчыц. Прама зараз па палітычна матываваных абвінавачаннях за кратамі трымаюць 38 медыйшчыкаў і медыйшчыц. БАЖаўскі лічыльнік паказвае колькасць зняволеных журналістаў і іх тэрміны.

    Літаральна 25 ліпеня брэсцкага журналіста-фрылансера Даніла Палянскага звінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса РБ) і асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі.

    Пасля 2020 года з калоній і СІЗА пасля крымінальныага пераследу выйшлі 31 журналіст і журналістка. Адным з апошніх вызваленых стаў былы журналіст «Радыё Свабода» Ігар Карней, якога выпусцілі ў выніку беларуска-амерыканскіх перамоў і адразу ж выдварылі ў Літву.

    Паводле падлікаў Платформы Рады Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў, у 2024 годзе Беларусь лідзіравала па колькасці зняволеных журналістаў ва ўсёй Еўропе. Усяго пад вартай утрымліваліся 159 журналістаў, з іх большасць — 44 — у Беларусі, 30 — у Азербайджане, 29 — у Расіі, 28 — на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, 27 — у Турцыі, 1 — у Грузіі.

     

    Журналістаў масава затрымліваюць падчас пратэстаў-2020 у Мінску. Фота: TUT.BY

    Усё прапала ці, наадварот, не дачакаюцца?

    Ліквідацыя, крымінальны пераслед ды выгнанне медыяў выклікала рэакцыю ў адказ — у беларускай медыяпрасторы з’явіліся дзясяткі новых праектаў. Гаворка як пра новыя медыі (найперш у сацсетках), так і пра традыцыйныя СМІ. Згадайма Беларускі расследвальніцкі цэнтр, «Бюро Медыя», «Позірк», Plan B, Soj­ka, MOST, Palat­no, праект «Беларусы могуць», YouTube-канал Аляксандры Ханевіч, «Міністэрства сепультуры», «Зёлкі-шоў», «Яна/Ёй», «Загляне Сонца». Гэта далёка не поўны пералік праектаў, якія з’явіліся ў беларускай медыяпрасторы.

    Узніклі Tik­Tok-каналы з мільённымі аўдыторыямі. Шырокі распаўсюд атрымалі тэлеграм-каналы, якія паскорылі аператыўнасць распаўсюду інфармацыі.

    Журналісцкія расследаванні на аснове адкрытых звестак, міжнародных дадзеных і баз кіберпартызанаў выйшлі на міжнародны ўзровень, што немагчыма было ўявіць да 2020 года.

    Беларускія журналісты сталі больш уключанымі ў міжнародны парадак дня, супрацоўнічаюць з польскімі, літоўскімі, украінскімі і заходнімі медыямі, што спрыяе вядомасці беларускага пытання ў свеце. Салідарнасць з беларускімі журналістамі гучыць ад Аўстраліі да Канады.

    Пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі без незалежных медыяў і журналістаў, БАЖ расказвае ў спецпраекце «Без нас вы б не ведалі…».

    Прыклад беларускага незалежнага медыясектара ўнікальны для Еўропы

    Аднак унутры краіны ўмовы найгоршыя за ўсю гісторыю беларускай незалежнай журналістыкі. На аўдыторыю заблакаваных і выгнаных медыяў прэтэндуе расійская прапаганда. А танальнасць беларускай дзяржпрапаганды стала больш агрэсіўнай. У дадатак да ўсяго ўлада адкрыта навязвае праекты, якія мімікруюць пад незалежныя выданні, але па сутнасці прасоўваюць дзяржаўны парадак дня. Такая палітыка найбольш уплывае на маладое пакаленне, якое не бачыла на свае вочы 2020 год.

    «Гэта праўда, умовы працы незалежных СМІ ў параўнанні з 2020 годам радыкальна змяніліся, — кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. — Колькасць крыніц інфармацыі істотна скарацілася. На жаль, беларускія незалежныя журналісты і журналісткі пазбаўленыя права працаваць на месцы падзей. Але нават у такіх надзвычайных умовах незалежныя медыі захоўваюць эфект прысутнасці за кошт адкрытых крыніц, журналісцкіх расследаванняў, каментароў ад чыноўнікаў. Без сумнення, прыклад беларускага незалежнага медыясектара ўнікальны для Еўропы.

    Мінулыя пяць гадоў паказалі: медыі можна знішчаць эканамічна і юрыдычна, можна выганяць з краіны, можна аб’яўляць іх «экстрэмісцкімі». Вось толькі не нарадзіўся яшчэ той, хто здольны прымусіць незалежную прэсу маўчаць».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці