Які лёс чакае беларускую старонку латвійскага сайта LSM+?
Праўленне латвійскага грамадскага навінавага партала LSM выпрацавала стратэгічныя прыярытэты на 2026–2029 гады. Паводле дакумента, кантэнт на замежных мовах — англійскай, рускай, украінскай – будзе стварацца і распаўсюджвацца толькі ў лічбавым асяродку. Беларускамоўная версія сайта, выглядае, дажыве толькі да канца гэтага года, бо ў новай стратэгіі беларуская мова нават не згадваецца.

Беларускамоўная версія сайта LSM+ яшчэ выходзіць. Ці надоўга?
Latvijas Radio 4 у цяперашнім фармаце праіснуе да канца 2025 года, плануецца адмовіцца ад платформы LSM+ і перастаць дзяліць рэдакцыі паводле моўнага прынцыпу.
Рада грамадскіх электронных СМІ (SEPLP) 31 ліпеня зацвердзіла стратэгічныя прыярытэты на 2026–2029 гады, якія прапанавала праўленне Латвійскага грамадскага медыя (LSM). Новая стратэгія LSM пачне дзейнічаць са студзеня 2026 года.
Ці азначае гэта, што беларускамоўная секцыя LSM+ фактычна ліквідуецца з наступнага года?
Пра што гаворка?
Літаральна месяц таму адказны рэдактар групы парталаў LSM+ Аляксандр Красніцкі рассказваў БАЖ пра тое, як і чаму з’явілася беларускамоўная версія сайта.
Група парталаў грамадскіх СМІ Латвіі LSM+ стварыла беларускую версію сайта ў 2023 годзе.
— Унутры рэдакцыі «вялікага» LSM, якая працуе на дзяржаўнай — латышскай мове, выказалі цікавасць да розных моўных версій. Тэксты, якія бачыць чытач, выходзяць не толькі на беларускай, яны сінхронна публікуюцца на трох мовах. Мы даем магчымасць не толькі беларусам самім паразважаць пра свае праблемы ў сваім коле, але і паказваем іх праблемы латышскамоўным і рускамоўным чытачам, і ў канчатковым выніку выносім гэтыя праблемы на ўрадавы і на палітычны ўзровень. Напрыклад, у нашым Сейме працуе дэпутацкая група падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, — расказваў Аляксандр Красніцкі.
І нават дзяліўся планамі пашырэння беларускай секцыі:
— У гэтым годзе мы запросім у бюджэце стаўку беларускага рэдактара. Гэта будзе штатны супрацоўнік рэдакцыі, які будзе знаходзіцца ў эпіцэнтры працэсаў. Тады нам удасца (дай Бог) пашырыць кантэнт. Пакуль гэта пазаштатнікі, фрылансеры, але яны ўжо практычна родныя і даступныя ў любы час. І гатовыя пісаць пра любую значную для беларусаў падзею, як, да прыкладу, пра нядаўнюю забарону на набыццё нерухомасці для грамадзян Беларусі.
Што пайшло не так?
З прыняццем новых стратэгічных прыярытэтаў Рада грамадскіх электронных СМІ (SEPLP) разлічвае «на істотнае скарачэнне аб’ёму кантэнту на рускай мове і павелічэнне рэсурсаў, што будуць выдаткоўвацца на стварэнне новых матэрыялаў на латышскай мове. Такім чынам мяркуецца, што прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў будуць часцей звяртацца да кантэнту на дзяржаўнай мове».
Беларуская версія сайта год робіцца фрылансерамі — а гэта невялікія грошы, таму зэканоміць на развіццё латышскамоўнай прэсы наўрад ці ўдасца.
Чаму ж беларуская мова нават не згадваецца ў стратэгічных прыярытэтах на 2026–2029 гады? Афіцыйныя прычыны не названыя, кажуць у нефармальных размовах латвійскія калегі, якія пагадзіліся пагаварыць.
Дэпутатаў просяць абараніць беларускую рэдакцыю
Які ж лёс чакае беларускую секцыю LSM+? Цяжка нешта прагназаваць.
Прадстаўнікі Асацыяцыі беларусаў Латвіі «Суполка», Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», а таксама Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч звярнуліся з адмысловым лістом да дэпутатаў групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі пра неабходнасць захавання беларускай секцыі LSM.
Беларуская секцыя LSM, сфармаваная з беларускіх журналістаў, якія пакінулі краіну з палітычных матываў, стала ключавым інфармацыйным рэсурсам для беларускай дыяспары, прыхільнай да дэмакратычных каштоўнасцяў. Яна процістаіць крамлёўскай прапагандзе, у тым ліку разбурае стэрэатып, што «беларусы — гэта тыя ж рускія».
Беларуская рэдакцыя стала пляцоўкай для аб’яднання беларусаў Латвіі і спрыяе адаптацыі і інтэграцыі іх у латвійскае грамадства.
«Захаванне беларускай мовы і аўтараў рэдакцыі на ўзроўні грамадскага агульнанацыянальнага СМІ з’яўляецца магутным і натхняльным сігналам для беларускай нацыі, якая абудзілася, імкнецца да нацыянальнай ідэнтыфікацыі, асабліва напярэдадні пяцігоддзя жнівеньскіх пратэстаў», — пішуць аўтары звароту.
