«Экстрэмісцкі» спіс: старонка «Хрысціянскай Візіі» ў Threads і Instagram-акаўнт Уладзіміра Мацкевіча
24 ліпеня Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 21 ліпеня 2025 года ў гэты пералік забароненых для распаўсюду рэсурсаў трапіла старонка «Хрысцiянская Вiзiя – Christian Vision for Belarus» ў Threads (ідэнтыфікатар threads.net/@christian_vision_by).
Гэта інтэрнэт-рэсурс ініцыятывы, якая аб’ядноўвае святароў і вернікаў розных канфесій, створаная ў верасні 2020 года. Ініцыятыва займаецца фіксацыяй і асвятленем рэпрэсій у Беларусі па рэлігійных і палітычных матывах. Сёлета ў красавіку рашэннем КДБ Беларусі праект «Хрысціянская Візія» абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
22 ліпеня 2024 года суд Савецкага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» акаўнт «philosopher_in_prison» у Instagram ( ідэнтыфікатар instagram.com/philosopher_in_prison). Гэта старонка прысвечаная палітзняволенаму філосафу Уладзіміру Мацкевічу, яна мае 384 падпісчыкі.
