«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: TikTok-акаўнт «Лёгкi Белсат», кніга Аляксандра Лукашука «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» і іншыя рэсурсы
29 траўня Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Кніга Аляксандра Лукашука. Фота Андрэй Шаўлюга, Радыё Свабода
Паводле рашэння суда Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ад 26 траўня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны TikTok-акаўнт пад назвай «Лёгкi Белсат» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@belsat_l?_t=ZM-8wPArlhzmpZ&_r=1).
Гэта чарговы інтэрнэт-рэсурс незалежнага тэлеканала «Белсат», які дадалі да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у спіс на сайце Мінінфарма — да тых, што ўжо былі там пералічаныя раней. Нагадаем, 3 лістапада 2021 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла тэлеканал «экстрэмісцкім фармаваннем».
23 траўня 2025 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» кнігу журналіста Аляксандра Лукашука «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода». Аляксандр Лукашук — былы дырэктар Беларускай службы «Радыё Свабода», ён кіраваў рэдакцыяй з 1998 да 2023 года. У кнізе апавядаецца пра журналісцкую працу і пра тое, як яна ўплывала на чытацкую і слухацкую аўдыторыю, а таксама на самога аўтара.
Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ўнеслі YouTube-канал з назвай «За Беларусь – В.Бородач» (ідэнтыфікатар youtube.com/@zabelarus1). Адпаведнае рашэнне прыняў 26 траўня 2025 года суд Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. І YouTube-канал «Август2020» (ідэнтыфіктар youtube.com/@Август2020.ПротестывБеларуси) — паводле рашэння суда Ленінскага раёна Брэста ад 26 траўня.
