• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма паўторна ўключылі некалькі інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў

    25 лютага на сайце Міністэрства інфармацыі чарговы раз папоўнілі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Папаўненне «экстрэмісцкага спісу» Мінінфарма

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Гэты спіс ведамства абнаўляе аўтаматычна, атрымаўшы звесткі з судоў, якія прызнаюць інтэрнэт-рэсурсы «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» паводле пазоваў ад рэгіянальных пракуратур. Таму ў пералік на сайце Мінінфарма нешта трапляе па два, а то і па тры разы.

    Так, 18 лютага 2026 года суд Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» змест Tik­Tok-акаўнта «Беларусь/Без фильтров» (ідэнтыфікатар @belarus_novosti).

    Гэты інтэрнэт-рэсурс з такім самым ідэнтыфікатарам быў прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і рашэннем суда Ельскага раёна Гомельскай вобласці ад 20 лютага 2026 года.

    Таксама суд Ельскага раёна Гомельскай вобласці ў сваім рашэнні ад 20 лютага 2026 года пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» змест акаўнта  «Беларусь | За минуту» у Tik­Tok (ідэнтыфікатар  https://www.tiktok.сom/@belarus_morenews).

    У той самы дзень гэты ж акаўнт у Tik­Tok прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. Абодва — і «Беларусь/Без фильтров», і «Беларусь | За минуту» — транслююць навіны анлайн-медыя «Зеркало», створанага часткай каманды знішчанага ўладамі ў 2021 годзе інфармацыйнага партала TUT.BY.

    У адпаведнасці з рашэннем суда Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад 20 лютага 2026 года «экстрэмісцкім» прызнаны кантэнт старонкі  NN MEDIA REPORT у сацсетцы Threads (ідэнтыфікатар threads.com/@nnmediareport) і змест YouTube-канала NN Media Report (ідэнтыфікатар https://youtube.com/@nnmediareport), які мае 416 тысяч падпісчыкаў. Двума днямі раней той самы суд ужо прызнаваў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку NN MEDIA REPORT у Insta­gram.

    20 лютага 2026 года суд Полацкага раёна і горада Полацка прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку з назвай «Беларусь Факты» у Tik­Tok (ідэнтыфікатар tiktok.com/@belarusfakty). Інтэрнэт-рэсурс рэтранслюе беларускія навіны ў відэафармаце і мае больш за 168 тысяч падпісчыкаў.

    А таксама старонку ў Tik­Tok з назвай Palat­no Media (ідэнтыфікатар tiktok.com/@palatno_media). Гэта інтэрнэт-рэсурс аднайменнага медыяпраекта пра беларускую супольнасць у рэгіёнах, яе праблемы і шляхі іх вырашэння. У 2023 годзе у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіла старонка гэтага праекта ў Face­book. 

    23 лютага суд Гомельскага раёна Гомельскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» змест Tik­Tok-акаўнта з назвай belarus_life_tv (ідэнтыфікатар tiktok.com/@belarus_life_tv). Гэта яшчэ адзін відэарэсурс з беларускімі навінамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.