«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: Instagram-акаўнт Яўгена Меркіса, два TikТоk-акаўнты з навінамі ад «Зеркала»
4 лютага Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

Яўген Меркіс на другі дзень пасля вызвалення. Фота: Андрэй Павук
У адпаведнасці з рашэннем суда Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ад 3 лютага 2026 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадкцыяй» прызнаны акаўнт caesarissimus у Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/caesarissimus?igsh=YjdtYWgxZ3lidWxt). Гэта асабістая старонка былога палітвязня, журналіста Яўгена Меркіса. Гомельскі журналіст і краязнаўца, былы палітзняволены быў асуджаны да 4 гадоў зняволення за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Яўген быў вызвалены 11 верасня 2025 года і прымусова вывезены ў Літву.
Суд Мінскага раёна Мінскай вобласці 3 лютага 2026 года пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» TikТоk-акаўнты «Беларусь | За минуту», які мае больш за 123 тысячы падпісчыкаў (ідэнтыфікатар @belarus_morenews), і «Не Минск | Новости», які мае амаль 50 тысяч падпісчыкаў (ідэнтыфікатар @nie_minsk). Абодва інтэрнэт-рэсурсы транслююць навіны медыяпраекта «Зеркало», створанага часткай былой каманды знішчанага ўладамі партала TUT.BY.
Паводле Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, на падставе рашэння суда ад 2 лютага 2026 года «экстрэмісцкім» прызнаны змест старонкі «РудабельскаяПаказуха» ў Instagram (instagram.com/luka_bek2020). Але ідэнтыфікатар, апублікаваны ў гэтым спісе, вядзе зусім на іншую старонку. Таму не зразумела, які менавіта інтэрнэт-рэсурс 2 лютага 2026 года пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці.
@bajmedia