«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: «Еўрарадыё» ў «Одноклассниках», «Зеркало» ў Threads і іншыя інтэрнэт-рэсурсы
Увечары 30 верасня 2025 года Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. На падставе рашэнняў судоў у лік забароненых да распаўсюду унесеныя сярод іншых інтэрнэт-рэсурсы незалежных медыяў.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
У адпаведнасці з рашэннем суда Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ад 11 верасня 2025 года «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй прызнаная суполка «Еврорадио-Новости Беларуси» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/group/50830728102079).
Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Брэста ад 18 верасня 2025 года ў «экстрэмісцкі» спіс трапіў акаўнт анлайн-выдання «Зеркало» ў сацыяльнай сетцы Threads з назвай «zerkalo_io» (ідэнтыфікатар treads.com/@zerkalo_io).
Іншыя старонкі «Еўрарадыё» і «Зеркало» ў сацсетках, як і сайты гэтых медыярэсурсаў, былі прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» раней. Абодва медыярэсурсы прызнаныя і «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
19 верасня 2025 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі» шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку:
- Telegram-канал «Новости Брагина и Брагинского района» (ідэнтыфікатар t.me/braqin);
- старонку ў TikTok з назвай «belifemedia» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@belifemedia);
- старонку ў Facebook былога гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага з назвай «ZhukouskiKastus» (ідэнтыфікатар facebook.com/ZhukouskiKastus).
Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 26 верасня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны сайт электроннай бібліятэкі kamunikat.org (ідэнтыфікатар kamunikat.org) разам з са старонкамі ў сацсетках і месенджарах.
Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 26 верасня «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй прызнаныя кнігі беларускага філосафа Валянціна Акудовіча «Код адсутнасці» (выдавецтва «І. П. Логвінаў», 195 старонак) і «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (выдавецтва «І. П. Логвінаў», 398 старонак). А таксама кнігу амерыканскага гісторыка Цімаці Снайдэра «Пра свабоду» (выдавецтва «Наш формат», 151 старонка).
