• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якім стане беларускае медыяполе пасля канца рэжыму?

    Аўтары Канцэпцыі рэформаў медыясектара Беларусі распачынаюць шырокае абмеркаванне прапанаваных змен. Канцэпцыя распрацаваная экспертамі Беларускай асацыяцыі журналістаў на выпадак адкрыцця акна магчымасцяў для перамен.

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. 16 студзеня 2026 года. Žur­nal­istų namai, Вільня. Фота: БАЖ 

    Канцэпцыю рэформ медыясектара Беларусі ў літоўскім Доме журналістаў 16 студзеня прэзентаваў намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік юрыдычнага цэнтра БАЖ Алег Агееў.

    Рэфармаванне сістэмы медыярэгулявання прадугледжвае ў тым ліку скасаванне Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. А таксама распрацоўку і ўкараненне механізмаў самарэгулявання для ўдзельнікаў медыярынку, замену абавязковай дазвольнай працэдуры рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі на добраахвотную апавяшчальную сістэму.

    «Прававое рэгуляванне, якое Лукашэнка арганізаваў і зараз ажыццяўляе ў Беларусі, не тое, што не адпавядае стандартам — яно па шмат якіх паказчыках з’яўляецца увогуле злачынным, — зазначыў Алег Агееў. 

    — Гэта рэгуляванне парушае правы чалавека, у тым ліку права на свабоду выказвання і права на распаўсюд інфармацыі. Абмяжоўвае правы журналістаў і, адпаведна, абмяжоўвае права ўсіх грамадзян краіны на атрыманне інфармацыі. Таму БАЖ усю гісторыю сваёй дзейнасці распрацоўваў прапановы, удзельнічаў у дыскусіях на гэтую тэму з Міністэрствам інфармацыі, Вярхоўным судом, Генпракуратурай ды іншымі ведамствамі.

    Тэндэнцыю назірання за тым, як ажыццяўляецца прававое рэгуляванне, мы захавалі і ў выгнанні. Улічваем і досвед тых краін, у якіх знаходзімся, у тым ліку Літоўскай Рэспублікі».

    Алег Агееў кажа, што падчас распрацоўкі Канцэпцыі дакумент абмяркоўваўся экспертамі, беларускімі і літоўскімі палітыкамі. Сапраўды была зваротная сувязь, але «хацелася б атрымаць яе і ад шырокай журналісцкай супольнасці».

    Намеснік старшыні БАЖ зазначае: «Канешне, рэжым Лукашэнкі ў пэўны час прыйдзе да скону. А людзі і журналісты застануцца. Па сутнасці, гэта канцэпцыя будзе прапаноўвацца Асацыяцыяй падчас будаўніцтва таго, што мы зараз называем Новай Беларуссю. Для таго, каб — калі будзе акно магчымасцяў — мы змаглі гэту канцэпцыю прымяняць.

    Мы пакінулі за дужкамі палітычныя ўмовы. Тут маё асабістае меркаванне: любы рэжым, які будзе пасля Лукашэнкі, спадзяюся, будзе варты таго, каб мы яго хаця б азнаёмілі з гэтай канцэпцыяй. Гэтым уладам мы ўжо дакладна нічога паказваць не будзем, рэжым прадэманстраваў абсалютную недамоваздольнасць. Яны зрабілі ўсё, каб мы прыпынілі з імі дыялог».

    Не фінальная кропка, а поле для абмеркавання і ўдасканалення

    Першая дыскусія адбылася адразу ж падчас прэзентацыі. Што праўда, на сустрэчы дзейнічалі правілы Чатэм Хаўс.

    Медыясектар Беларусі: канцэпцыя рэформы

    Chatham House Rule — прынцып, які дазваляе ўдзельнікам свабодна абмяркоўваць тэмы, але забараняе раскрываць асобу і прыналежнасць спікераў без іх згоды.

    «Прэзентацыя нашага дакумента — гэта не фінальная кропка.

    Гэта, хутчэй, поле для шырокага абмеркавання і ўдасканалення. Мы запрашаем прадстаўнікоў медыясупольнасці да дыскусіі, дэтальнай прапрацоўкі ўсіх адчувальных пунктаў. Можна выказвацца і праз публікацыі на сайце БАЖ, ці ў артыкулах, ці праз інтэрв’ю нашай інфармацыйнай службе», — падкрэсліў Алег Агееў.

    Шмат пытанняў ва ўдзельнікаў дыскусіі выклікаюць перспектывы магчымай люстрацыі. Юрыст БАЖ Яўген Пыльчанка тлумачыць, што той прынцып люстрацыі, які зараз прапануюць структуры беларускай дэмакратычнай апазіцыі, ёсць заяўным: «Чалавек прызнае, што супрацоўнічаў з такімі ці такімі структурамі. Трэба проста задэклараваць усё, што ты рабіў, і працягваць жыццё. А вось тых, хто рабіў злачынствы, ужо трэба судзіць паводле крымінальных артыкулаў».

    Спадар Агееў дадае, што дзеля стварэння праекта люстрацыйных захадаў, быў вывучаны досвед Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, але «які ў выніку будзе закон аб люстрацыі, дакладна сказаць сёння мы не можам, канешне».

    Што будзе з раёнкамі ды іншымі прапагандысцкімі СМІ?

    Вывядзенне медыя з дзяржаўнага падпарадкавання непазбежна выкліча пытанне ўласнасці.

    «То-бок усе гэтыя раёнкі, абласныя газеты (гэта пад паўтары сотні) і да т. п., якія сёння называюцца СМІ, з’яўляюцца рэжымнымі сродкамі прапаганды. Вось з гэтым што рабіць?» — задаецца пытаннем Алег Агееў.

    На думку аднаго з удзельнікаў абмеркавання, былога палітзняволенага журналіста, «гэтыя выданні не маюць права на існаванне, іх нельга дапусціць да перарэгістрацыі, прыватызацыі і да таго падобнага».

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. 16 студзеня 2026 года. Žur­nal­istų namai, Вільня. Фота: БАЖ

    «Не можа быць нейкай іншай люстрацыі для такіх СМІ — толькі ліквідацыя. І слова трансфармацыя ў гэтым кантэксце я ніяк не ўспрымаю, нават у кантэксце нацыянальных СМІ. Бо яны ўсе датычныя да таго, што адбываецца зараз у Беларусі. Яны датычныя да смерцяў, фізічнага гвалту і рэпрэсій, — падкрэсліў выступоўца. — Я не веру ў тое, што пасля нейкага перыяду іх «трансфармацыі» ці адаптацыі да новых умоў, яны зменяць сваю сутнасць — гэта будзе проста мімікрыя. 

    Зменіцца форма ўласнасці, склад заснавальнікаў. Выданне фармальна стане грамадскім органам, прыватным, але там будуць сядзець і працаваць тыя людзі, якія датычныя да ўсяго таго, што адбывалася і адбываецца сёння ў Беларусі.

    Такая сітуацыя была на мяжы 80–90‑х гадоў, я помню ўсіх тых людзей, якія засталіся ў нібыта новых выданнях незалежнай Беларусі. Дакладна гэта будзе адбывацца ў тых жа раёнках, у кожнай. І дзякуючы іх медыйнай падтрымцы, пазней да ўлады зноў могуць прыйсці рэваншысты».

    Паводле журналіста, калі канцэпцыя будзе прынятая ў выглядзе, які «прадугледжвае «трансфармацыю дзяржаўных СМІ», то я пайду ў палітыку, каб з гэтым змагацца».

    Але калі ліквідаць такія выданні, то што рабіць з іх маёмасцю? Магчыма, на думку Алега Агеева, варта прадугледзіць варыянт ільготнага крэдытавання незалежных СМІ з бездакорнай рэпутацыяй для набыцця імі маёмасці, акцый прадпрыемства.

    «Я ўпэўнены, што гэта будзе абмяркоўвацца на заканадаўчым узроўні. Пытанне ў тым, якім будзе склад парламента, якая будзе там панаваць атмасфера. Ад гэтага будзе шмат што залежыць», — сказаў намеснік старшыні БАЖ. 

    Супрацьалігархічныя захады і меры бяспекі нацыянальнай медыясферы

    Абмежаванне долі замежнага капіталу ў медыя будзе, на думку аўтараў канцэпцыі, мерай бяспекі ў час прыватызацыі.

    «Мы вывучалі досвед Украіны, дзе было шмат памылак падчас прыватызацыі, калі ў медыя прыйшлі алігархі і пачалі ствараць медыяімперыі. Нельга дапусціць такога. Аднак пытанне не тычыцца грантаў», — адказаў на зварот з залы Алег Агееў.

    Адзін з выступоўцаў прапанаваў «зрабіць Беларусь беспалётнай зонай для расійскіх «Спутников» і падобных рэсурсаў».

    Государственные политики в области регулирования медиа в новой Беларуси

    Гэта вельмі няпростая тэма, калі сыходзіць са стандартаў свабоднага выказвання меркавання, заўважыў Алег Агееў.

    «Калі грамадства свабоднае, то што рабіць з тымі дзяржавамі, якія, злоўжываючы стандартамі свабоды выказвання меркаванняў, ствараюць, уплываюць і ўмешваюцца ў інфармацыйную бяспеку іншай дзяржавы?

    Расія прэтэндуе на ролю гегемона ў рэгіёне і ў свеце, яна ў тым ліку прэтэндуе на ідэалагічны ўплыў. Яна стварае такія «спутнікі» на мовах многіх краін, уплывае на рускамоўнае насельніцтва ў іншых дзяржавах. Вось за гэта і трэба біць па руках, — мяркуе спікер.

    — Дыскусія пра тое, як гэта рабіць, не парушаючы свабоду выказвання меркавання і свабоду распаўсюду інфармацыі, ідзе ў многіх краінах, у тым ліку ў Літве, Латвіі, Швецыі, Фінляндыі, ва Украіне.

    Гэтыя дзяржавы ўводзілі прававое рэгуляванне дзеля абмежавання замежнага ўплыву на сваю інфармацыйную бяспеку. Але абмежаванне права на свабоду выказвання меркаванняў умоўнага расійскага прапагандыста павінна быць прапарцыйным, калі мы хочам называцца прававой дзяржавай. Розныя краіны па-рознаму фармулявалі гэты баланс. Стандарты пакуль што не ўсталяваліся».

    Дасягненне 20% ад задуманага будзе «грандыёзным поспехам»

    Кіраўнік Літоўскага саюза журналістаў Аўдрыс Антанайціс зазначыў, што беларуская канцэпцыя і дыскусія «надзвычай цікавыя».

    «Мой досвед у журналістыцы — з 2000 года. А ўдзел у аднаўленні літоўскай незалежнасці — яшчэ з часоў «Саюдыса»! Я прайшоў усе этапы, у тым ліку таму мне гэта так і цікава».

    «Я рады, што вы будуеце схему сваёй будучыні. Гэта вельмі важна — мець план. На жаль, я амаль упэўнены, што ён будзе рэалізаваны толькі на 10%. І ўсё ж вельмі важна, што ён у вас ёсць.

    Калі мы стваралі незалежную Літву ў 1988–1990 гадах, то ведалі, якой павінна быць наша дзяржава, якімі павінны быць нашы СМІ. Але нічога з гэтага не стала менавіта такім, як мы думалі. Бо дэмакратыя — гэта непрадказальнае развіццё, яна не падпарадкоўваецца», — сказаў Аўдрыс Антанайціс. 

    Старшыня Літоўскага саюза журналістаў Аўдрыс Антанайціс. 16 студзеня 2026 года. Žur­nal­istų namai, Вільня. Фота: БАЖ

    Да таго ж, на думку старшыні ЛСЖ, у Беларусі ёсць яшчэ адна вельмі вялікая праблема:

    «У Літве ў 1990–1995 гадах былыя савецкія рэдакцыі плаўна перайшлі ў незалежныя літоўскія, бо ў нас не было кагорты злачынцаў сярод журналістаў і рэдактараў. Практычна ніхто з літоўскіх журналістаў, нават працуючы ў камуністычных выданнях у СССР, не запляміў сябе.

    А ў вас — унутраная грамадзянская вайна. Мы змагаліся з Савецкім Саюзам, а вам давядзецца разбірацца са сваімі нядобрымі людзьмі. І тут у нас досведу няма. Хацелася б, каб у Беларусі абышлося без залішняй помсты. Суды — толькі для злачынцаў».

    На думку Аўдрыса Антанайціса, Беларусі, напэўна, таксама давядзецца «перажыць перыяд дзікага капіталізму, калі ўсё будзе змяняцца ў грамадстве — не толькі ў СМІ, а ў грамадстве і дзяржаве ў цэлым».

    «Тое, што вы цяпер вырашаеце, мы таксама калісьці вырашалі на тэарэтычным узроўні. На практыцы многае выглядала інакш. Вось пытанне пра тое, як дзяржава будзе дапамагаць грамадскім СМІ, — вельмі вялікае і складанае. У Літве мы дагэтуль яго вырашаем, бо гэта грошы. А дзе грошы — там інтарэсы, — зазначыў старшыня ЛСЖ. — Вы таксама падыдзеце да нашых праблем, але праз час, праз мноства памылак, бо ў дэмакратыі такі план аніяк не можа быць увасоблены ў жыццё ў чыстым выглядзе. Гэта заўсёды вялікі кампраміс.

    Калі ў вас атрымаецца рэалізаваць 20% ці 30% ад задуманага — гэта будзе вялізны поспех. Да гэтага трэба рыхтавацца. Але я вельмі рады, што вы марыце і рыхтуецеся да магчымасці. Мы чакалі 50 гадоў.

    Літоўскаму саюзу журналістаў — сто гадоў: ён спыніў дзейнасць у 1940‑м, з 1949-га па 1989‑ы мы былі пад акупацыяй. Але праз паўстагоддзя адрадзіліся, жывём і працягваем дзейнічаць. Я перакананы, што вам не давядзецца чакаць так доўга.

    І мы заўсёды будзем вас падтрымліваць. Бо самі прайшлі праз падобнае і шмат што разумеем».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці