«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: акаўнты REFORM.news у «ВКонтакте» і «Рэальная Беларусь» у TikTok
14 ліпеня Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Фота: Mateusz Dach / pexels.com
8 ліпеня 2025 года суд Добрушскага раёна Гомельской вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» акаўнт REFORM.news у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатары vk.com/public181495095 і https://vk.com/reform_by).
Шэраг старонак гэтага выдання ў іншых сацсетках і месенджарах (Telegram, Instagram, Х, TikTok, Facebook, YouTube) былі абвешчаныя беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі» яшчэ раней. 26 жніўня 2024 года паводле рашэння суда Ленінскага раёна Брэста быў прызнаны «экстрэмісцкім» сайт REFORM.NEWS (ідэнтыфікатар reformby.org).
9 ліпеня 2025 года суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкім» змест акаўнта Realnaja Bielarus у сацсетцы TikTok (ідэнтыфікатар tiktok.com/@realna_belarus). Старонка, у апісанні якой гаворыцца, што яна транслюе «рэальныя навіны з Беларусі і не толькі», мае амаль 11 тысяч падпісчыкаў.
