У «экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма ўключылі інтэрнэт-рэсурсы Malanka Action
Увечары 16 студзеня Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

Паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 12 студзеня 2026 года «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя наступныя інтэрнэт-рэсурсы, якія папоўнілі гэты спіс:
YouTube-канал «Malanka Action: Истории людей, которые вдохновляют» (ідэнтыфікатар youtube.com/@MalankaAction). «Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып гэтага канала — «лацінская літара «А» шэрага колеру з выявай цёмна-блакітнага колеру на аранжавым фоне», як тлумачаць выяву на сайце ведамства.
Акаўнт у TikTok пад назвай malanka_action (ідэнтыфікатар tiktok.com/@malanka_action_ ) і яго лагатып «у выглядзе маланкі жоўтага колеру ў коле жоўтага колеру на чорным фоне»;
Акаўнт у Instagram пад назвай malanka_action (ідэнтыфікатар instagram.com/malanka_action). Таксама разам з лагатыпам «у выглядзе маланкі белага колеру ў коле белага колеру на блакітным фоне».
Да слова, два з трох згаданых лагатыпаў абсалютна не адпавядаюць паводле апісання сапраўдным, якія можна ўбачыць на цяпер ужо «экстрэмісцкіх» інфармацыйных рэсурсах.
Malanka Action — гэта новы медыяпраект, які ў 2024 годзе запусціла рэдакцыя «Маланка Медиа». Паводле стваральнікаў, мэта праекта — знаёміць чытачоў і гледачоў з беларускімі навінамі, з натхняльнымі гісторыямі беларусаў, распавядаць «пра беларускіх герояў і іх жыццёвыя выклікі: ад палітзняволеных да нобелеўскіх лаўрэатаў».
Іншыя інтэрнэт-рэсурсы «Маланкі» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» яшчэ раней. У лютым 2023 года рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі «Маланка Медиа» была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».
@bajmedia